Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня па абедзе будзе абвешчаны прысуд М.Статкевічу і П.Севярынцу


Любоў Лунёва, Менск Сёньня мае закончыцца працэс над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам, якіх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 18 і 19 кастрычніка 2004 году. У 14 гадзінаў закончыцца перапынак у судовым паседжаньні, і судзьдзя Леанід Ясіновіч абвесьціць прысуд.

Міколу Статкевіча раніцай прывезьлі ў суд пад аховай. Ён зноў адмовіўся ўстаць перад судзьдзём, і яго выдалілі з судовай залі. Павел Севярынец быў адзіны, хто меў магчымасьць сказаць апошняе слова. У сваёй прамове ён спаслаўся на тое, што ён выступае дзеля таго, каб задакумэнтаваць усё тое, што адбывалася на судовым паседжаньні. Ён зазначыў, што ніякага парушэньня грамадзкага парадку, тым больш масавых беспарадкаў у Менску 18-19 кастрычніка не было. Напрыканцы сваёй прамовы ён спаслаўся на Эвангельле паводле Мацьвея – “Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць”. На думку Севярынца, суд над ім і Статкевічам распачалі з адзінай мэтай – пазбавіць іх магчымасьці ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. На судзе было шмат паплечнікаў Міколы Статкевіча, прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, а таксама адзін зь лідэраў Сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі Урбан Алін і прадстаўнік швэдзкай амбасады Ян Шадэк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG