Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да антыпольскай кампаніі далучыўся орган міністэрства абароны


Сяргей Астраўцоў, Горадня У апошнім нумары афіцыйнага органу міністэрства абароны надрукаваны артыкул пра СПБ пад назвай “Гульня краплёнымі картамі”. У Саюзе палякаў Беларусі (СПБ) адзначаюць, што супраць іх працягваецца прэсінг з боку афіцыйных мас-мэдыяў, а палякаў нават сталі называць “пятай калёнай”. Тым жа часам міністэрства юстыцыі пакуль ня робіць захадаў, каб праз суд зьліквідаваць арганізацыю.

Прэс-сакратар Саюзу палякаў Анджэй Пісальнік зазначае, што амаль штодня зьяўляюцца новыя публікацыі супраць Саюзу палякаў. Нават газэта міністэрства абароны надрукавала артыкул “Гульня краплёнымі картамі”, паводле якога Польшча разам зь некаторымі беларускімі палякамі быццам бы хоча разваліць Беларусь, як некалі адбылося з Варшаўскім дагаворам і Савецкім Саюзам.

(Пісальнік: ) “Але найгоршае ў публікацыі у “Во славу родины” — верш напрыканцы, які ў кантэксьце гэтай публікацыі я ацэньваю, як распальваньне міжэтнічнай варожасьці, як заклік да польскіх пагромаў. Бо там выкарыстаны такія, напрыклад, вобразы, як — “возьми, брат, дубину и ударь по этому экрану дебильному” — нешта такое і гэтай дубінай “этих врагов погони и эту пятую калонну”. Ну, а ў кантэксьце гэтага артыкула “пятая калёна”, зразумела, што гэта — палякі”.

Анджэй Пісальнік гаворыць, што яны не зьвяртаюцца па фактах такіх публікацыяў у пракуратуру, бо ня маюць для гэтага юрыстаў. Адзінае, што яны выказваюць сваё меркаваньне сродкам масавай інфармацыі, якія цікавяцца становішчам Саюзу палякаў.

Беларускае тэлебачаньне ў нядзельнай вечаровай праграме “У цэнтры ўвагі” паказала сюжэт аб тым, што кіраўніка Берасьцейскага аддзелу СПБ Аліну Ярашэвіч нібыта ніхто не перасьледуе. Хаця нядаўна кіраўніцтва Саюзу, каб абараніць спадарыню Ярашэвіч, зьвярнулася да кіраўнікоў КГБ і міністэрства ўнутраных справаў.

Сёньня ў СПБ не існуе двоеўладзьдзя, як мяркуюць некаторыя, зазначае Анджэй Пісальнік. Мін''юст паведаміў, што лічыць легітымным старое кіраўніцтва Саюзу, аднак у Саюзе палякаў кіруюць новыя органы, абраныя дэлегатамі апошняга зьезду. Былы старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі папярэдзіў, што прыйдзе кіраваць, але не зрабіў гэтага. І ў Саюзе палякаў не чакаюць пакуль ягонага прыходу, бо ён заняты судовай справай супраць студэнткі, якая абвінаваціла яго ў сэксуальным дамагальніцтве.

Нагадаем, Мін''юст РБ у мінулым месяцы прызнаў неправамоцнымі вынікі апошняга, 6-га, зьезду СПБ, які адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка 2005 г. Паводле рашэньня міністэрства, легітымным застаецца старое кіраўніцтва Саюзу на чале з Тадэвушам Кручкоўскім, і яно павінна паўторна правесьці зьезд. Галоўная Рада СПБ не прызнала гэтага рашэньня міністэрства юстыцыі. Саюз палякаў і яго новае кіраўніцтва падтрымала польская дзяржава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG