Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сканчэньне фэстывалю "Магутны Божа" прыехаў амэрыканскі сьпявак


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве падыйшоў да завяршэньня 13-ты міжнародны фэстываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. У суботу адбудзецца афіцыйнае закрыцьцё фэстывалю і ўзнагароджаньне ляўрэатаў. Як праходзіць фэстываль, якія ўражаньні яго ўдзельнікаў і гледачоў – пра гэта раскажа наша карэспандэнтка.

Сёньня ў магілёўскім касьцёле Святога Станіслава прайшлі апошнія фэстывальныя канцэрты: фінальны тур для ўдзельнікаў конкурсу – вакалістаў і харавых калектываў, і нарэшце выступленьне госьця фэстываля з ЗША – сьпевака Кларэнса Боера, які не прыехаў своечасова, бо ў часе вандроўкі амэрыканец згубіў пашпарт.

Фэстываль наведаў апольскі нунцый архіепіскап Марцін Відовіч, ён выступіў на адкрыцьці, перадаў прывітаньне і бласлаўленьне фэстывалю “Магутны Божа” ад папы Бэнэдыкта XVI і паціснуў руку праваслаўнаму архіепіскаму Магілёўскаму і Амсьціслаўскаму Сафронію, які таксама выступіў з прамовай і сваім бласлаўленьнем.

“Магутны Божа” – гэта фэстываль, які аб''явіў сваёй мэтай яднаньне людзей розных нацыяў і хрысьціянскіх канфэсіяў. Фэстывальная праграма сёлета выглядае даволі сьціпла. Арганізатары на прэсавай канфэрэнцыі ўгаворвалі журналістаў не шукаць бервяно ў фэстывальным воку, а патрыятычна радавацца таму, што ёсьць. Але насамрэч цяжка не заўважыць: замежных гасьцей вельмі мала – толькі некалькі калектываў і салістаў з Расеі ды Ўкраіны. На фэстывалі таксама выступіў арганіст зь Нямеччыны, а ў асноўным прадстаўлены вобласьці і гарады Беларусі.

Сёлета на фэстываль не прыехаў ніводны польскі ўдзельнік, а раней без палякаў не абыходзіўся ніводны фэстываль “Магутны Божа”.

Калі я запыталася ў арганізатараў: “У чым прычына?..”, яны сталі распавядаць, што запрашалі, але, на жаль, не атрымалася. Але пробашч і дэкан Магілёўскі Раман Факсіньскі сказаў, што на гэта прычыны сур''ёзныя і даў зразумець, што гэта ад пагаршэньня беларуска-польскіх дачыненьняў.

Застаецца толькі спадзявацца, што ў будучым геаграфія фэстывалю будзе пашырацца. Кіраўнікі аргкамітэту Антаніна Шаркова і ксёндз Раман Факсіньскі паабяцалі, што будзе новы ўздым на 15-м, юбілейным фэстывалі, куды запросяць нават саліста Вэнскай опэры. А наколькі ажыцьцявяцца гэтыя сьмелыя пляны – пакажа час.

Ці заўважаць гледачы фэстывалю зьмены, якія з ім адбываюцца? Як яны ставяцца да гэтага музычнага сьвята?

(Спадар: ) “Людзям патрэбныя сьвяты, і ня толькі афіцыйныя даты. Гэта добра, што гараджане змаглі прыйсьці і паслухаць проста добрую музыку”.

(Спадарыня: ) “Мы – украінцы. Увогуле нам падабаецца гэты фэстываль, таму мы сюды і прыехалі. Нас добра сустрэлі. Атмасфэра добразычлівая”.

(Іншая спадарыня: ) “Я хачу сказаць, што фэстываль у дачыненьні да духоўнасьці абяднеў апошнім часам. Таму я лічу, што трэба перагледзіць праграму фэстываля, альбо зачыніць. Я памятаю першы фэстываль і цяпер 13-ты – гэта вялікая розьніца”.

(Спадарыня: ) “Не, няхай ён будзе. Няхай ён будзе хаця б такі, які ён ёсьць. Каб захаваць назву і захаваць людзей, якія прыходзяць на гэты фэстываль. Я толькі малю Бога, каб ён яшчэ і назву гэтую не страціў да наступнага году”.

Трэба дадаць: пра тое, што назву фэстывалю “Магутны Божа” ўлады хацелі зьмяніць, гавораць у кулюарах фэстывалю. Але прыхільнікі фэстывалю “Магутны Божа” спадзяюцца, што гэтага не адбудзецца, бо рэлігійны гімн на словы Натальлі Арсеньневай і музыку Міколы Равеснкага – гэта духоўная аснова магілёўскага фэстывалю духоўнай музыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG