Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец 12-ы дзень трымае галадоўку за кратамі


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта паведаміла ягоная жонка Аляксандра, якая 26 траўня наведала свайго мужа. Адзін з актывістаў беларускай палітычнай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай з 15 траўня знаходзіцца ў берасьцейскім сьледчым ізалятары. І з таго дня трымае галадоўку.

Мабільны тэлефон жонкі экс-дэпутата, пачынаючы з моманту прызначанай ёй сустрэчы з мужам, даволі працяглы час быў адключаны. Гэта выклікала пэўную насьцярожанасьць, ці не здарылася нешта зь ёй альбо з Сяргеям Скрабцом? Адвакат Міхаіл Хоміч супакойваў:

(Хоміч: ) "Там жа ўсё ідзе па чарзе. І сустрэча адбываецца толькі тады, калі вызваляецца спэцыяльны пакой для гэтых мэтаў".

(Карэспандэнт: ) "А як сябе адчувае спадар Скрабец?"

(Хоміч: ) "Магу вам адказаць так бы мовіць ягонымі ўласнымі словамі: галадаю й пакуль трымаюся. І сказаў, што будзе трымацца да апошняга".

Пра тое, што экс-парлямэнтары трымае галадоўку паведамляе сёньня Аляксандра Скрабец, якая дачакалася сустрэчы з мужам:

(Аляксандра Скрабец: ) "Канечне галадае. А афіцыйныя ўлады што могуць сказаць? Тое, што ім выгодна".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Аляксандра, да сёньняшняй сустрэчы вы двойчы прасілі вашага мужа спыніць галадоўку, але тады ня мелі ад яго адказу. А ці казалі вы пра гэта й сёньня?"

(Аляксандра Скрабец: ) "Так, я яго й сёньня прасіла. Я яму кажу: я цябе заклінаю – спыні галадаваньне. А ён адказвае: я сытуацыю трымаю пад кантролем. Калі будзе ўжо зусім дрэнна, мо я з галадоўкі выйду".

Жонка экс-дэпутата дзеліцца ўражаньнямі ад сустрэчы:

(Аляксандра Скрабец: ) "Ён моцна схуднеў, зарос. Але ж ён аптыміст – усьміхаецца, гаворыць, што адчувае сябе добра. Ён трымаецца малайцом".

(Карэспандэнт: ) "А яшчэ пра што размаўлялі?"

(Аляксандра Скрабец: ) "Пра дзяцей, канечне. Пра бацькоў, пра тату. У таты ёсьць праблемы са здароўем. Таму Сяргей вельмі хвалюецца наконт бацькі. Пытаўся пра дзяцей, пра дачку Наташку, маўляў, ці моцна яна плакала. Я, кажа, ёй дзень народзінаў сапсаваў".

Тут трэба патлумачыць, што Скрабец быў арыштаваны 15 траўня, а на наступны дзень ягонай дачцэ споўнілася 16 гадоў.

Паводле Аляксандры Скрабец, да яе мужа даходзіць некаторая інфармацыя пра ягоную справу зь некаторых мэдыяў. Экс-дэпутат просіць падзякаваць усім за падтрымку, але не разьлічвае хутка пабачыцца з роднымі, сябрамі ды паплечнікамі:

(Аляксандра Скрабец: ) "Ён сказаў: на мой хуткі выхад ты не разьлічвай. Не дзеля гэтага мяне бралі. Я ведаў пра гэта й ужо рыхтаваўся. Я табе проста пра гэта не казаў. Але я ведаў, што гэта справа літаральна некалькі дзён".

Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня і цяпер працягвае галадоўку пратэсту ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG