Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Głos znad Niemna” па-ранейшаму не друкуюць, а арыштаваны наклад газэты “День” — не вяртаюць


Сяргей Астраўцоў, Горадня Выхад газэты Саюзу палякаў “Głos znad Niemna” апынуўся пад пагрозай. Некаторыя сябры Саюзу не выключаюць, што перашкода выхаду газэты можа сьведчыць нават аб пачатку ліквідацыі самой арганізацыі. Арышт накладу адноўленай газэты “День” тым часам можа стаць канцом існаваньня гэтага незалежнага выданьня.

Сёньня ня выйшаў пасьля паўмесячнага перапынку новы нумар “Głos znad Niemna”, абласная друкарня адмовілася надрукаваць наклад. У аддзеле заказаў друкарні мне сказалі, што прычыны адмовы зможа патлумачыць толькі дырэктар Пятро Мітрафанаў, а ён будзе толькі ў панядзелак.

Галоўны рэдактар “Głosa…” Анджэй Пісальнік ня здолеў сёньня зьвязацца з дырэктарам. Праўда, у друкарні яму сказалі, што нібыта ўзьнікла запазычанасьць за друк газэты, хаця ў бугальтэрыі Саюзу палякаў гэтага не пацьвердзілі. Усе рахункі аплачаны, адказалі яны. Сытуацыя выглядае даволі пэсымістычна.

(Пісальнік: ) “Практыка іншых незалежных выданьняў паказвае, што калі друкарня ў Горадні адмовіцца друкаваць газэту, то ўжо ўсе друкарні ў Беларусі нам адмовяць”.

Спадар Пісальнік кажа, што друкаваць газэту можна было б і за мяжой, але тады рэдакцыя ня зможа распаўсюдзіць наклад. Новы нумар “Głosa…” таксама рыхтаваў Андрэй Пачобут, ён так расцэньвае сытуацыю:

(Пачобут: ) “Па сутнасьці адмову друку газэты “Głos znad Niemna” — гэта пачатак ліквідацыі Саюзу палякаў. Я лічу, што ўлады адмовіліся друкаваць яе дзеля таго, каб людзі, шараговыя сябры Саюзу палякаў не даведаліся пра тое, што ў нас адбываецца. Мы ведаем, што па ўсёй краіне цяпер ідзе запалохваньне людзей, рэгіянальных лідэраў Саюзу палякаў. У гэтым прымаюць удзел КДБ і органы мясцовай улады”.

Андрэй Пачобут зазначае, што выхад газэты стаў бы вялікай падтрымкай для тых людзей, якія апынуліся сёньня пад прэсінгам з боку ўлады. Ягоны прагноз такі:

(Пачобут: ) “Я лічу, што гэта такі сыгнал, што лёс арганізацыі ўжо вырашаны і што будзе абраны менавіта сілавы сцэнар ліквідацыі арганізацыі”.

Учора міліцыя арыштавала наклад адноўленай газэты “День”, якую рэдагуе гарадзенец Мікола Маркевіч. Газэту надрукавалі ў Смаленску. Міністэрства інфармацыі накіравала ў смаленскую друкарню афіцыйны ліст, каб “День” не друкавалі, бо ў рэдакцыі зьмяніўся юрыдычны адрас. Сёньня Міколу Маркевіча тэрмінова выклікала намесьнік міністра Ліліія Ананіч, каб сказаць, што яны накіруюць рэдакцыі пісьмовы запыт наконт юрыдычнага адрасу газэты.

Два тыдні таму Беларускае тэлебачаньне паказала фільм, накіраваны супраць Саюзу палякаў. У ім было зазначана, што новае кіраўніцтва СПБ дало юрыдычны адрас, як было сказана, “бульварнай апазыцыйнай газэце “День”.

(Маркевіч: ) “Я хачу сказаць: атрымліваецца, што ўсе, каму трэба, ведаюць, дзе знаходзіцца газэта “День”, акрамя міністэрства інфармацыі. Нават у фільме паказваюць і называюць, а вось міністэрства інфармацыі робіць выгляд, што яно ня ведае.”

Спадар Маркевіч зазначае, што дзеяньні ўладаў могуць сьведчыць аб жаданьні спыніць існаваньне яшчэ адной незалежнай газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG