Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымаюць прыбыткі акцыянэры "Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу"?


Казімір Яноўскі, Гомель У акцыянэрным тававарыстве “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” цяпер выплачваюць па выніках 2004 году дывідэнды. Доўгачаканыя, але ўсё-такі сымбалічныя. Жыхары Мазыра трывожацца, што могуць страціць багата акцыяў.

Ужо каторы год прадпрыемства сапраўды выплачвае чыста сымбалічныя дывідэнды – на акцыю 1 тысячу беларускіх рублёў. На заводзе вядзецца пэрманэнтная рэканструкцыя і, пачынаючы з 1994 году, з моманту заснаваньня акцыянэрнага таварыства, ягоная назіральная рада настойліва рэкамэндуе агульнаму сходу акцыянэраў падобнае рашэньне. Гэтым разам таксама не было выключэньня.

Шматлікія акцыянэры мазырскага заводу атрымліваюць дывідэнды ў таварыстве з абмежаванай адказнасьцю “МНПЗ плюс”, у які яны ўваходзяць.

Апавядае дырэктар таварыства “МНПЗ плюс” Віктар Мельнікаў.

(Мельнікаў: ) “Наша таварыства таксама зьяўляецца заснавальнікам АТ “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” – дзяржава, мы, расейская кампанія “Славнафта” і шэраг фізычных асобаў, якія не перадалі сваіх акцыяў нам у кіраваньне. Усім удзельнікам, што заснавалі таварыства нафтаперапрацоўчага заводу, з прычыны рэканструкцыі ўжо каторы год нязьменна выплачваецца тысячу рублёў на акцыю. Напрыклад, мы маем 242 тысячы акцыяў, то нам завод і выплаціць адпаведна 242 тысячы рублёў дывідэндаў. Мы ў сваю чаргу ў якасьці дывідэндаў выплацілі 640 мільёнаў рублёў – па 440 – 603 рублі на пай. Гэта ў залежнасьці ад долі ўкладу кожнага – хто ў якую групу ўваходзіць”, - сказаў дырэктар таварыства “МНПЗ плюс” спадар Мельнікаў.

Дарэчы, цяпер удзельнікамі таварыства зьяўляюцца больш як 3800 чалавек. У іх ліку 2235 чалавек – гэта цяперашнія працаўнікі заводу. Яшчэ 700 – былыя рабочыя і спэцыялісты. Тры зь лішкам дзесяткі – гэта таксама былыя працаўнікі, а цяпер грамадзяне Расеі, Украіны, Літвы, Азэрбайджана ды Ізраілю.

У гэтым годзе Гомельскі аблвыканкам стварыў прэцэдэнт: сваім рашэньнем увёў “залатую акцыю” ў таварыстве “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод”. Такія акцыі, паводле ўказу, могуць уводзіццца толькі ў таварыствах, заснаваных на аснове дзяржаўнай уласнасьці. Абскарджваньне рашэньня аблвыканкаму ў Вышэйшым гаспадарчым судзе плёну ня мела.

Апрача таго, міністэрства фінансаў патрабавала ад акцыянэрнага таварыства нафтаперапрацоўнікаў вярнуць замарожаныя Расеяй трынаццаць гадоў таму на рахунках Зьнешэканамбанку СССР 4 мільёны 700 тысячаў даляраў ЗША. Гэта дадаткова да вернутых ужо ў бюджэт 12 мільёнаў даляраў. Рашэньне пра спагнаньне згаданай валюты ставіць прадпрыемства на мяжу банкруцтва.

У гэтай сувязі каля 700 падпісантаў нафтаперапрацоўчага заводу накіравалі Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім сьцьвярджаюць: з прычыны чыноўніцкага самавольства людзі, якія ў свой час сьвядома кансалідавалі акцыі, аказаліся ў незайдросным становішчы. Яны рызыкуюць страціць акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG