Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякачка з Андыжану: "…а потым яны пачалі страляць па няўзброеных жанчынах, якія стаялі на плошчы"


Юры Дракахруст, Прага Жанчыны, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі 13 траўня ў Андыжане, хацелі выказаць свае скаргі, прэтэнзіі і патрабаваньні. Аднак салдаты адкрылі агонь. Шмат хто зь іх, ратуючы жыцьцё , зьбеглі ў суседні Кіргізстын. Нашыя карэспандэнты паразмаўлялі з некаторымі зь іх.

У Цэнтральнай Азіі існуе традыцыйная павага да жанчыны, яны адчуваюць сябе ў пэўнай бясьпецы нават падчас акцыяў пратэсту. Тым большым шокам сталі для многіх зь іх падзеі 13 траўня. Расповед Гульнозы, якая зараз знаходзіцца ў лягеры ўцекачоў у Кіргізстане, раскрывае тыповую матывацыю тых, хто тады прыйшоў нам плошчу ў Андыжане.

(Гульноза: ) "Мы пайшлі на дэманстрацыю, таму што ўлады паднялі цану на газ і электрычнасьць, і мы патрабавалі, каб нам крыху павялічылі пэнсіі і заробкі. Мой муж ужо два гады працуе ў Расеі. Я маю дзіця. Я сама хварэла, калі паправілася пайшла ў акруговы выканкам, папрасіла матэрыяльную дапамогу. Мне не далі нічога, хаця паводле закону абавязаныя плаціць на дзіця. Яны ня плацяць дапамогу, яна не захацелі зьнізіць цану на газ. Я два гады ня маю зьвестак ад мужа. Мы пайшлі на плошчу, бо жыцьцё стала невыносным".

Тое, што шмат хто ўяўляў сабе мірным пратэстам, хутка ператварылася ў “крывавую пятніцу”. Распавядае узбэцкая ўцякачка.

(Уцякачка: ) "Жанчына, якая нарадзіла пяцёх ці васьмёх дзяцей, ніколі ня будзе хлусіць. Ніхто ад уладаў не прыйшоў на плошчу, каб паразмаўляць з намі, быў толькі пракурор Андыжану і прадстаўнік службы бясьпекі. А потым яны пачалі страляць па няўзброеных жанчынах, якія стаялі на плошчы".

Каля 3 тысячаў чалавек пасьля “крывавай пятніцы” зьбеглі з Андыжану ў суседні Кіргізстан. Кіргіскія ўлады забясьпечылі ім ежу, коўдры, электрычнасьць, 200 чалавек былі адразу ж шпіталізаваныя. Уцякачкі распавядаюць пра тое, што вымусіла іх пакінуць Узбэкістан.

(Уцякачка: ) "Мы прыйшлі на плошчу, і мы былі гатовыя стаяць там і тыдзень і месяц. У нас жанчынаў, дзяцей, не было аніякай зброі . Мы ня думалі, што яны пачнуць страляць па жанчынах. Калі яны без папярэджаньня пачалі страляць, мы кінуліся на зямлю, закрываючы дзяцей сваімі целамі".

(Уцякачка: ) "Мы пайшлі на дэманстрацыю ў Андыжан, ахвяруючы нашымі жыцьцямі за нашыя правы. Там краў цякла ракой".

(Уцякачка: ) "Гэта была так жахліва, калі нашы ўласныя салдаты страляюць у нас. Яны стралялі ў жанчынаў, у сваіх маці і бабулек. Мы пабеглі ў Кіргізстан, а над намі быў дождж з куляў".

Уцякачка Турсунай здолела зьбегчы ў Кіргізстан толькі са сваімі дочкамі.

(Турсунай: ) "Мой муж, пяцёра дзяцей, мае бацькі і браты засталіся там, у Андыжане. Тут са мной дзяўчынкі. Дзякаваць Богу, мы зрабілі гэта".

Махфаза Ўмарава распавядае, што калі ўцекачы пешкі перайшлі мяжу, яны завагаліся, ня ведаючы, заставацца ці вяртацца, ня ведаючы, як іх прыме Кіргізстан.

(Умарава: ) "Калі мы ўбачылі кіргіскіх салдатаў, мы думалі, што яны таксама будуць страляць у нас. Але нас прынялі вельмі добра. Дзякуй ім".

А гэтая жанчына гаворыць, што мэта ўсіх ўцекацоў – вярнуцца ва Ўзбэкістан.

(Уцякачка: ) "Нашая мэта – гэта вярнуцца на нашую радзіму, калі там будзе мір. Але там няма міру, вяртацца небясьпечна. А раптам яны ізноў будуць страляць у нас?"

Кіргізскі ўпаўнаважаны ў правох чалавека Турсунбай Бакір-улу не выключае, што з Узбэкістану ў Кіргізстан могуць зьбегчы да мільёна ўцекачоў. Такога выпрабаваньня кіргізская эканоміка ня вытрымае, калі нч будзе аказаная дапамога з боку міжнародных гуманітарных арганізацыяў. Ужо зараз дактары папярэджваюць, што ў лягерах узбэцкіх уцекачоў у Кіргізстане могуць пачацца эпідэміі ў сувязі з кепскімі гігіенічнымі ўмовамі.
XS
SM
MD
LG