Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі адмаўляюцца называць праспэкты і вуліцы новымі назвамі


Галіна Абакунчык, Менск Гарадзкія службы Менску па-ранейшаму карыстаюцца скасаванымі назвамі некаторых цэнтральных праспэктаў і вуліцаў сталіцы. Юрыдычнай дакумэнтацыі яны не зьмянілі з прычыны адсутнасьці адпаведнага распараджэньня Менгарвыканкаму. Акрамя таго, менчукі проста не жадаюць называць праспэкты і вуліцы новымі назвамі.

У даведачнай службе “Інфалінія-085” патрабаваныя тэлефоны паведамляюць у адпаведнасьці з ранейшым паштовым адрасам іх уладальніка. Гэтага просяць самі заяўнікі, паведаміла Радыё Свабода апэратар Алена.

(Алена: ) “Кажуць: на праспэкце Скарыны альбо на Машэрава — так і кажуць. А каб нехта казаў, што на праспэкце Незалежнасьці ці Пераможцаў — так яшчэ ніхто не казаў. Гэтага нават не ўдакладняюць, усё называюць па-ранейшаму. І ў базе зьвестак у нас усё па-ранейшаму, нічога пакуль не мянялася”.

У службе выклікаў таксовак “061” таксама кажуць, што менчукі замаўляюць машыны паводле сваіх ранейшых адрасоў. Ніякіх непаразуменьняў і складанасьцяў у гэтай справе з заяўнікамі пакуль не ўзьнікала. І вось як гэта патлумачыла інжынэр службы Натальля Байдак:

(Байдак: ) “Напэўна, супраць перайменаваньня, калі ня хочуць гэта прымаць. На новыя адрасы таксоўку яшчэ не замаўляў ніхто. А мы не перапытваем”.

На прадпрыемстве Белпошта паведамілі, што нават менскі Галоўпаштамт па-ранейшаму юрыдычна застаецца на адрасе праспэкт Скарыны, 10. Не сьпяшаюць перабудоўвацца і карыстальнікі паштовых паслугаў, што стварае праблемы для паштароў, кажа кіраўніца цэху пісьмовай карэспандэнцыі Браніслава Кур’яновіч.

(Кур’яновіч: ) “Цяжка вызначыць, як чалавек напісаў — на новы адрас ці на стары. Іншы раз даводзіцца тэлефанаваць у аддзяленьне, каб удакладніць. Цяжка, канечне, але што рабіць?”

Падставай для юрыдычнай зьмены адрасоў ёсьць распараджэньне Менгарвыканкаму, якога ў гарадзкіх службах яшчэ не атрымалі. І гэта толькі ўскладняе працу, асабліва такіх запатрабаваных службаў, як хуткай дапамогі “03”. Вось што паведаміў дзяжурны лекар, які пажадаў застацца невядомым:

(Лекар: ) “Ёсьць у нас вуліцы за горадам, якія таксама пераймяноўваліся. Але нам гарвыканкам своечасова даслаў адпаведную паперу, і мы зрабілі папраўкі ў нашай базе зьвестак. Пакуль мы нічога не мянялі. Асабіста я не прымаю такіх перайменаваньняў. Бо ўсё гэта мусіла прайсьці праз гарвыканкам, а ня праз рашэньне адной асобы”.

Супраць перайменаваньня праспэктаў і вуліцаў сталіцы выступаюць таксама шараговыя менчукі. Разам з прадстаўнікамі палітычных партыяў сёньня яны праводзяць у Менску чарговую акцыю пратэсту “Ланцуг неабыякавых людзей”.

Нагадаем, на распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі ад 7 траўня, праспэкт Скарыны ў Менску перайменаваны ў праспэкт Незалежнасьці, праспэкт Машэрава ў праспэкт Пераможцаў. Вуліцы Ерусалімская, Дразда і Варвашэні пераназваныя ў праспэкт Машэрава, а Старабарысаўскі тракт — у вуліцу Францішка Скарыны.

Гл. таксама • Каля ст.мэтро "Усход" прайшла акцыя супраць перайменаваньняў (фота) • Некалькі дзясяткаў чалавек паспрабавалі выйсьці на праспэкт з партрэтамі Скарыны • Шчукін: "Яны парвалі мне чатыры партрэты Машэрава" • Аўтамабілісты выставяць Скарыну і Машэрава на лабавое шкло? • Акцыю пратэсту супраць перайменаваньня вуліцаў на праспэцке Скарыны разагналі амонаўцы (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG