Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дырэктар купалаўскага тэатру Генадзь Давыдзька падтрымлівае ідэю дэпутата Касьцяна стэрылізаваць "асацыяльныя элемэнты"


Галіна Абакунчык, Менск Агляд сёньняшняй беларускай прэсы

Тыднёвік “Кур”ер з Барысава” сёньня друкуе артыкул пад назваю “Валацугаў і п''яніцаў неабходна стэрылізаваць”. Гэта - цытата з інтэрвію газэце былога дырэктара купалаўскага тэатру, а зараз дэпутата палаты прадстаўнікоў Генадзя Давыдзькі. Паводле спадара Давыдзькі, ён цалкам падтрымлівае прапанову дэпутата Сяргея Касьцяна аб прымусовай стэрылізацыі людзей і нават шкадуе, што не выступіў з такой ініцыятывай першым. Спадар Давыдзька таксама вельмі высока ацаніў разумовыя здольнасьці ўсіх сваіх калегаў. “Нават у выпадку, калі палітык здаецца глупым і дае непрадуманыя інтэрвію, значыць менавіта такі імідж выгадны яму на сёньняшні дзень” – заяўляе Генадзь Давыдзька.

Яшчэ ў адным артыкуле “Кур''ер з Барысава” паведамляе пра клопаты, якімі жывуць выбарцы. Так, у пасёлку Востраў, што каля Барысаву, сапсавалася воданапорная вежа. Цягам трох гадоў жыхары маюць праблему адсутнасьці вады ў дамах. Мясцовыя ўлады спасылаюцца на адсутнасьць сродкаў на рэканструкцыю вежы, а тых грошай, што сабралі самі месьцічы, недастаткова. Перад мінулымі парлямэнцкімі выбарамі людзі пагражалі не пайсьці на галасаваньне, і улады паабяцалі дапамагчы. Зараз востраўцы намерваюцца скардзіцца ў адміністрацыю кіраўніка краіны.

Газэта “Камсамольская праўда ў Беларусі” паведамляе пра надзвычайнае здарэньне ў Гомелі. Там падчас пракладкі трубаў рабочага заваліла зямлёй. Чалавека адкопвалі каля 40 хвілінаў, але ён застаўся жывым і нават даваў парады, як яго лепш выцягваць зь зямлі.

Яшчэ адзін тыднёвік, “Бабруйскі кур''ер”, сёньня прыводзіць падборку надзвычайных здарэньняў, якія здарыліся ў горадзе цягам мінулага тыдня. Так, адзін з супрацоўнікаў мясцовага гарбарнага заводу забыўся ў банкамаце сваю картку, якою здолеў скарыстацца невядомы, зьняўшы з рахунку 2 мільёны рублёў. Мясцовыя пінкертоны выявілі ў Бабруйску 112 кропак, дзе нелегальна вырабляліся й прадаваліся сьпіртусовыя напоі. А дзьве выпускніцы бабруйскай школы адзначылі сьвята тым, што зьбілі непаўнагадовую дзяўчынку, а затым і дарослага юнака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG