Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацыентка са зламанай нагой абвясьціла галадоўку


Браніслава Станкевіч, Віцебск 6-га красавіка 2005 году 32-гадовая Яніна Запрыварына была дастаўленая ў віцебскі шпіталь са складаным пераломам нагі. Цяпер ёй неабходная апэрацыя, супраць якой пацыентка і ейныя сваякі нічога ня маюць, аднак спадарыня Запрыварына катэгарычна адмаўляецца падпісаць неабходную ў падобных выпадках “Згоду на хірургічнае ўмяшальніцтва”. Бяз подпісу пад такім дакумэнтам ніводзін хірург ня мае права апэраваць хворага, і тым ня менш спадарыня Яніна Запрыварына патрабуе менавіта гэтага. На 50-ты дзень свайго знаходжаньня ў шпіталі яна абвясьціла галадоўку.

"Згода на хірургічнае ўмяшальніцтва" гэта свайго кшталту страхоўка доктара на выпадак непрадбачаных і шкодных для здароўя пацыента наступстваў апэрацыі, прадугледжаная заканадаўствам. Тое, што ніякіх гарантыяў ад падобных непрадугледжаных выпадкаў у часе апэрацыі ніводзін доктар даць ня можа, спадарыні Запрыварынай спрабавалі давесьці на самых розных узроўнях – ад загадчыка аддзяленьня траўматалёгіі і артапэдыі Андрэя Жалезьняка да галоўнага хірурга Мінздраву Міхаіла Ваяводы.

Аднак пацыентка шпіталю і ейныя бацькі настойваюць на сваім: на іхную думку, падпісаць дакумэнт “Згода на хірургічнае ўмяшальніцтва” – гэта тое самае, што падпісаць самому сабе прысуд, бо ў такім выпадку дактары не будуць ставіцца да сваёй працы з належнай доляй адказнасьці.

Яніна Запрыварына лічыць, што мае падставы не давяраць дзяржаўнай мэдыцыне і вінаваціць ўрачоў у непрафэсійнасьці і службовай халатнасьці: паводле ейнага меркаваньня, зь першых дзён знаходжаньня ў шпіталі яе лечаць недастаткова інтэнсіўна, і неналежны догляд ўжо прывёў да запаленьня адкрытае раны на назе.

Галадоўка спадарыні Запрыварынай цягнецца ўжо пятыя суткі. Спачатку яна хацела хіба дамагчыся гарантыяў на якасьць апэрацыі ад дактароў, але цяпер зьвярнулася і да журналістаў. У выніку галадаваньня стан ейнага здароўя пагоршыўся, дактары мусяць ставяць ёй кропельніцы з мацуючымі прэпаратамі, і, што асабліва абурае Яніну Запрыварыну, абяцаюць наладзіць агляд у псыхіятра.

Сваякі, на знак салідарнасьці зь Янінай, абяцаюць у выпадку неабходнасьці паехаць у Менск і наладзіць пікетаваньне каля будынка прэзыдэнцкае адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG