Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікаў у Жодзіна наведалі эўрапейскія дыпляматы (фотарэпартаж)


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Дзясятыя суткі ў Жодзіне працягваецца галадоўка супраць выключэньня з навучальных установаў дэмакратычнай моладзі. У акцыі, якая пачалася 25 траўня, бяруць удзел пяцёра юнакоў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Ваўкавец, Сяржук Мурашка і Павал Каранюхін. Сёньня іх наведалі прадстаўнікі некаторых дыпляматычных місіяў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі.

Сёньня ў гарвыканкам выклікалі Аляксандра Мурашку, бацьку 17-гадовага Сержука Мурашкі, які ў траўні быў выключаны з жодзінскага політэхнікуму. Паводле Сержука, бацьку паведамілі пра наступнае рашэньне ўладаў:

(Мурашка: ) “Бацька тэлефанаваў і сказаў, што мне налічылі 72 гадзіны пропускаў, далі найгоршую характарыстыку, і гарвыканкам даў згоду на выключэньне”.

Сяржук Мурашка На фота: Сяржук Мурашка

Паводле Сержука Мурашкі, насамрэч яго выключылі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі. Галадоўнікі лічаць, што сваім адмоўным адказам улады пацьцвердзілі абыякавасьць да іх будучыні.

Тым часам, сёньня ў Жодзіне галадоўнікаў наведаў шэраг прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў. Ад імя амбасадараў краінаў Эўразьвязу да іх прыяжджаў кіраўнік амбасады Чэхіі Ўладзімер Румл:

(Румл: ) “Так, я вас абсалютна разумею, таму што мы знаходзіліся ў такой сытуацыі ў Чэхіі, калі чэская міліцыя вельмі груба хацела навесьці парадак. Як ставяцца да вашага ўчынку бацькі: падтрымліваюць альбо лічаць наадварот?”

(Чарткоў: ) “У мяне матуля згодная са мной. Яна, вядома, турбуецца. Не задаволена, што так даводзіцца вырашаць. За мае погляды, за тое, што я актыўна займаюся грамадзкім жыцьцём, мяне выключылі”.

Vladimir Ruml На фота: Уладзімер Румл

(Румл: ) “Галадоўка мае вялікі сэнс. Але трэба і берагчы здароўе”.

Кіраўнік амбасады Чэхіі паведаміў, што і іншыя краіны Эўразьвязу ведаюць пра іхны учынак, праблемы, але папрасіў не ахвяраваць здароўем.

У другой палове дня галадоўнікаў, як паведаміў лідэр жодзінскай суполкі “Маладога фронту” Павал Красоўскі, наведалі прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі:

(Красоўскі: ) “Прыяжджалі з амэрыканскай амбасады. Лайл Макмілан, супрацоўнік палітычнага аддзелу амбасады ЗША. Выказалі падтрымку галадоўнікам і сказалі, што амэрыканская амбасада сочыць за сытуацыяй у Жодзіне”.

Таксама сёньня жодзінскіх галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі Офісу АБСЭ ў Менску на чале з намесьнікам кіраўніка місіі Ваграмам Абаджанам. Яны заявілі, што таксама ўважліва сочаць за сытуацыяй у Жодзіне.

Ад Партыі БНФ удзельнікаў акцыі наведаў і выказаў падтрымку намесьнік старшыні партыі Аляксей Міхалевіч:

(Міхалевіч: ) “Лічу, што гэта першая ў Беларусі галадоўка, якая кансалідавала беларускае грамадзтва, таму што кожны разумее, што іх дзеці могуць пацярпець у такой жа самай сытуацыі, што іх таксама могуць адлічыць з навучальных установаў”.

У сувязі з пагаршэньнем здароўя сёньня прыпыніў галадоўку актывіст “Маладога фронту” Сяржук Марчык з Баранавічаў, які браў удзел у акцыі ад 27 траўня. Тым часам, пяты дзень галадуюць ў Менску моладзевыя актывісты Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, у Бабруйску Валер Мацкевіч, а таксама Ігар Шчэкарэвіч, які жыве ва Ўкраіне. А 3 чэрвеня ў Менску распачалі галадоўку яшчэ трое прадстаўнікоў “Маладога фронту” — Кірыл Шымановіч, а таксама непаўналетнія Настасься Палажанка і Антаніна Вежнявец.

Прадстаўнікі місіі АБСЭ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG