Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія бізнэсоўцы зьбіраюцца будаваць у Менску крамы і катэджы


Ганна Соусь, Менск Сёньня мэр Вільні Артурас Зуокас і старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў падпісалі пагадненьне паміж Менскам і Вільняй аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай і культурнай сфэры на 2005-2006 гады. Цяпер у Менску знаходзіцца дэлегацыя літоўскіх бізнэсоўцаў – уладальнікаў найбуйнейшых кампаній Літвы. Нашая карэспандэнтка па завяршэньні іх сустрэч пагутарыла з кіраўнікамі Вільні і Менску, а таксама зь бізнэсоўцамі, якія маюць намер распачаць свой бізнэс у сталіцы Беларусі.

Мэр Вільні Артурас Зуокас выказаў шкадаваньне, што Менск пакуль яшчэ не зьяўляецца для Вільні тым эканамічным партнэрам, якім бы мог быць.

Літоўскі бок разглядае магчымасьць інвэстыцый у Менск, адзначыў для Радыё Свабода мэр літоўскай сталіцы.

(Зуокас: ) “Думаю, што інтарэс літоўскіх прадпрымальнікаў да Менску вялікі. Мінулы год быў рэкордным па таваразвароту паміж Літвой і Беларусьсю – больш чым 500 мільёнаў эўра. У складзе дэлегацыі ўладальнік гіпэрмаркета “Акропаліс”. Яны ўжо зрабілі наўпроставую прапанову ўладам Менска. Яны гатовы інвэставаць прыкладна 100 мільёнаў эўра ў стварэньне “Акропаліса” тут у Менску. Канечне, тут трэба гарантаваць захаванасьць інвэстыцый.”

Я запыталася ва ўладальніка найвялікшага гіпэрмаркета ў краінах Балтыі “Акропаліса” Міндаўгаса Марцінкявічуса, як ён ацэньвае інвэстыцыйны клімат у Беларусі.

(Марцінкявічус ) “Пільна разглядаем магчымасьці такога праекту, разглядаем месцы, вывучаем законы, у адпаведнасьці зь якімі тут можна інвэставаць. Пакуль ня маем тут канкрэтнага ўчастку, пакуль няма на яго канкрэтнага праекту, таму пакуль рана казаць пра канкрэтныя інвэстыцыі”.

Рымантас Первенэцкас, уладальнік сеткі крамаў “Апранга”, зьвяртае ўвагу на тое, што ў Менску амаль няма прадстаўніцтваў сусьветна вядомых гандлёвых дамоў.

(Первенэцкас: ) “У Менску, на маю думку, відавочна бракуе добрых крамаў. Мы супрацоўнічаем з самымі вядучымі сусьветнымі кампаніямі, і многія зь іх прадстаўляюць нам правы на адкрыцьцё крамаў у Менску. Гэта “Mango”, “Hugo Boss”, магчыма “Zara”. Некаторыя мы хацелі б адкрыць яшчэ сёлета”.

Сярод найбольш цікавых інвэстыцыйных праектаў – будаўніцтва пасёлку элітных катэджаў на беразе Менскага мора. Гаворыць выканаўчы дырэктар кампаніі “Скала” Міраслаў Налівайка.

(Налівайка: ) "Дразды – гэта кодавая назва. Гэта паміж рэзыдэнцыямі на Менскім моры. Вельмі цікавы праект. Там каля 146 катэджаў, якія вельмі прыгожа ўпісваюцца ў ляндшафт. Выкарыстоўваецца ідэя хвалі".

Паводле Міраслава Налівайкі, калі будзе пройдзены працэс узгадненьня, пасёлак катэджаў з самых сучасных будаўнічых матэрыялаў можна будзе пабудаваць прыкладна за два з паловай гады.

Па завяршэньні сустрэчы я зьвярнулася да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава з просьбай ацэніць вынікі сёньняшняй сустрэчы.

(Паўлаў: ) “У нас была магчымасьць пакантактаваць, ацаніць нашыя стасункі, вызначыць пляны на будучыню. Я сёньня ўнёс прапанову праз год правесьці год Вільні ў Менску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG