Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Чарткоў: ”Я думаю, што мы пераможам. Бо па-іншаму нельга”


Вольга Караткевіч, Прага У Жодзіне шосты дзень галадуюць Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец, Сяржук Мурашка, Павал Каранюхін і Сяржук Марчык. Яны пратэстуюць супраць выключэньня з навучальных установаў паводле палітычных прычынаў. Вольга Караткевіч пагаварыла з кіраўніком Жодзінскай філіі “Маладой Грамады” Зьмітром Чартковым.

(Мадэратар: ) Зьміцер, колькі цяпер галадоўнікаў? Што прымусіла Вас ды іншых пайсьці на гэты крок?

(Чарткоў: ) “На сёньняшні дзень нас шасьцёра, зь іх два непаўналетнія. Сёньня пачаўся ўжо шосты дзень галадоўкі.

Што нас прымусіла? Апошняй кропляй, якая змусіла нас да гэтага радыкальнага мэтаду - галадоўкі, было тое, што Сержука Мурашку, нашага хлопца, затрымалі на Чарнобыльскім Шляху і незаконна выключылі з Жодзінскага Гарадзкога Палітэхнікуму. Калі мы падалі заяву ў Жодзінскі Гарадзкі Палітэхнікум, дык атрымалася так, што на ўсіх, хто пайшоў падаваць заяву разам зь імёнамі ўсіх тых, каго выключылі за апошнія дзевяць месяцаў з жодзінскіх навучальных установаў, - на іх пачаўся ціск. І выключылі яшчэ аднаго хлопца, а дзьвюх дзяўчат зь дзявятай клясы не хацелі браць далей у жаночую гімназію - адзіную ў Беларусі.

І таму мы вырашылі, што калі нас ніхто ня слухае, зробім пікет - дык нас проста затрымаюць і пасадзяць, мы вырашылі, што - колькі можна чакаць, колькі можна маўчаць. Трэба браць і рабіць. І мы абвясьцілі галадоўку”.

(Мадэратар: ) Зьміцер, як выглядае тая кватэра, тое месца, дзе вы галадаеце? Што вы робіце, як вы бавіце час?

(Чарткоў: ) “Цяпер мы знаходзімся на другой кватэры, гэта - мая кватэра, дзе я стала пражываю. Мы глядзім тэлевізар, працуем на кампутары. Прыходзяць сябры, падтрымваюць нас - увесь пакой застаўлены шклянкамі з вадой. Таксама чытаем кнігі, я вось, напрыклад, пачаў чытаць "Quo vadis?", хтосьці чытае “Брыджыт Джоўнз”. Адпачываем як можам, слухаем беларускую музыку - і трымаемся. Трымаемся тым, што да нас прыходзяць, тэлефануюць, падтрымваюць. Выходзім на вуліцу, тут у дворык - усе ўжо ведаюць.

А ўчора адбылося тое, што гарвыканкам і гарадзкі аддзел культуры рабілі канцэрт, а там выступалі нашы сябры. Яны пасьпявалі, а пасьля выказаліся ў падтрымку галадоўнікаў і даволі моцна. Ня ведаю, што зь імі будзе, але яны гэта зрабілі”.

(Мадэратар: ) Зьміцер, а ці праходзілі вы і вашыя сябры за гэтыя шэсьць дзён галадоўкі нейкі мэдычны агляд?

(Чарткоў: ) “Так, прыяжджалі з хуткай дапамогі, прыходзіла доктар, аглядалі, аднаму з нашых хлапцоў было крышачку дрэнна на трэці дзень галадоўкі, але пасьля ўсё было добра, мы перайшлі нейкі крытычны момант, і на сёньняшні дзень усе адчуваюць сябе добра. Кожны дзень да нас прыходзіць наш сябар і фэльчар хуткай дапамогі Аляксандар Ваўчанін, ён таксама нас аглядае, замярае ціск - пакуль што ўсё добра”.

(Мадэратар: ) Ці ёсьць нейкія знакі салідарнасьці з вашай акцыяй з боку беларускіх апазыцыйных палітыкаў? Або з замежжа?

(Чарткоў: ) “Так, ёсьць. Вось, у Сержука Марчыка жонка знаходзіцца ў Ангельшчыне і таксама тэлефануе, што ангельскія беларусы ведаюць і падтрымваюць. Нам тэлефануюць з Масквы і кажуць, што будуць пашыраць інфармацыю ў расейскіх СМІ. Ва Ўкраіне ўвогуле ў сераду зьбіраюцца абнесьці беларускую амбасаду калючым дротам - зьвязваўся міністар замежных справаў Украіны Тарасюк і сказаў, што ўсіх тых, хто быў адлічаны з навучальных установаў на тэрыторыі Беларусі – яны паспрабуюць уладкаваць ва ўкраінскія ВНУ і даць магчымасьць далей навучацца. Таксама тэлефанавалі сябры з Нарвэгіі, якія цяпер там ствараюць Саюз Беларусаў, далучылася таксама Бэльгія – падтрымка вельмі моцная з замежжа, а ва Ўкраіне нават зьбіраюцца некаторыя нашы беларусы галадаваць”.

(Мадэратар: ) Зьміцер, а ці ёсьць нейкі шанец у Беларусі дамагчыся свайго праз галадоўку? Вось год таму дэпутаты групы “Рэспубліка” галадавалі за зьмены ў выбарчым заканадаўстве, да іх далучыліся іншыя, у тым ліку і вы, але ніякіх зьменаў у заканадаўстве няма як не было. Дык – ці гэта сапраўды эфэктыўны спосаб?

(Чарткоў: ) “Так. Я ўсё ж нарэшце лічу, што гэта эфэктыўна, таму што вось Мікалай Аўтуховіч паказаў, што можна нешта зрабіць, трэба толькі мужна трымацца і далучаць людзей, каб людзі зразумелі тваю пэўную мэту – трэба добра растлумачыць задачы, якія ты перад сабой ставіш. І гэта атрымалася. Калі нават глядзець у гісторыю – калі Гандзі абвяшчаў галадоўкі, яго таксама ў Індыі, мабыць, ня вельмі проста ўсё было. А яшчэ Андрэй Шантаровіч зь “Местной газеты” – вынік быў. І таму ў нас таксама ўжо пачынаюцца нейкія вынікі і – што яшчэ атрымваецца – ужо прыяжджалі да нас з гарвыканкаму, з ідэалягічнага аддзелу, і на двух дзяўчат кажуць – “мы ж ня ціснулі на іх... гэта ня мы... вы ня так зразумелі”. Дырэктарка выклікала дзяўчат і казала: “Не-не-не, вы ня так зразумелі...” Вось сёньня ляжа на яе стол пісьмовая заява, каб яна пісьмова пацьвердзіла, што яны далей будуць навучацца. І сёньня ўжо апошняя кропка – пракуратура павінна даць адказ: што далей? Думаю, што з моладзьдзю зьвязвацца яны не пажадаюць, бо для іх гэта ня вельмі зручна”.

(Мадэратар: ) Зьміцер, вашы далейшыя пляны – гэта галадаць?

(Чарткоў: ) “Так, пакуль ня выканаюць нашы чатыры патрабаваньні, мы будзем працягваць галадоўку”.

(Мадэратар: ) І апошняе пытаньне – як, на вашую думку, выглядаюць шанцы апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?

(Чарткоў: ) “Калі мы будзем працаваць на сытуацыю, калі мы пакажам, што мы ёсьць – шанец добры, таму што людзі ўжо незадаволеныя, проста трэба хістануць саму сытуацыю, тады ўсё будзе добра. Я думаю, што мы пераможам. Бо па-іншаму нельга”.

На малюнку: вучнёўская парта і сонейка - сымбаль галадоўкі, які намалявалі сабе галадоўнікі ў Жодзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG