Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шкада жодзінскіх галадоўнікаў. Напэўна, ім варта было б пакаяцца”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У Жодзіне ўжо другі тыдзень галадаюць шасьцёра падлеткаў, якія за сваю палітычную актыўнасьць былі пакараныя адлічэньнем з навучальных установаў. У нашай пошце апошніх дзён ёсьць некалькі лістоў, аўтары якіх зьвярнулі ўвагу на гэты пратэст жодзінскай моладзі. Пачну з допіса Віталя Навакоўскага зь Менску:

“Не разумею: на што разьлічваюць жодзінскія хлопцы? Хто зьверне ўвагу на іх галадоўку? Няўжо яны ня бачаць, які час на дварэ? Гэта ж не пачатак 1990-х гадоў. Усе маўчаць, баяцца. Бо і напраўду, баяцца ёсьць чаго. Сёньня цябе ўключаць у чорныя сьпісы нядобранадзейных, а заўтра ты страціш працу альбо месца ва ўнівэрсытэце, пачнуць перасьледаваць тваіх дзяцей, з табой перастануць кантактаваць знаёмыя, ты адчуеш, што за табой пільна сочаць спэцслужбы…

Хлопцаў мне шкада. Напэўна, ім варта было б пакаяцца, папрасіць прабачэньня, напісаць якую-небудзь заяву: маўляў, памыляліся, паддаліся варожай прапагандзе, але цяпер цалкам асэнсавалі ўсе памылкі і поўнасьцю падтрымліваем палітычны курс прэзыдэнта. У Міністэрстве адукацыі не зьвяры працуюць — прышпіляць пакаянныя лісты да справы, і адновяць на вучобе. Ніхто ж нікому не замінае думаць так, як хочацца. Галоўнае: не выходзь на вуліцу з пратэстамі, не гавары тое, што думаеш. Мы, старэйшае пакаленьне, добра ведаем, што гэта такое. А моладзі трэба яшчэ вучыцца”.

Магчыма, спадар Навакоўскі, менавіта таму, што ёсьць яшчэ людзі, якія адважваюцца гаварыць тое, што думаюць, а ня тое, што ад іх патрабуе ўлада — і застаецца пакуль надзея на дэмакратычныя зьмены ў Беларусі. Галадоўка пратэсту гэта жэст адчаю, калі чалавек не знаходзіць іншага шляху, каб зьвярнуць увагу на свае праблемы. Прытым, галадаюць падлеткі, для здароўя якіх гэта асабліва небясьпечна. Іх пазбавілі права вучыцца за іхныя палітычныя перакананьні, хоць і права на вучобу, і права на палітычныя погляды гарантавана беларускімі Канстытуцыяй і законамі. Дык на чыім баку ў такім разе праўда? Хто павінен каяцца і несьці адказнасьць (і юрыдычную, і маральную) за наступствы галадоўкі? Адказы на гэтыя пытаньні досыць відавочныя для ўсіх, хто здольны сумленна паглядзець на гэтую сытуацыю.

Наступны ліст даслаў нам Сяржук Буравы з расейскага гораду Старадубу Бранскай вобласьці. Ён спрабуе зазірнуць у 2006 год, калі ў Беларусі павінны адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Слухач піша:

“Рэвалюцыі робіць ня большасьць, не пэнсіянэры, не бабулькі з граблямі, не калгасьнікі, а актыўная меншасьць. Калі Лукашэнка ня здолее набраць у першым туры больш як 50% галасоў, а Цэнтравыбаркам абвесьціць яго прэзыдэнтам — складзецца рэвалюцыйная сытуацыя. Гэта шанец выцягнуць краіну з багны. Адзіны дэмакратычны кандыдат можа адыграць у гэтым толькі шкодную ролю, дапамагаючы Лукашэнку набраць у першым туры тыя некалькі працэнтаў, якія могуць стаць вырашальнымі. Людзі за так званым “памяркоўным” дэмакратам кшталту Ганчарыка, Казуліна або Домаша на плошчу ня пойдуць — нават у тым выпадку, калі ён дзякуючы сваёй памяркоўнасьці і набярэ роўную колькасьць галасоў з Лукашэнкам. Патрэбныя сапраўдны рэвалюцыянэр, радыкальна новыя ідэі, сьвежае паветра — кшталту таго, якое ўдыхнуў Зянон Пазьняк у 1989 годзе. Але, натуральна, гэта мусіць быць нешта прынцыпова новае”.

Імёны ўсіх патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, якіх можа вылучыць дэмакратычная апазыцыя, на сёньня ўжо вядомыя, спадар Буравы. І наўрад ці варта чакаць, што ў апошні момант аднекуль зьявіцца новы таленавіты рэвалюцыянэр зь якімісьці дагэтуль невядомымі сьвежымі ідэямі, якога імгненна падтрымае большасьць насельніцтва.

Зь іншага боку, ці магчымая ў Беларусі сытуацыя, калі Цэнтравыбаркам, які цалкам падкантрольны ўладзе, наважыцца абвяшчаць сапраўдныя (альбо блізкія да сапраўдных) вынікі галасаваньня, якія б сьведчылі пра паразу ўлады? Пытаньне гэта рытарычнае. Сёньняшняя Беларусь зусім не падобна на Ўкраіну ўзору 2004 году. Урокі аранжавай рэвалюцыі ў Беларусі ўлічылі ўсе, і ўлады ў тым ліку. Беларуская апазыцыя адчувае гэта сёньня на кожным кроку.

Крытычны погляд на беларускую апазыцыю выказвае ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Міхаіл Лысевіч зь Ліды. Ён піша:

“Аб’яднаная апзыцыя, як і раней, шукае сабе памагатых дзе заўгодна, але не сярод народу Беларусі. Пэўны прагрэс у пошуках хаўрусьнікаў назіраецца, але ці карысна тое? Мне падаецца, што не. Вулічныя акцыі сышлі на нуль не таму, што народ запалоханы, а таму, што людзі ня бачаць тых, каго можна і трэба падтрымліваць. А зыход барацьбы за ўладу на Беларусі будзе вырашаны менавіта на вуліцах. І тут вырашальны фактар — колькасьць удзельнікаў гэтай барацьбы. Некалькіх соцень людзей тут будзе яўна недастаткова”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Лысевіч зь Ліды разважае пра хібы апазыцыі:

“Да сёньня ня вызначаны адзіны кандыдат са зразумелай прабеларускай пазыцыяй (без заляцаньня да Масквы альбо Захаду, а таксама без шалёнай агрэсіі да Расеі). Вылучэньне вядуць паміж сабой старыя пэрсоны, сьветапогляд якіх застаецца нязьменным. Нам прапануюць альбо “Беларусь вышэй за ўсё!”, альбо “Беларусь — у Эўропу і НАТО!”, альбо “Разам з Расеяй — у Эўропу, да Свабоды!”.

Па-мойму, усе тры гэтыя лёзунгі непрымальныя. Калі вы жадаеце кінуцца ў абдымкі да Эўропы і НАТО, то зазірніце ў краіны Балтыі (многа ляманту і маршаў былых байцоў СС, а жыцьцё стаіць на месцы). Калі жадаеце быць разам з Расеяй, то паглядзіце, як жыве тая Расея за межамі Масквы. А калі вырашылі будаваць, так бы мовіць, “арыйскую Беларусь”, то месца вам увогуле ў псыхіятрычным шпіталі. У мяне адзін адказ на ўсё гэта: нам як ніколі патрэбна зьвярнуцца да саміх сябе. Проста неабходна ўспомніць, хто мы. Нам вельмі патрэбна кансалідацыя на грунце нацыянальнай еднасьці, як тое колісь было. Мы моцная і самадастатковая нацыя. Мы павінны пазьбягаць звычкі шукаць сабе гаспадароў нашага жыцьця, як тое робім сёньня. Свае памылкі мы мусім выпраўляць самі, а з суседнімі народамі павінны жыць у добрых адносінах з сапраўднай хрысьціянскай верай у жыцьцё”.

Зьвярну ўвагу на тую частку вашых, спадар Лысевіч, развагаў, дзе вы сьцьвярджаеце, што “вулічныя акцыі сышлі на нуль не таму, што народ запалоханы, а таму, што людзі ня бачаць тых, каго можна і трэба падтрымліваць”. Не мінае і тыдня, каб у Беларусі не адбываліся затрыманьні, звальненьні, судовыя працэсы над прадстаўнікамі апазыцыі і ўдзельнікамі акцыяў пратэсту. Іх выключаюць з навучальных установаў, звальняюць з працы, караюць шматмільённымі штрафамі і арыштамі. І гэта істотным чынам адбіваецца на грамадзкіх настроях. Значная частка людзей запалохана, і іхны страх зусім не беспадстаўны. Гэтыя людзі не выходзяць на вуліцу зусім не таму, што ня бачаць вартага апазыцыйнага лідэра альбо заманлівай праграмы. Яны проста баяцца — за сябе, сваю сям’ю, уласную будучыню.

Што да другой часткі вашага ліста, адносна таго, ці павінна Беларусь шукаць нейкі свой, трэці шлях — каб і не з Эўропай, і не з Расеяй, а на грунце сваёй нацыянальнай адметнасьці. І замежны, і айчынны досьвед сацыяльных экспэрымэнтаў ня надта прывабны. Пошук нейкага свайго адметнага шляху, які нібыта выратуе нацыю і прывядзе да шчасьлівай будучыні, прыводзіць найчасьцей да самаізаляцыі і дыктатуры — як, напрыклад, у Паўночнай Карэі, дзе пад сьцягам ідэяў чучхэ народ празь пяцьдзясят год пасьля вайны атрымлівае па картках рыс.

На заканчэньне кароткі ліст ад Сяргея Антаноўскага з гарадзкога пасёлку Лагішын Пінскага раёну:

“Пасьля доўгага перапынку зноў пачаў слухаць вас. І пераканаўся, што за гэты час вы ні ў чым ня здрадзілі сваім асноўным прынцыпам. А менавіта — несяце людзям праўду. Мне вельмі прыемна было пачуць вас зноў праз многа гадоў. Я знайшоў магчымасьць слухаць Беларускую “Свабоду” — і не шкадую аб гэтым. Усе перадачы вельмі цікавыя, зь іх заўсёды пазнаеш нешта новае”.

Разам зь лістом Сяргей Антаноўскі з Лагішына Пінскага раёну даслаў падрабязны рапарт аб прыёме нашай праграмы. Ён таксама просіць расклад нашых перадачаў. З задавальненьнем выконваем вашу просьбу, Сяргей. Як і ўсім іншым удзельнікам Клюбу сяброў “Свабоды”, дасылаем вам некалькі каляндарыкаў зь летнім раскладам нашых праграмаў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Вікторыя Шостка з Горадні, Васіль Цюхай зь Беразіна, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю, Зыгмунт Дзякевіч зь вёскі Пянценішкі Воранаўскага раёну і Віктар Баранаў з Рагачова. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG