Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч выйшаў на волю, але толькі часова


Любоў Лунёва, Менск Адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч выйшаў на волю пасьля адбыцьця 10 сутак арышту. Яго сустракалі паплечнікі, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і “Маладога фронту”. Міколу Статкевіча арыштавалі 24 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску за непавагу да суду. Апазыцыйны палітык адмовіўся ўставаць перад судзьдзём Леанідам Ясіновічам.

Міколу Статкевіча прыйшлі сустракаць некалькі дзясяткаў ягоных аднадумцаў і сяброў. Дзесяць сутак галадоўкі адбіліся на выглядзе Міколы Статкевіча. Ён схуднеў, выглядаў вельмі стомленым.

(Статкевіч: ) “Акрэсьціна” цяпер напалову пустое. Але пастаянна падкідваліся людзі. Ну, як звычайна… Калі на галадоўцы, то ў камэру заўсёды перадаюць цыгарэты… Людзі, якія тут знаходзяцца, заўсёды нэгатыўна ставяцца да ўлады. Але цяпер я заўважыў, што стаўленьне вельмі нэгатыўнае, вельмі радыкальнае. Можна параўнаць зь першай пасадкай у 1996 годзе. Людзі размаўляюць пра розныя рэчы. Але цяпер адметнай рысай ёсьць тое, што яны сябе адчуваюць ужо ў самастойнай краіне. Расея для іх ужо нешта чужое. Прайшоў час, і беларусы дафармаваліся як нацыя”.

З 23 да 31 траўня Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца судзілі за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, у часе правядзеньня якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. 24 траўня судзьдзя Леанід Ясіновіч пакараў Міколу Статкевіча арыштам за тое, што той адмовіўся ўставаць перад ім і адказваць на пытаньні. Штодня апазыцыйнага палітыка прывозілі ў суд раніцай і пасьля абеду. Ён адмаўляўся ўставаць, і яго выдалялі з судовай залі пад аховай.

Мікола Статкевіч ня будзе абскарджваць судовага прысуду — 3 гады абмежаваньня волі. Празь некалькі дзён яго мусяць накіраваць адбываць пакараньне на так званую “хімію”, хутчэй за ўсё, па-за межамі Менскай вобласьці.

Яго паплечнікі заявілі Радыё Свабода, што Мікола Статкевіч застанецца лідэрам партыі. Сам апазыцыйны палітык лічыць, што ягоны прысуд — пачатак так званай “зачысткі” напярэдадні прзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

(Статкевіч: ) “Машына закручваньня гаек працуе толькі ў адзін бок. Калі нехта спадзяецца, што ў 2006 годзе ў нас будуць выбары, то гэта абсалютна сьмешна. У нас будзе кампанія пад прэзыдэнцкія выбары. Мы абавязаны яе выкарыстаць. Улада паспрабуе ўсіх больш-менш рэальных моцных кандыдатаў, якія здольныя арганізаваць народ на вуліцы, пасадзіць, але не сюды ўжо, а як мага далей, каб не было ў Менску. Гэта толькі адзін з этапаў, Марыніч, я, потым Клімаў, Скрабец… Дай бог, каб спынілася. Я пайшоў на такую пазыцыю, радыкалізаваў сытуацыю ў судзе дзеля таго, каб прыцягнуць увагу. Каб зрабіць наступныя судовыя працэсы супраць патэнцыйных кандыдатаў больш цяжкімі. Трэба гэта неяк спыняць, бо мы без кандыдатаў застанемся”.

Міколу Статкевіча сустракаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Ён падзяляе гэтыя думкі.

(Лябедзька: ) “З розных крыніцаў сілавых структураў — ня ведаю, што гэта можа быць — але папярэдзілі, што трэба быць вельмі пільным і асьцярожным. Так што я думаю, што тут усё можа быць. У 1999 годзе былі лепшыя часы для нас, і то фізычна “зачысьцілі” патэнцыйных кандыдатаў — Карпенку, Захаранку і Ганчара. Сёньняшняя сытуацыя нічым ня лепшая. Папросту мэтады сталі не такімі тупаватымі. Але, калі пагроза будзе вялікая, то “эскадрон сьмерці” ня зьехаў у эміграцыю. Ён знаходзіцца тут, і дастаткова толькі аднаго загаду. А хто аддае загады, мы добра ведаем. Будзе запушчаны мэханізм”.

Павал Севярынец і Мікола Статкевіч яшчэ нейкі час будуць на волі. Хутчэй за ўсё, напрыканцы чэрвеня вырашыцца, дзе яны будуць адбываць пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG