Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускай моладзевай апазыцыі вярнуліся з Вашынгтону


Міхал Стэльмак, Менск Завяршыўся візыт у ЗША прадстаўнікоў беларускай моладзевай апазыцыі: лідэра барысаўскай суполкі БНФ Сяржука Салаша і прадстаўніцы Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” у Брусэлі Вольгі Стужынскай. У Вашынгтоне і Нью-Ёрку яны правялі шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі Злучаных Штатаў, кіраўнікамі уплывовых грамадзкіх арганізацыяў, а таксама журналістамі вядучых мас-мэдыяў.

Візыт Сержука Салаша і Вольгі Стужынскай у Злучаныя Штаты ладзіла Міжнародная ліга правоў чалавека. Яны наведалі Палату прадстаўнікоў, Сэнат, Дзярждэпартамэнт. Апроч сустрэч зь іх прадстаўнікамі, у дэмакратычных актывістаў зь Беларусі адбыліся гутаркі з памочнікамі сэнатараў Джозэфа Байдэна і Рычарда Лугара, былым амбасадарам ЗША ў Менску Майклам Козакам. Вось што паведаміў пра свае ўражаньні ад паездкі спадар Салаш:

(Салаш: ) “Мэтаю было азнаямленьне амэрыканскага боку з сытуацыяй у Беларусі, якая мае ў нас месца цяпер, а таксама даведацца пра ролю моладзі ў тых працэсах – палітычных, грамадзкіх, якія адбываюцца ў Беларусі. Я б хацеў адзначыць, што прадстаўнікі тых арганізацыяў, тых інстытуцыяў, зь якімі мы сустракаліся, а таксама памочнікі тых сэнатараў, зь якімі мы мелі гутаркі, яны насамрэч маюць вялікую цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі. Яны абсалютна разумеюць, што ў Беларусі пануе дыктатарскі рэжым, разумеюць, што зь Беларусьсю трэба працаваць на пэрспэктыву. Я думаю, што амэрыканскі бок разумее, што такія маланкава хуткасныя рэвалюцыі, якія адбыліся ва Украіне, у Грузіі і Кыргызстане, у Беларусі могуць у бліжэйшы час і не адбыцца. Таму яны гатовыя працаваць і на пэрспэктыву. Але адназначна: той рэжым, які пануе ў Беларусі, амэрыканскі бок не задавальняе, як, прынамсі, і Заходнюю Эўропу таксама. І таму будуць прымацца разнастайныя захады – дыпляматычныя ды іншыя, для таго, каб беларускі народ вызваліць ад гэтага рэжыму, каб ён меў магчымасьць жыць вольна і дэмакратычна”.

Апроч чыноўнікаў дзяржаўных структур ЗША, моладзевыя дэмакраты зь Беларусі сустракаліся з прадстаўнікамі Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША, Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту, Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту, праваабарончых арганізацыяў "Human Rights First" и "Human Rights Watch", журналістамі вядучых амэрыканскіх выданьняў. Уражаньнямі ад гэтай паездкі, у прыватнасьці, спадар Салаш плянуе 25 траўня падзяліцца ў Барысаве зь сябрамі дэмакратычных арганізацыяў гэтага гораду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG