Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коханава


Віталь Сямашка, Коханава, Талачынскі раён (эфір 26 траўня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Карэспандэнт: ) “Тацяна Міхайлаўна, вы ці самі сябе гарадзкімі лічыце?”

(Шабрына: ) “Коханава зьяўляецца мястэчкам гарадзкога тыпу. Коханаўцы гарадзкія больш. Быў Коханаўскі раён пяцьдзясят гадоў таму”.

Вось і спадарыня Шабрына, сакратарка Коханаўскага пасялковага савету, што на Талачыншчыне, толькі пацьвердзіла тое, пра што гавораць у большасьці навакольных вёсак: коханаўскія, маўляў, заўжды нос дзяруць. Між іншым, геаграфічна мястэчка, заснаванае канцлерам ВКЛ Львом Сапегам, разьмешчанае так, што лепш не прыдумаеш: мясцовыя аўтадарогі перакрыжоўваюцца празь яго з Маскоўска-Берасьцейскай чыгункай. У савецкі час у Коханаве ахвотна сяліліся, і колькасьць насельнікаў дасягала пяці тысяч. Свой працоўны шлях тут пачынаў малады землямер ды будучы генсэк КПСС Леанід Брэжнеў. Напачатку 19 стагодзьдзя ля Коханава была пабудаваная царква Барыса ды Глеба — акурат над пукатым вялікім каменем, на якім славянскімі літарамі былі высечаныя крыж ды надпіс: “У лета 6679-га — 1171-га па новым стылі — памажы рабу свайму Васілю ў хрышчэньні імем Рагвалода сыну Барысаву”. Крыж упершыню апісаў ды намаляваў у сваёй кнізе расейскі археоляг ды этнограф Раманаў. Але не абышлося без падману.

(Петрушэнка: ) “Вазьміце адкрыйце малюнак Раманава, і вы ўбачыце, што там шасьціканцовы крыж. Але, каб дагадзіць праваслаўю, Раманаў апісаў яго пасьля васьміканцовым насуперак ісьціне”.

Сьведчыць коханаўскі краязнаўца ды праваабаронца Мікалай Петрушэнка:

(Петрушэнка: ) “Ісьціна ў тым, што там шасьціканцовы крыж — крыж Эўфрасіньні Полацкай! Адкрыем слоўнік Даля: “Крыж ёсьць адзнака веравызнаньня”. Васьміканцовы — праваслаўе, чатырох — каталіцкі, шасьціканцовы ўвайшоў у гісторыю як уніяцкі”.

Зрэшты, у часе гэтай вандроўкі мне давялося сутыкнуцца зь невядомым Коханавам — невядомым бадай, і для месьцічаў.

(Петрушэнка: ) “У Коханаве за пэрыяд акупацыі не загінуў ніводзін чалавек, калі верыць кнізе “Памяць”. Але ж у Коханаве было габрэйскае гета. І 325 чалавек былі расстраляныя. 9 траўня мне прыйшлося выступаць тут на мітынгу, і я пра гэта сказаў. Мяне ня ўсе зразумелі. Чулася: мо ён і сам габрэй! І вось цяпер гэтае месца, дзе закатаваныя габрэйскія дзеці, жанчыны, сьцёртае з памяці. Я задаваў пытаньне Завадзкаму, намесьніку старшыні раённай вэртыкалі, што курыраваў кнігу “Памяць”. І ён мне гаворыць: такая была ўстаноўка. Але хто даваў, не гаворыць”.

Я атрымаў-такі магчымасьць паназіраць за працай некаторых прадстаўнікоў тутэйшай улады. Адміністрацыйны будынак жыльлёва-камунальнай гаспадаркі месьцічы абыходзяць. 20 адсоткаў жыхароў ня ў стане плаціць за кватэру, у выніку чаго агульная запазычанасьць складае 120 мільёнаў рублёў. За нявыплату дваццаць сем’яў, паводле дзейнага заканадаўства, падлягаюць перасяленьню на меншую жылплошчу, якой улады прадставіць ня могуць. Чатыры сям’і ўдалося ўгаварыць зьехаць на вёску. Гэта, як высьветлілася, запаветная мара і ў адносінах да іншых у кіраўніка ЖКГ Якава Графа, які спачатку пачаў пералічваць мне даўжнікоў-“мільянэраў” — у тым сэнсе, што яны завінаваціліся за кватэры мільёны рублёў.

(Граф: ) “Пасьля мільёна — Лапінок, чацьверты дом, Бута, трэці дом, Маматэнка, другі дом, Новікава, першы дом”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж так усё мястэчка выселіце”.

(Граф: ) “Каб мне сёньня суд дазволіў, я б іх чалавек пяцьдзясят выселіў дакладна ў меншыя кватэры. А пасьля мо выйдзе закон высяляць на вёску”.

(Карэспандэнт: ) “На вуліцу?”

(Граф: ) “Выключыце гэтую машыну!”

Тут жа атрымліваю інфармацыю ад газаўшчыка Аляксандра Балёнікава:

(Балёнікаў: ) “Адключылі кватэр дзесяць за няўплату — п’юць…”

Праз вуліцу — лязарэт, дзе закрылі хірургічнае ды радзільнае аддзяленьні. Вось што сказала мне адна з супрацоўніц:

(Голас: ) “Калі што, на Талачын пруць альбо ў Воршу. Мястэчка вялікае зь вёскамі — дабярыся да таго Талачына…”

Часткова сытуацыю патлумачыла мне наведваньне цэху каапэратыўна-ўнітарнага прадпрыемства, дзе шыюць швэдры — у сярэднім два-тры за зьмену. Зь пяці швачак, паводле штатнага раскладу, на месцы былі толькі дзьве Тамары, Смалкова ды Гурчанкава.

(Смалкова: ) “Увогуле, 50 тысяч заробку ў гэтым месяцы атрымалася”.

(Гурчанкава: ) “Я прышываю каўнеры — у мяне заробак мо і меншы за гэты месяц”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму народ не заказвае ў вас?”

(Смалкова: ) “Трэба ў народу запытацца. Грошай шкадуюць…”

(Карэспандэнт: ) “А мо столькі ж зарабляюць, колькі вы?”

(Гурчанкава: ) “І гэта можа быць”.

(Карэспандэнт: ) “А калегаў вашых на працы чаму няма?”

(Разам: ) “Працы ім няма!”

У Коханаве сутыкнуўся з выпадкамі, калі, убачыўшы мікрафон, людзі папросту адбягалі ў бок. Сталая кабета патлумачыла мне на ўмовах ананімнасьці:

(Спадарыня: ) “Людзі ў Коханаве баяцца, бо працы няма, могуць выгнаць. Усе запісаныя пад кантракты, таму нічога ня хочуць гаварыць. Хоць атрымліваюць капейкі, за гэтую апошнюю капейку трымаюцца…”

На вуліцах Коханава пачуў яшчэ адно характэрнае выказваньне:

(Спадар: ) “Каб Расея перакрыла нам шлях на заробкі, наша мястэчка зруйнавалася б цалкам. У нас і сем’ямі едуць: жонка выхавацелькай, а муж будаўніком”.

Самі месьцічы кажуць, што ў так званыя гастарбайтэры сыходзіць да 80 адсоткаў мужчынаў. Часам ім удаецца зарабляць 400—500 даляраў на месяц. А часам, здараецца, цаной бывае само жыцьцё. Параўнальна нядаўна расейскія тэлеканалы абышлі рэпартажы пра пажар у Адзінцове, што пад Масквой, дзе жыўцом згарэлі трое будаўнікоў зь Беларусі. Сьляды аднаго зь іх я адшукаў у Коханаве. 21-гадовай Натальлі Калашнікавай жудасная вестка пра ейнага мужа Андрэя прыйшла ўначы, празь дзесяць дзён пасьля здарэньня…

(Калашнікава: ) “Я б нічога ня ведала, каб не патэлефанавалі з Адзінцова тыя, з кім працаваў…”

(Карэспандэнт: ) “Вы езьдзілі туды?”

(Калашнікава: ) “Так, на працы сказалі, што тут такі не працаваў і ўсё шыта-крыта. А ў інтэрнаце сказалі, што падпалілі, яны жылі ў бараках. А пятай раніцы любы чалавек зьбіраецца на працу. Ня ведаю, можа, іх атруцілі ды падпалілі. Цяпер можна думаць, што заўгодна — проста не заплацілі. Мы завялі ў Адзінцове справу. Напісалі, што па іхнай віне: сушылі бялізну ды згарэлі…”

(Карэспандэнт: ) “Крымінальную справу закрылі?”

(Калашнікава: ) “Так. Хоць раней бы сказалі”. (Плача.)

Натальля, цырульніца паводле спэцыяльнасьці, засталася адна — бяз працы ды сродкаў на існаваньне. На двухгадовага Дзімку ў часе майго прыезду атрымлівала ад дзяржавы аж 20 тысяч рублёў на месяц: мясцовыя чыноўнікі ня вызначыліся, ці зьяўляецца маладзён грамадзянінам Беларусі, бо памерлы бацька, маўляў, захоўваў украінскае грамадзянства.

У Коханаве дзейнічае сірочы прытулак, які чамусьці ўпрыгожвае савецкая танкетка Су-100 і 174-я прафтэхвучэльня, што рыхтуе швачак, трактарыстаў ды кіроўцаў. У інтэрнаце там жыве таксама зь дзясятак былых насельнікаў дзіцячых дамоў. Пачуваюцца, паводле іх словаў, ня лепшым чынам. Гутару з Уладзем Дзергановічам, Алесем Нікіфаравым ды Віталём зь Віцебску.

(Хлопцы: ) “Забараняюць езьдзіць дамоў… Кажуць: сядзіце тут… А гэтая халупа хутка разваліцца, дванаццацт гадоў без капітальнага рамонту… І грошы, якія мы атрымліваем, забіраюць сабе: купляюць якія-небудзь гумовыя боты альбо трусы старыя… Несправядліва! У нас практыка па спэцыяльнасьці, а прыйшоў Шумоўскі, намесьнік дырэктара і кажа: грабайце лістоту, нічога ня ведаю. Пасварыліся, ён сказаў: дам па рэпе…”

Праблема, натуральна, не настолькі простая, як выкладаюць яе хлапчукі.Каб пачуць меркаваньне кіраўніцтва вучэльні, на маю просьбу спадар Петрушэнка гутарыў на наступны дзень з дырэктарам спадаром Рэцкім. За кіраўніцтвам афіцыйна замацаванае шэфства над пансіёнам былых сірот, а таксама адказнасьць за іх бясьпеку, дзе б яны ні знаходзіліся. Сёньня небясьпека ў тым, што нядаўна Міністэрства транспарту ўвяло астранамічныя для бюджэту вучэльні цэны за атрыманьне ліцэнзіяў на права вучыць на кіроўцаў ды за ўтрыманьне аўтатранспарту. Як вынік, дзясяткі маладых людзей восеньню могуць апынуцца на вуліцы, нават не давучыўшыся.

(Камароў: ) “А на самай справе было што. Зааралі побач зямлю, і не было дзе пасьвіць скаціну. Мы пісалі, на трох “Волгах” прыяжджалі ад дарадцы прэзыдэнта. Яны мяне вінаватым прызналі, што я не рэгістраваў фэрмэрства, а трэба было 150 эўра — у мяне не было. І прыехалі, як да быдла: пажадалі — узялі, пажадалі — аднялі”.

Так коратка выкладае сёньня сваю двухгадовую эпапэю Валодзя Камароў — кажуць, першы фэрмэр, у якога забралі ягоныя 46 гектараў з фармулёўкай “за неэфэктыўнае карыстаньне зямлёй”. Адзінаццаць гадоў таму ён вярнуўся на радзіму з Чукоткі, дзе працаваў на залатых россыпах. Набыў усёпраходную “Ніву” ды тры “ЗІЛы”. Завёў статак на дзясятак галоў. Але, як вы чулі, ягоны ўчастак-ааза, пасярод поля засеяны канюшынай, стаў упоперак інтарэсам, як ён кажа, мясцовых князькоў.

(Камароў: ) “Я, наагул, на ўсё плюю, мабыць, і гаспадарку кіну. Надакучыла плаціць падаткі — каму, дзеля чаго?! Нават за малога: нарадзіўся — не заплацілі, прамарудзілі, маўляў, ты не працаваў у калгасе… Пакуль улада гэтая ня сыдзе”.

(Карэспандэнт: ) “А хто скідаць будзе?”

(Камароў: ) “А я ня ведаю. Я б з задавальненьнем”.

Дзіўна, але, прыблізна тыя ж словы я пачуў ад Сьвятланы Чарных, старшыні Коханаўскага савету прадпрымальнікаў, што аб’ядноўвае каля чатырох дзясяткаў чалавек.

(Чарных: ) “Мы б жадалі далучыцца, але ня ведаем, на каго выйсьці. Тут мы абвяшчалі страйк, але, хто ў павільёнах, трэба заплаціць за арэнду цалкам за месяц. Калі ня плаціш, у цябе адбіраюць ліцэнзію, штрафуюць ды іншыя санкцыі. Тры дні не выходзілі на кірмаш, але сэнсу ніякага. Я лічу, акцыя ў чым — каб дзяржава не атрымала грошай. А калі месца аплачана…”

За месца гандляр напачатку кожнага месяца мусіць заплаціць прыблізна 200 даляраў: лічба, паводле агульнага меркаваньня, непад’ёмная для Коханава. У выніку ў той жа Чарных прыбытак не пакрывае падаткаў.

(Чарных: ) “Цяпер за год, мы падлічылі, за пабежны рамонт выплачваем 15 тысяч эўра. За гэтыя грошы можна пабудаваць добры спэцыялізаваны кірмаш”.

(Карэспандэнт: ) “Крадуць, думаеце?”

(Чарных: ) “Калі я стала распытваць іх па пунктах, па кожным — “Мы не гатовы адказаць на гэтае пытаньне”.

Тым часам прадпрымальнікі рэальна і беспакарана абкрадаюцца. Апошнім часам зафіксавана тры крадзяжы. Гутару з ахвярамі злачынстваў — Уладзімерам Юр’евым ды Сьвятланай Мельнікавай.

(Юр’еў: ) “Патэлефанаваў вартаўнік, што ўзламаны мой шапік. Убачылі сьляды, знайшлі пакеты з таварам і дзесьці гадзіны ў тры ночы прыйшоў малады хлапец ды стаў рот разявіўшы. Мы кажам: чаго прыйшоў? Ён дзёру ад нас. А дачка кажа: паглядзі, у яго кеды на сьнезе сьляды пакідаюць, і па іх я яго дагнаў. Аказаўся малады пацан, ён ужо сядзеў. Калі давялі да міліцыі, ён ізноў на ногі. Там адзін быў, кажа: уазік на выезьдзе, я не магу кінуць памяшканьня. А ў мяне трэці ўжо ўзлом шапіка — ніводнага не злавілі”.

(Мельнікава: ) “Міліцыя наша… Тавар пакралі, хацелі машыну сагнаць. Але не атрымалася — міліцыя накрыла. Вярнулі палову тавару, шмат папсавалі. Сказалі, ніякіх улік няма — не яны. Чаму сьлядоў, нават маіх адбіткаў ня бралі? Яны пасядзелі, далі па адной мінімалцы — усё…”

Бюджэту ж самага вялікага ў Талачынскім раёне па плошчы ды колькасьці жыхароў пассавету не хапае нават на асьвятленьне вулак. Яго супрацоўнікі займаюцца папяровай працай, што і пацьвердзіла ў часе размовы сакратарка — Тацяна Шабрына.

(Шабрына: ) “Людзям хацелася б правесьці газ. Фактычна да кожнай хаты праведзены, а аплаціць за падключэньне грошай няма. Хацелася б і водаправод пракласьці, дарогі заасфальтаваць, падсыпаць іх”.

(Карэспандэнт: ) “На што хапае? Зараз плакаць будзеце?”

(Шабрына: ) “На сёньняшні дзень выдадзена 2038 даведак пра стан сям’і, пэнсіянэрам на атрыманьне льготаў, на крэдыты, на рэалізацыю прадукцыі, вырашчанай на прысядзібнай гаспадарцы…”

(Карэспандэнт: ) “Гэта ўсё вы адна?”

(Шабрына: ) “Так…”

Была ў Коханаве спроба правесьці першую палітычную акцыю. Згадвае ейны ініцыятар — праваабаронца Мікалай Петрушэнка:

(Петрушэнка: ) “Марш бруднай бялізны быў задуманы таму, што доўгі час не было гарачай вады, давалі раз на тыдзень, а потым перасталі зусім. Мы напісалі заяву на правядзеньне па маршруце Коханава — пасялковы савет. Месцам нам далі пляцоўку для выгулу сабак. Таму мы адмовіліся. Але, я думаю, што на гэты марш не прыйшло б шмат народу, народ не гатовы. Але ж улада зразумела, што паціху пачынае аб’ядноўвацца. І таму цяпер гарачая вада ёсьць”.

На вуліцы ж ў мяне адбылася сустрэча з выпускніцай Тацянай. Яна марыць пабачыць сьвет, стаць настаўніцай замежнай мовы. І пасьля абавязкова вярнуцца на малую радзіму. Свае пачуцьці прапанаваў дзяўчыне выказаць за дзесяць сэкундаў. Тацяна адказала па-ангельску:

(Тацяна: ) “Long live Kochanava!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG