Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Guardian: "Тое што французы сказалі "не!" Эўропе – такі ж парадокс, як тое, калі б расейцы адмовіліся ад гарэлкі"


Юры Дракахруст, Прага Адмова Францыі падтрымаць на рэфэрэндуме эўрапейскую Канстытуцыю будзе мець шматлікія наступствы. Паводле экспэртаў, хутчэй за ўсё гэтае рашэньне на доўгі час затармозіць працэс пашырэньня Зьвязу, у прыватнасьці, паставіць пад сумнеў уступленьне Турэччыны.

“Тое што французы сказалі не аб’яднанай Эўропе – такі ж парадокс, як калі б ангельцы адмовіліся ад ялавічыны ці расейцы – ад гарэлкі”, піша ў “Гардзіян” вядомы брытанскі палітоляг Тыматы Гартан Эш.

Сапраўды, Францыя – краіна-заснавальнік Эўразьвязу, нават сам праект эўрапейскай Канстытуцыі быў распрацаваны групай пад кіраўніцтвам былога францускага прэзыдэнта Валеры Жыскар Д’эстэна.

Аналітык з галяндзкага інстытуту міжнародных адносінаў Дык Леўрдык мяркуе, што пасьля ўчорашняга галасаваньня спрэчкі пра лёс Эўропы больш ужо ніколі ня будуць такімі, якімі былі раней.

(Леўрдзік: ) "Мы знаходзімся цяпер у новай палітычнай сытуацыі. Дыскусія аб Эўропе ніколі ня будзе такой жа, якой яна была да ўчорашняга дня, калі працэс эўрапейскай інтэграцыі быў пераважна справай палітычных элітаў Эўропы".

Пасьлязаўтра рэфэрэндум аб Эўрапейскай Канстытуцыі адбудзецца ў Галяндыі, і там паводле папярэдніх апытаньняў большасьць таксама выкажацца супраць.

Тыматы Гартан Эш у артыкуле ў “Гардзіян” пералічвае прычыны, зь якіх французы зрабілі такі парадаксальны выбар: “Яны сказалі “не!” пэрспэктыве уступленьня ў Зьвяз Турэччыны, эканамічным рэформам на англасаксонскі ўзор, рынкаваму лібэралізму, які прапіхвае Брусэль. Гэтае “не!” абумоўленае страхам, страхам, што тваю працу адбярэ “польскі сантэхнік”. Страхам перад імігрантамі, страхам пераменаў. Ня толькі французы, але і іншыя эўрапейскія народы усё больш прыходзяць да высновы, што яны губляюць кантроль над Эўразьвязам”, – піша журналіст брытанскай газэты.

Галяндзкі аналітык Дык Леўрдык мяркуе, што вынікі рэфэрэндуму ў Францыі сталі своеасаблівым рэхам леташняга пашырэньня Зьвязу.

(Леўрдык: ) "Адна з найвялікшых праблемаў, якая зараз стала відавочная, гэта тое, што шмат людзей палохае хуткасьць працэсу аб’яднаньня. Летась колькасьць сяброў Зьвязу павялічылася з 15 да 25, і гэта, здаецца, было адным з галоўных матываў для многіх французаў сказаць “не!”, гэта ж – адна з цэнтральных тэмаў цяперашніх спрэчак ў Галяндыі".

Экспэрты не выключаюць, што з прычыны такога выніку нават пачатак перамоваў з Турэччынай аб уступленьні ў Эўразьвяз, прызначаны на кастрычнік, будзе адкладзены.

Пэрспэктывы ўступленьня Турэччыны ў Эўразьвяз ускладняюць ня толькі вынікі францускага рэфэрэндуму, але і меркаваныя вынікі хуткіх парлямэнцкіх выбараў у Нямеччыне, дзе хутчэй за усё да ўлады прыйдуць хрысьціянскія дэмакраты. Іхнае стаўленьне да ўступленьня Турэччыны ў Эўрапейскі Зьвяз значна больш стрыманае, чым у цяперашняй урадавай кааліцыі.

Паводле умоваў францускае галасаваньне азначае, што Канстытуцыя ў яго цяперашнім выглядзе прынятая ня будзе. Ня выключана, што будзе распрацаваны іншы, больш “мяккі” варыянт Канстытуцыі, і працэдура яе ўхвалы пройдзе па новым коле. Экспэрты падкрэсьліваюць, што вынікі францускага рэфэрэндуму не азначаюць распаду цяперашняга Эўразьвязу – ён і далей можа існаваць без канстытуцыі, як існаваў дагэтуль.

Праўда, паводле эканамічных аналітыкаў, няпэўнасьць пэрспэктываў Зьвязу ў сувязі з францускім рэфэрэндумам і хуткімі парлямэнцкімі выбарамі ў Нямеччыне можа прывесьці да істотнага падзеньня курсу эўрапейскай валюты эўра.

Гл. таксама • Вынікі францускага рэфэрэндуму камэнтуюць у Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG