Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Заклікаю беларусаў галасаваць на Эўрабачаньні за ўкраінскую рэвалюцыйную песьню – Разом нас богато"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 19 траўня 2005. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Міхаіл Леках:) “Хачу адказаць на пытаньне тыдня. Так, пагроза для бясьпекі Беларусі існуе! Супраць Беларусі каля паўгода вядзецца халодная вайна! Каб абгрунтаваць гэта, я вам дашлю аналітычны матэрыял з Рыгі з просьбай, каб вы выкарысталі яго ў адпаведнай перадачы. А зараз паспрабую растлумачыць.

Ня трэба гадаць, а трэба толькі глянуць, якую палітыку праводзяць Злучаныя Штаты на працягу апошніх 15 год. Што мы бачым? Варварскі напад на Югаславію. Для гэтага была праведзеная акцыя, як быццам бы нехта ажыцьцяўляе генацыд альбанцаў. Хлусьня! Напад на Ірак. Пытаньне: трэба ці не я не абмяркоўваю. Кажу, што быў напад. І зноў падманулі грамадзтва! Як быццам бы ў Іраку ёсьць ядзерная хімічная зброя. То бок палітыка ЗША будуецца на падмане! І можна зрабіць вынік, што тыя, хто поўзае на пузе перад кіраўніцтвам ЗША, хто будзе лізаць ім зад, той і грошы будзе атрымоўваць, хаця там лябараторыя фашызму. Беларусь жа праводзіць зьнешнюю палітыку, называе рэчы сваімі імёнамі. І такая краіна не дапушчальна для цяперашняга кіраўніцтва ЗША, асабліва для спадарыні Кандалізы Райс. Вось сутнасьць праблемы.

Так, існуе небясьпека для Беларусі! Ня трэба падманваць свой народ, спадары з Радыё Свабода!”

(Каўрых Алекс: ) “Беларусь не павінна нікога баяцца, бо яна вядзе міралюбівую палітыку ў адносінах да усіх краінаў Эўропы. Але не усе краіны Эўропы бачаць гэта. І таму Беларусь не павінна губляць пільнасьць”.

(Ніна Ярмалінская: ) “Дарагія грамадзяне Рэспублікі Беларусь! Не дапусьціце зьмены назваў праспэктаў Машэрава, Францыска Скарыны і іншых вуліц нашай сталіцы, якія маюць назву слаўных людзей нашай Беларусі! Зьбірайце подпісы, станавіцеся ў ланцугі неабыякавых людзей! Я стану побач з вамі. Разам нас будзе многа. І мы пераможам! Жыве Беларусь!”

(Мікола Саскевіч: ) “Жонка мая нарадзілася ў горадзе Ташкенце. Таму хачу прынесьці узбэцкаму народу мае спачуваньні ў сувязі з гібельлю мірнага насельніцтва. Гэта нейкі жах! Вечная памяць загінуўшым! І каралеўства ім нябеснага!”

“Адказваю на вашае пытаньне. Рэжым у Беларусі зьяўляецца дыктатарскім і фашысцкім. Так што усе гэтыя беларускія афіцыйныя заявы – хлусьня, паклёп, выдумка. Усе дэмакратычныя заходнія краіны, ЗША і Эўрасаюз жадаюць беларускаму народу толькі добрага. Яны хочуць, каб нашая краіна стала сапраўды эўрапейскай краінай, каб нашыя людзі жылі таксама добра і свабодна, як у ЗША і Эўропе”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! Учора, пачуўшы пэрлы нашага разумнага і расейскіх спадароў, я зразумеў, што хутка, нават у гэтым годзе, будзе ня толькі інкарпарацыя Беларусі ў Расеі, але і па крышачку аднавіцца найменна халодная вайна. Засталося толькі дачакацца новай прамовы з Крамлю. Так што лукашэнкаўскія правакацыі і зьнішчэньне апазыцыі ў бліжэйшы час – гэта усяго толькі пэрлінкі, гэта толькі гульні перад новай вялікай халоднай вайной, чые абрысы мы хутка пабачым. На жаль, Эўропа і ЗША, як заўжды, адрэагуе запозна. На гэта і разьлік слаўных вучняў Дзяржынскага. Так што, чакайце на новую Чачэнію. Яны гатовыя. А нам засталося толькі змагацца”.

(Анастас Сэмяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! Хачу зьвярнуцца да патрыётаў Беларусі, асабліва да Сяргея Скрабца. Ня трэба абвяшчаць галадоўку. Для цяперашняй злачыннай улады, якая судзіць самых адданых людзей Беларусі, нічога сьвятога няма і ня будзе да таго часу, пакуль іх саміх народ судзіць не пачне. Яна ж дайшлі да дзікунства! Судзяць дзяцей, студэнтаў выганяюць з інстытутаў, таму што яны не жадаюць быць рабамі дадзенай улады.

Я веру ў Бога і ў нашых браткоў беларусаў, і ў тое, што хутка будзе канец дзікунству!”

(Спадар: ) “Добры дзень! Хацеў праз вашае радыё нагадаць слухачам, што сёньня ў чацьвер і ў суботу адбудзецца конкурс Эўрабачаньня-2005. У суботу будзе выступаць украінскі гурт, які будзе сьпяваць песьню пра нядаўнія рэвалюцыйныя падзеі. Хацеў бы заклікаць усіх актыўна прыняць удзел у галасаваньні за гэтую песьню Greenjolly "Разам нас богато" і тым самым паказаць нашаму хвораму прэзыдэнту, які лёс яго чакае ў будучыні”.

(Іван Карпавіч: ) “Хачу выказацца наконт выбараў адзінага кандыдата. Няўжо не зразумела: дарослыя людзі ў нейкую гульню гуляюць. На усёй постсавецкай прасторы былога Савецкага Саюзу галасуе адзін чалавек, які узначальвае дзяржаву. Не выключэньне і Беларусь. Вазьміце прыклад. Ніводнага чалавека не прапусьцілі на выбары ў Вярхоўны Савет, які выступае супраць Лукашэнкі! Таму гэта проста марнаваньне часу і грошаў. Гэта па-першае.

Па-другое, канечне, трэба нешта рабіць. Але заўважце, што кожная дзяржава постсавецкай прасторы стаіць на штыках КДБ, міліцыі і арміі, якія атрымоўваюць заробак, а інтэлект іх вельмі нізкі. Яны ж зразумець ня могуць, што іх народ корміць, апранае і заробак дае. Вось у чым справа! Пакуль не пасьпее народ, сілавых структур – нічога ў нас ня будзе. У нас адзін закон – дубінка, штраф і турма. Канстытуцыі ў нас няма! Яна не працуе, законы не працуюць. Толькі адзін закон спрацоўвае – дубіна-штраф-турма”.

(Спадар: ) “Наконт пагрозы з Захаду. Мне здаецца, што ніякай пагрозы з Захаду не існуе. Ёсьць пагроза ад цара і ад яго аховы з назвай КДБ. Яны ахоўваюць не народ, а Лукашэнку і ягоны рэжым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG