ЕРУСАЛІМ. Урад Ізраілю вырашыў вызваліць 400 палестынскіх вязьняў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх вязьніцах. Гэтае рашэньне падтрымалі 18 міністраў, у той час як трое чальцоў кабінэту выказаліся супраць. Дакладны дзень выхаду палестынцаў на волю пакуль ня вызначаны.
Паводле палестынска-ізраільскага пагадненьня, падпісанага сёлета ў лютым, Ізраіль абавязаўся вызваліць вязьняў калі ўлады аўтаноміі зробяць захады супраць экстрэмістаў.
500 палестынцаў выйшлі на волю 21 лютага, а вызваленьне чарговых вязьняў было адкладзенае з-за недастаткова актыўнага, паводле Ізраілю, раззбраеньня ваяўнікоў палестынскімі ўладамі.
Між тым на Заходнім беразе Ярдану, каля гораду Хэўрон, ізраільскія вайскоўцы забілі палестынца, які заатакаваў іх нажом.