Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускам пагражаюць новымі ЛТП


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі адменена забарона на прымусовае лячэньне жанчынаў ад алькагалізму. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, на Магілёўшчыне ўжо адкрыты першы жаночы ЛТП – так званы лекава – працоўны прафілякторый.

Забарона на прымусовае лячэньне жанчынаў ад алькагалізму трымалася ў заканадаўстве Беларусі ад першага году набыцьця незалежнасьці. Краіна мела намеры перамагчы п''янства бяз жорсткага гвалту над асобай. Шэсьць з васьмі раней існуючых ЛТП зачынілі. Паводле мэдыкаў, у 1992 годзе ў шпіталі па дапамогу зьвярнуліся каля 5 тысяч запойных пацыентак. Зараз, па словах галоўнага нарколяга краіны Уладзімера Максімчука, колькасьць пітушчых жанчынаў вырасла ў 7 разоў.

(Максімчук: ) “У 2005 годзе на ўсіх відах наркалягічнага ўліку знаходзіцца 34 тысячы жанчынаў. У параўнаньні зь мінулым годам адбылося павелічэньне на 14 працэнтаў”.

Уладзімер Максімчук кажа, што беларусы спажываюць за год 250 мільёнаў літраў моцных спіртовых напояў – па 50 паўлітровак на аднаго чаалавека.

(Максімчук: ) “Найбольш хутка прагрэсуе п''янства сярод моладзі і жанчынаў”.

Пра тое, што жаночы алькагалізм губляе скрытнасьць, гавораць і ўдзельнікі апытаньня Радыё Свабода на вуліцах Менска.

(Спадарыня: ) “У апошні час колькасць пітушчых жанчынаў вельмі павялічылася. Часта бываю на пэрыфэрыі, і асабліва там гэта заўважна днём, у рабочы час”.

(Спадарыня: ) “Гэта больш складаная праблема, чым мужчынскае п''янства”.

(Спадар: ) “Чаму жанчына сьпіваецца? Яна глянула ў адзін бок – пуста. У другі – пуста. Яшчэ і п''яніца муж патрапіцца! Куды ёй беднай дзявацца? Дзяржава не зьвяртае ўвагі і не дапамагае. Лукашэнка пахваляецца: “Будзе лепш і лепш!”, а насамрэч з кожным годам усё горш”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на сталічных вуліцах. Як можна заўважыць, у грамадзтве ўсё яшчэ моцныя настроі супраць дэградацыі прадстаўніцаў прыгожай палавіны. Спэцыялісты лічаць такі соцыюм выдатным інструмэнтам у выратаваньні людзей ад згубных звычак. Але, як кажа лідэр незалежнага дэмакратычнага жаночага руху ў Беларусі Людміла Пеціна, “цяперашняя ўлада разбурае ўсялякі сацыяльны кантроль”.

(Пеціна: ) “Дзяржава імкнецца ўзяць на сябе ўсе функцыі, але яна зь імі не спраўляецца. А тыя грамадзкія арганізацыі, якія б маглі выконваць працу, пастаўленыя ў жорсткія ўмовы самавыжываньня. Зараз вельмі мала грамадзкіх інстытуцыяў, якія б займаліся надзённымі праблемамі грамадзтва”.

Паводле словаў Людмілы Пецінай, па-за кантролем грамадзтва застаецца вытворчасьць алькагольных напояў, прыбыткі ад рэалізацыі якіх дасягнулі астранамічнай велічыні ў 1 мільярд 100 мільёнаў даляраў за год. “Адмовіцца ад “п''яных гошай” не дазваляе крызісны стан эканомікі дзяржавы. А каб стварыць бачнасьць маральнага дабрабыту, улада будзе ізаляваць павялічаную колькасьць бамжоў і алькаголікаў” – гэтак прагназуе разьвіцьцё сытуацыі Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) “Трэба будзе адчыняць новыя калёніі і ЛТП”.

Зараз, апрача як у Навагрудку і Сьветлагорску, яшчэ адзін мужчынскі ЛТП пачаў працаваць у вёсцы Шышчыцы Слуцкага раёну, а першы жаночы – ля гораду Горкі на Магілёўшчыне. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў ЛТП “павінны быць створаныя такія ўмовы, каб чалавеку не захацелася сюды патрапіць ізноў”. Як паведаміў начальнік жаночага прафілякторыю Анатоль Котаў, жаданьне кіраўніка дзяржавы выканана.

(Котаў: ) “ЛТП знаходзіцца ў сельскай мясцовасьці. Тут была перапрафіляваная калёнія ў лекава-працоўны прафілякторый для асобаў жаночага полу”.

Зьмяніўшы шыльду, установа за кратамі, калючым дротам і ваенізаванай аховай працягвае быць закрытай для чужога вока. У жаночым ЛТП, як кажа палкоўнік міліцыі Котаў, акрамя гутарак з псыхіятрам, выкарыстаньня гіпнозу і мэдпрэпартаў, асноўным сродкам перавыхаваньня ёсьць працатэрапія. Па словах міліцыянта, асноўны спэцкантынгент накіроўваецца на сельгаспрацу ў чатыры бязьлюдныя калгасы, а некаторыя жанчыны шыюць спэцвопратку для зэкаў.

(Котаў: ) “Рабочае адзеньне, рукавіцы, ватоўкі – тое, што патрэбна ў ЛТП, а таксама рэалізуем, у прыватнасьці у 9-ю калёнію. Вядома, мы ня можам так моцна разгарнуць вытворчасьць, каб была самаакупнасьць і, як гаворыцца, зоркі зь неба пасыпаліся. Такога няма”.

Начальнік жаночага ЛТП Анатоль Котаў сказаў пра недасягальную самаакупнасьць прымусовай працы. Паводле яго, у зімовы сэзон адноснага беспрацоўя тут пайшлі на тое, каб датэрмінова вызваліць на волю больш як 100 жанчынаў. Адна зь іх – 48-гадовая Алена вярнулася, як у народе кажуць, да пустога карыта: муж і дзеці не пусьцілі нават на парог.

(Алена: ) “Я прыйшла зь нічога і ў нішто. Мяне ня ўзялі да сябе жыць. Не засталося нічога: ні адзеньня, ні даху над галавой, ні капейкі грошай за душой. Я прыйшла як нікуды”.

Нядаўняя пацыентка ЛТП цьвердзіць: верыць у тое, што людзі там лечацца, гэтак жа наіўна, як спадзявацца, што турма выпраўляе...

(Алена: ) “У 47 гадоў пакінуць пяцёра дзяцей дома, гаспадарку – гэта страх. Там няма сябровак. Старайся быць сама з сабою, бо могуць такое ўтварыць, што загадзя не прыдумаеш. Я сёньня ня веру нікому. Шчыра кажу: чалавека можна вылечыць ад алькаголю, калі ў яго ёсьць свая сіла волі. Гэта такая справа…Трэба, каб дапамог Бог і была сіла волі. А інакш ніхто ня вылечыць і ніхто не дапаможа”.

Над пытаньнем, ці можна вырашыць праблему жаночага п''янства пад прымусам у ЛТП разважаюць удзельнікі традыцыйнага апытаньня Радыё Свабода.

(Юнак: ) “Там, прабачце, ня лекуюць. Проста ўтрымліваюць ізалявана ад грамадзтва.А алькагалізм – найперш хвароба і ўтрыманьне ў ЛТП фактычна ёсьць адкладваньне самой праблемы на нейкі час, але не вырашэньне яе”.

(Спадар: ) “ЛТП адчынялі і пры Савецкім Саюзе. І там лячылі – лячылі, пакуль чалавек з жыцьця ня пойдзе.У такім разе ён вылечаны. Зараз паўтараць гэта – значыць рабіць пустое”.

(Спадар: ) “У нашай краіне падыход вельмі няправільны да ўсіх такіх грамадзкіх праблемаў. Усё вырашаецца камандным чынам. Ніхто не зацікаўлены вырашыць праблему, а імкнуцца зрабіць зручную справаздачу. Падыход чыста фармальны. На мой погляд, трэба выпраўляць усё жыцьцё, што вакол нас, усю сытуацыю ў краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG