Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 чэрвеня на пэкінскай плошчы Цяньаньмэнь зьявіліся танкі


RFE/RL Каляндар Свабоды – 3 і 4 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 3 і 4 чэрвеня.

Сёньня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Алена. “Да сьвятой Алены гароды зялены”, – казалі некалі нашыя продкі. І яшчэ: “Сей лён на Алену – будзе кашуля да калена”. Дарэчы, сеялі абавязкова ў чыстай вопратцы, каб лён быў чысты.

3 чэрвеня Янка Купала паставіў апошнюю кропку ў сваёй славутай камэдыі “Паўлінка”. Адбылося гэта ў 1912 годзе на хутары Акопы на Лагойшчыне.

3 чэрвеня 1875 году пакінуў гэты сьвет францускі кампазытар Жорж Бізэ. Здарылася гэта пасьля чарговага абсьвістаньня ягонай опэры “Кармэн”. Ва ўражанага ўласным творчым правалам кампазытара разарвалася сэрца. А сёньня “Кармэн” – першая опэра, па якой ведаюць і пазнаюць Жоржа Бізэ.

Таксама 3 чэрвеня, у 1924 годзе пакінуў гэты сьвет саракагадовы аўстрыйскі пісьменьнік Франц Кафка. На момант сьмерці яшчэ ніводзін твор гэтага славутага празаіка ня быў надрукаваны. Кажуць, што такая была воля самога аўтара. Калі гэта праўда, дык Кафка стаў клясыкам сусьветнай літаратуры насуперак уласнаму жаданьню.

Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 3 чэрвеня, згадаем сёньня расейскага бальшавіцкага дзеяча Якава Сьвярдлова, імя якога дагэтуль носяць вуліцы беларускіх гарадоў; Адольфа Гугеля, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, які пісаў карціны на тэмы паўстаньня Каліноўскага і мінулай вайны. Таксама сёньня сьвяткуе дзень народзінаў беларускі паэт Васіль Зуёнак. Сярод многіх ягоных паэтычных зборнікаў ёсьць і адзін чыста гумарыстычны са сьмешнаю назвай «Качан на п''едэстале».

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

Заўтра ў Беларусі праваслаўныя традыцыйна ўшаноўваюць Васіліска. У даўнейшыя часы лічылася, што ў гэты дзень пачынае сьпяваць салавей. “Ад Васіліска салавей блізка” – казалі ў народзе.

Раніцою 4 чэрвеня 1989 году на пэкінскай плошчы Цяньаньмэнь зьявіліся танкі. Такім чынам быў сьцерты з твару зямлі студэнцкі пікет, які праіснаваў на пляцы каля месяца, а студэнцкі рух за дэмакратычныя свабоды ў Кітаі быў патоплены ў крыві.

4 чэрвеня славутыя людзі беларускай гісторыі і культуры часьцей пакідалі гэты сьвет, чым нараджаліся. Гэтак у 1847 годзе ня стала ваеначальніка Стафана Грабоўскага, які быў адным з кіраўнікоў паўстаньня пад кіраўніцтвам Касьцюшкі. У 1872 годзе адыйшоў у лепшы сьвет аўтар першай беларускай опэры мянчук Станіслаў Манюшка. У 1952-м годзе ня стала Язэпа Варонкі, аднаго з стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён памёр у Чыкага, куды выехаў яшчэ ў 1923 годзе. Нарэшце, 4 чэрвеня 1986 году ў Маскве памерла паэтка Канстанцыя Буйла. Мэлёдыя зь яе песьні “Люблю мой край” стала візытоўкай беларускай службы Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG