Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне трэба неадкладна аднаўляць 25% асушаных земляў


Казімер Яноўскі, Гомель На Гомельшчыне неадкладнай рэканструкцыі патрабуюць звыш 120 тысяч гектараў раней асушаных зямель, сьцьвярджаюць улады. Гэта прыкладна чацьвертая частка ад наяўных у рэгіёне мэліяраваных плошчаў. Але ці патрэбная паўторная мэліярацыя наагул?

Кожны год на Палесьсі прыходзяць у заняпад 6—8 тысяч гектараў раней асушаных земляў. З прычыны старэньня мэліярацыйных сыстэмаў, землі паўторна забалочваюцца, страчваюць прадуктыўнасьць. У параўнаньні зь першапачатковай урадлівасьць асушаных земляў зьнізілася ў розных месцах у два і болей разоў. Асабліва нізкая яна ў Петрыкаўскім, Сьветлагорскім, Нараўлянскім раёнах. Пра гэта, у прыватнасьці, ішла гаворка сёньня на паседжаньні аблвыканкаму. Апошні даводзіў заданьні раёнам, мэліяратарам, сельгасарганізацыям — аднаўляць мэліярацыйныя сыстэмы.

Згадвалася таксама, што сёлета на выкананьне рэспубліканскай праграмы захаваньня і выкарыстаньня мэліяраваных земляў вобласьці адпушчана зь бюджэту краіны толькі каля 37 мільярдаў рублёў — замест заплянаваных 65 мільярдаў.

Аднак ці трэба наагул паўторна праводзіць мэліярацыю на землях, якія не прыносяць належнай аддачы? Пра гэта я пытаюся ў пісьменьніка і публіцыста, аўтара шэрагу выданьняў пра праблемы мэліярацыі беларускага Палесься Анатоля Казловіча:

(Казловіч: ) “Тры мільёны гектараў балот асушана ў Беларусі, а зь іх працуюць эфэктыўна вельмі мала. Прайшло паўторнае забалочваньне многіх плошчаў. Вядома ж, калі вялікія грошы закапаны туды, трэба паглядзець, што трэба зноў асушыць, упарадкаваць, а што аддаць прыродзе”.

Паводле суразмоўцы, патрэбна вельмі ўважлівае, далікатнае вывучэньне стану раней асушаных земляў. Далёка ня ўсе зь іх, што прыйшлі ў заняпад, трэба аднаўляць.

(Казловіч: ) “Я думаю, і пра гэта я пісаў у сваіх “Хроніках…”, што нейкую траціну таго, што было асушана, што было ўжо пастаўлена на службу чалавеку, вядома ж, трэба эксплюатаваць. Каб нейкі быў эфэкт, каб зусім усё не пайшло прахам. Астатняе, што не дае высокіх ураджаяў, што недзе разьмешчана ў недаступных месцах, тое трэба аддаць прыродзе. Няхай там узнаўляецца ўсё, што было да скарапанаўскай мэліярацыі. Няхай там птушкі, зьвяры, няхай там трава расьце. Няхай там робіць прырода тое, што ёй хацелася рабіць на Беларусі тысячагодзьдзі”, — лічыць пісьменьнік і публіцыст Анатоль Казловіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG