Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца ІV Міжнародны кангрэс беларусістаў


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску адкрываецца чацьверты Міжнародны кангрэс беларусістаў - вышэйшы орган Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Такія форумы беларусістаў ладзяцца раз на чатыры гады, і вырашаюцца на іх навуковыя, арганізацыйныя і статутныя праблемы. Міжнародная асацыяцыя беларусістаў была ўтвораная ў траўні 1991 году. Яна аб''ядноўвае 600 сяброў, у тым ліку больш за 200 - з 23-х замежных краінаў.

Першы кангрэс адбыўся тады ж, у траўні 1991-га, другі - ў траўні 1995-га, трэці праводзіўся ў два этапы: у траўні і сьнежні 2000-га.

Старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў зьяўляецца доктар філялягічных навук прафэсар Адам Мальдзіс. Грамадзкая арганізацыя падтрымлівае кантакты і сувязі зь беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, кнігамі, мае базу дадзеных па беларусістыцы і пра беларусістаў сьвету. Асацыяцыя бярэ ўдзел у арганізацыі і правядзеньні «круглых сталоў» па асобных праблемах беларусістыкі, ажыцьцяўляе выданьне інфармацыйна-аналітычнага і культуралягічнага бюлетэню «Кантакты і дыялёгі», зборніка «Беларусіка - Albaruthenica».

Чацьверты Кангрэс праводзіцца крыху пазьней за заплянаваны тэрмін, меркавалася, што беларусісты павінны былі сустрэцца мінулай восеньню. Але, магчыма, з-за кастрычніцкага рэфэрэндуму, магчыма, з іншай прычыны тэрмін быў перанесены. Пра тое, хто з замежных навукоўцаў возьме ўдзел у сёлетняй імпрэзе, распавядае адзін зь яго арганізатараў, мовазнаўца Сяргей Запрудзкі.

(Запрудзкі: ) "Прыяжджае Карл Гучніц з Гамбургу, Курт Вулгайзэр, Герман Бідэр з Зальцбургу, Адрыс Золтан з Вугоршчыны, Зіна Гімбілевіч з Канады, Францішка Сокалава з Прагі, Чэслаў Сэнюх, Міхал Саевіч, Рычард Радзік з Польшчы, з Украіны Грыгорый Півтарак, Юры Лабынцаў з Масквы, Марцін Паульсан з Нарвэгіі".

Сёньня а 10-й раніцы адбудзецца пленарнае паседжаньне, а потым праца па сэкцыях: культуралёгіі, гісторыі, літаратуразнаўства, мовазнаўства. Заплянаваныя круглыя сталы па праблемах беларускай дыяспары, беларуска- польскага, беларуска-нямецкага, беларуска-літоўскага культурнага ўзаемадзеяньня.

Пра неабходнасьць такіх сустрэчаў гаворыць прафэсар-славіст Джым Дынглі зь Вялікай Брытаніі.

(Дынглі: ) "Я лічу, што такія Кангрэсы вельмі патрэбныя, гэта дае магчымасьць беларусістам у сьвеце рэгулярна сустракацца. Можна, канечне, абмяняцца "e-mail", пісаць лісты. Але гэта ня тое самае. Сустрэча на 100% лепш".

(Карэспандэнтка: ) "На Ваш погляд, як беларусам вырашаць моўную праблему?"

(Дынглі: ) "Моўную праблему ў Беларусі павінен вырашыць беларускі народ. Менавіта народ павінен хацець той ці іншай мовай карыстацца. Мы, напрыклад, у Вялікай Брытаніі прайшлі пэрыяд, калі былі ў вялікім занядбаньні валійская мова, кельцкія мовы ў Шатляндыі. Але зараз ідзе, можна сказаць, бум на гэтыя мовы. Мабыць, тое самае адбудзецца ў Беларусі. Усё залежыць, на маю думку, ад ахвоты народу".

У сераду пройдзе справаздачна-перавыбарчае пасяджаньне дэлегатаў Кангрэсу, дзе будзе абраны старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў на бліжэйшыя 4 гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG