Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Захаранкі перадала ліст Джорджу Бушу


Алесь Дашчынскі, Менск Вольга Захаранка перадала паўз дыпляматычныя каналы ліст прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу. У гэтым пасланьні жонка былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, які быў выкрадзены невядомымі ў траўні 1999 году, выказвае падзяку амэрыканскаму прэзыдэнту за маральную падтрымку сем''ям зьніклых палітыкаў.

Вольга Захаранка ў сваім лісьце да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша тлумачыць свой намер яшчэ раз нагадаць пра тую сытуацыю, у якой знаходзіцца Беларусь. Паводле спадарыні Захаранкі, “у краіне ўсталяваная жорсткая дыктатура, атмасфэра нецярпімасьці да любых праяваў іншадумства, народ знаходзіцца ў страху і няпэўнасьці перад будучыняй.”

Паводле спадарыні Вольгі, беларускія ўлады ня толькі не прадпрымаюць дзеяньняў ў пошуку вінаватых у палітычных зьнікненьнях, але ўсяляк адмаўляюць у атрыманьні хоць нейкай інфармацыі ад органаў пракуратуры, якія займаюцца расьсьледаваньнем крымінальнай справы па факце забойства мужа.

Шэраг сьведкаў, спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пуругрыдэс заяўляюць пра далучнасьць да злачынстваў вышэйшых службовых асобаў краіны – кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Шэймана, міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова, камандзіра брыгады спэцпрызначэньня ўнутраных войскаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Тым, хто праводзіць незалежнае расьсьледаваньне робяцца перашкоды і пагрозы.

У лісьце да прэзыдэнта ЗША Вольга Захаранка піша: "У мяне няма ілюзій, што пры дзейнай уладзе крымінальная справа будзе расьсьледавана органамі пракуратуры аб''ектыўна і ўсебакова. Цяпер адзіным выйсьцем у такой сытуацыі мы бачым узбуджэньне ў адной з эўрапейскіх краінаў крымінальнай справы па факце гвалтоўнага выкраданьня Юрыя Захаранкі".

Вольга Захаранка таксама выказвае ўпэўненасьць, прыйдзе час, калі сьвет даведаецца, хто забіваў сваіх апанэнтаў у мірны час, хто падманвае беларускі народ і ператварае краіну ў пасьмешышча перад усім сьветам.

Кіраўнік грамадзкай камісіі па ўстанаўленьні абставінаў зьнікненьня палітыкаў, законны прадстаўнік сям''і Захаранкаў у Беларусі Алег Воўчак заяўляе, што ўзбуджэньне крымінальнай справы адбудзецца найбліжэйшым часам.

(Воўчак: ) “Ужо год працавалі над гэтым пазовам, працавалі яе адвакаты, усё вывучалі, ішлі розныя перамовы са сьведкамі, ужо падыходзіць да таго, што гэтым летам, найбліжэйшым часам плянуецца зьвярнуцца ў адну з эўрапейскіх дзяржаваў ”.

Пасьля зьнікненьня мужа Вольга Захаранка папрасіла палітычнага прытулку ў Нямеччыне, дзе яна цяпер пражывае цягам пяці гадоў разам з дочкамі Юліяй і Аленай і пяцігадовым ўнукам. Паводле Вольгі Захаранкі, яна вымушана жыць у Нямеччыне, бо на радзіме не адчувала сябе ў бясьпецы. Ёй неаднаразова пагражалі фізычнай расправай над сям’ёй, сказала Вольга Захаранка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG