Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Berliner Zeitung: “Лукашэнкавы рэжым хістаецца, але … слаба”


Алена Струвэ, Менск “Апошні дыктатар Эўропы ўсё больш закручвае гайкі, – піша нямецкая Berliner Zeitung. – Днямі беларускі рэжым пакараў “хіміяй” Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца – вядомых апазыцыйных палітыкаў –магчымых канкурэнтаў Лукашэнкі на бліжэйшых выбарах. Як лічаць нямецкія аналітыкі, беларускі рэжым дэманструе пэўную нэрвовасьць.

Ода фон Брайтэнштайн, экспэрт фонду Конрада Адэнаўэра па Беларусі, перакананая: кідаючы сваіх апанэнтаў за краты, Лукашэнка дэманструе нэрвовасьць. Паводле экспэрта, рэпрэсіўныя хвалі ідуць па пэўным сцэнары: напачатку прэса, потым няўрадавыя арганізацыі, цяпер – апазыцыйныя палітыкі.

Як піша "Berliner Zeitung", магчымыя перамены ў Беларусі ўжо маюць свой назоў “васільковая рэвалюцыя”. Украінская “аранжавая”, без сумневу, надала мужнасьці крытыкам Лукашэнкі. “Гэта надзея”,-цытуе нямецкае выданьне словы рэдактара гарадзенскай “Пагоні”, які некалькі год таму таксама пазбаўлены волі за сваю прафэсійную дзейнасьць.

Аўтар артыкулу, аднак, дастаткова скептычна глядзіць на тое, што ўкраінскае разьвіцьцё можа быць перанесеная ў беларускія ўмовы. Беларускі рэжым хістаецца, але слаба, піша журналіст. Апазыцыя гэтае краіны па-за парлямэнтам. Жыхары беларускай правінцыі знаходзяцца ў стане летаргіі. Рэжым захоўвае пэўную эканамічную стабільнасьць. Што да ціску на дыктатара звонку, то ён вельмі слабы.

Тым часам вядомы нямецкі палітоляг Аляксандр Рар, чые меркаваньні цытуе нямецкамоўны інтэрнэт-рэсурс Russland.ru сайт, перакананы, што паўплываць на сытуацыю ў Беларусі Эўропа можа толькі разам з Расеяй. Але расейскае кіраўніцтва сканцэнтраванае на дачыненьнях з Лукашэнкам. Бо калі рэвалюцыйная сытуацыя прыйдзе ў Беларусь, Масква чарговым разам апынецца ў бездапаможнай сытуацыі. Аляксандар Рар не выключае, што падзеі ў Беларусі могуць разьвівацца паводле ня самай спрыяльнай кіргіскай ці узбэцкай мадэлі.

Як лічыць нямецка-расейскі экспэрт, Расея і Эўразьвяз мусяць спрыяць эвалюцыйнаму разьвіцьцю ў Беларусі, а таму знайсьці супольную мову для выпрацоўкі сумеснай беларускай стратэгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG