Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую “Крэмніевую даліну” прапануюць назваць “Бесідолам”, “ПаВыТэхам” ці “Паркам славянскіх тэхналёгій”


Ігар Карней, Менск 24 траўня ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі мусяць вызначыць, пад якой назвай зьявіцца на рынку высокіх тэхналёгій беларускі аналяг амэрыканскай “сіліконавай”, ці, больш правільна, “крэмніевай” даліны. У пачатку траўня быў абвешчаны конкурс на найбольш прывабную шыльду будучага “раю для праграмістаў” і 24 траўня канчатковы варыянт павінен зьявіцца на сайце www.park.by.

Пакуль што зацікаўленыя асобы, якія прапагандуюць неабходнасьць для Беларусі чарговага глябальнага праекту, апэлююць да назвы “Парк высокіх тэхналёгій” і, магчыма, сёньня апошні дзень, калі пакуль што гіпатэтычную беларускую “крэмніевую даліну” называюць менавіта так.

Цягам свайго існаваньня гэтае ўсё яшчэ тэарэтычнае “высокатэхналягічнае ўтварэньне” ужо пасьпела зьмяніць некалькі назваў: ад пачатку гаворка ішла пра “Акадэмтэхнаполіс”, пасьля, з падачы дзяржаўнага куратара праекту, прэзыдэнцкага памочніка Валерыя Цапкалы – пра Парк высокіх тэхналёгій. Цяпер вырашана канчаткова вырашыцца з назвай, паколькі, на думку Валерыя Цапкалы, шыльда ў немалой ступені фармуе прыцягальнасьць таго ці іншага праекту. З чым, уласна кажучы, цяжка не пагадзіцца. Гэта як у прымаўцы – як карабель назавеш, так ён і паплыве. Праўда, пры гэтым застаецца досыць вялікая верагоднасьць, што конкурс конкурсам – а назва даўно ўжо падрыхтаваная і грамадзкасьць будзе проста пастаўленыя перад фактам. А што да прапановаў, то яны самыя розныя – ад фактычна капіяванай “сыліконавай вэрсыі” да малазразумелых абрэвіятураў. Самая распаўсюджаная – з ангельскім словам valley, “даліна”. Прыкладам, “Белая Даліна” (“White Valley”). Альбо – “Бесідол”, “Беларуская сіліконавая даліна” (тут, праўда, больш падобна на нейкі лекавы прэпарат). Альбо “Evalley” (“Электронная даліна).

На другім месцы ў папулярнасьці – нагрувашчаныя абрэвіятуры кшталту BY-Tech, BelTech, BelHigh-Tech Park, “City-I-BY”, “ІнтэлБел" (“Інтэлектуальная Беларусь”)… Бальшыня лічыць, што прысутнасьць у назове графічных знакаў BY ці Bel – аб’ектыўная неабходнасьць, бо, прынамсі, гэта крок да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Нарэшце, асобна можна паставіць назвы, якія наўрад ці крочаць за межы інтэрнэту – накшталт непрэзэнтабэльнай абрэвіятура “ПаВыТэх” (“Парк Высокіх Техналёгій”), “Славтэх” (“Славянскія Высокія Тэхналёгіі”), “Нанадром”, “Патэнцыял” ды іншыя. Некаторыя ахвотныя запатэнтаваць назву ня толькі даюць варыянты, але і тлумачаць сэнс. “Созвездие” – “Сутарэньне яскравых зорак” навуковага патэнцыялу нашай краіны”. Ёсьць прапановы прывязацца да геаграфічнай назвы, “пазнавальнай і сымбалічнай”, як напісаў адзін з наведнікаў. “ПРИПять”: “Першы Рэспубліканскі Інтэлект-Парк”. Праўда, ці можна тут правесьці паралелі?..

У адным з меркаваньняў, зьмешчаных на сайце park.by, кіраўнік інтэрнэт-парталу TUT.by Юрый Зысэр перакананы: любая памылка ў назьве камэрцыйнага прадпрыемства (асабліва, якое зьбіраецца выходзіць на зьнешні рынак з высокатэхналягічнай прадукцыяй) выльецца стратамі ў мільёны даляраў. Гэтую пазыцыю падзяляе і кіраўнік PR-кампаніі “Starcom Mediаwest Group” Пётар Папялушка.

(Папялушка: ) “Фактычна брэнд ствараецца, і гэта павінна быць вельмі дасканала праверана з гледзішча фанэтычнага гучаньня, сэнсавай нагрузкі, з пазыцыі ўспрыняцьця аўдыторыі. Гэтыя рэчы дакладна акцэнтаваць можа толькі спэцыяліст. Натуральна, цалкам могуць нейкія цікавыя назвы падкінуць навічкі. Але выбіраць канчатковы варыянт мусіць толькі спэцыяліст. Падчас выбару нельга кіравацца формулай “падабаецца-не падабаецца”. Павінны быць акрэсьленыя крытэрыі: што павінна назва несьці, на што яна нацэленая, вызначыць аўдыторыю, на якую будзе працаваць кампанія... Можна, умоўна кажучы, назвацца “Ландышам”. Усім будзе падабацца, гучыць прыгожа. Але ні мэтаў, ні задачаў такая назва не выяўляе, і ўпартая сымпатыя прывядзе да дурнаватага брэнду”.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які ў сярэдзіне 90-х ініцыяваў праект пад назвай “Акадэмтэхнаполіс”, лічыць, што ў той час аналяг “крэмніевай даліны” меў куды большыя шанцы на посьпех, паколькі ўмовы былі больш спрыяльныя. За 10 гадоў, паводле Вайтовіча, разьвіцьцё высокіх тэхналёгій у Беларусі практычна згарнулася.

(Вайтовіч: ) “На жаль, дзесьці ад 1995 году гэты працэс пачаў згортвацца. У мяне ёсьць статыстыка, якая сьведчыць: колькасьць навукова-тэхнічных фірмаў сярэдніх і малых зьмяншаецца. І гэта засмучае, бо ўсё новае ўзьнікае спачатку ў малой фірме і потым разьвіваецца. Выдатны прыклад – пэрсанальныя кампутары, зробленыя ў гаражы двума хлопцамі, потым гэта стала ўсясьветнай вытворчасьцю. Такія фірмы ў нас вельмі імкліва развіваліся ад 1995-96 гадох. Але паступова іх станавілася ўсё меней і ўсё меней там занята людзей. У нас створаныя такія ўмовы (хутчэй, наадварот, – не створаныя), каб працэс разьвіваўся. І цяпер там, дзе прадукуецца навука і распрацоўкі, вельмі цяжка выйсьці на вытворчасьць, амаль немагчыма. Папросту адбілі людзям ахвоту”.

Ад усяго спэктру прапановаў толькі адна была па-беларуску – “Спадчына”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG