Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пахі вырашаюць фінансавыя праблемы


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Швайцарскія навукоўцы вынайшлі пах, дзякуючы якому можна лягчэй атрымаць пазыку ў банку ці здабыць сэрца каханай асобы.

Майкл Косфэльд з Цюрыхскага ўнівэрсытэту сьцьвярджае, што дакладна так працуе адзін з гармонаў чалавека - аксытацын.

Швайцарскія навукоўцы вырашылі, што лепш за ўсё спраўдзіць давер у сытуацыі пазычаньня грошай. Для ўдзелу ў экспэрымэнце былі запрошаныя 200 студэнтаў – мужчыны ва ўзросьце каля 22 гадоў. Навукоўцы прапанавалі ім часова выконваць ролю банкіраў і людзей, якія прыйшлі пазычыць грошы, каб укласьці іх у нейкую справу.

Прычым ў часе экспэрымэнту выкарыстоўваліся сапраўдныя грошы, якія пазьней заставаліся яго ўдзельнікам: “банкір” мог іх згубіць, калі кліент маніў, і наадварот – “кліент” меў магчымасьць выцягнуць гэтыя грошы з банку.

Перад пачаткам экспэрымэнту банкіраў падзялілі на дзьве групы – адным упырснулі ў нос аксытацын, каб гармон мог хутка дайсьці да мозгу, а іншым - нэўтральнае рэчыва.

Вынікі пацьвердзілі першапачатковыя гіпотэзы навукоўцаў. Банкіры, якія нюхалі перад экспэрымэнтам аксытацын, былі больш даверлівае – аж палова зь іх пазычылі кліентам максымальна магчымую суму.

У навукоўцаў ўзьнікла пытаньне, ці ня могуць аксытацынавыя парфумы стаць небясьпечнай зброяй у руках махляроў, ілжывых гуру, палітыкаў ці, напрыклад, гандляроў?

Ад гэтага, паводле адмыслоўцаў, цяжка бараніцца. Бо супэрмаркеты ўжо цяпер ужываюць гэтак званую “тэрапію водараў”, распаўсюджваючы, напрыклад, пах сьвежых булак.

Аднак, як падкрэсьліваюць навукоўцы, адкрыцьцё можа дапамагчы ў змаганьні з цяжкімі хваробамі – аўтызмам ці сацыёфобіяй, прычыны якіх, сярод іншага, у недаверы да людзей.
XS
SM
MD
LG