«Свабода» была ў Курапатах, бо іх спрабавалі парушыць. Ня зьнішчыць — пасьля адкрыцьця Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва месца сталінскіх расстрэлаў увайшло ў гісторыю, як Хатынь і Чарнобыль, назаўсёды. Паскудзтва на могілках абражала ня мёртвых, а жывых.
На беларускай «Свабодзе» яшчэ не было такога выпадку, каб штодня больш за восем месяцаў запар весьці рэпартаж з аднаго месца. Так б’юць у звон — разьмерана, у адно і тое ж месца, і пругкі мэтал працінае паветра працяжнымі ўсхліпамі. Так кайлом на рудніках вырубаюць мёрзлую руду — у адну кропку, зноў і зноў, пакуль не надколецца глыба. У нас былі мікрафон, сярэднія і кароткія хвалі. І слухачы. У тым ліку — у Курапатах.
Зь дзёньніка валанцёраў: «24 сакавіка 2002 году. 19 гадзіна. ...Праслухалі першы рэпартаж Радыё Свабода, зь якога даведаліся пра тое, што сапраўды адбывалася ў цэнтры. Чулі крыкі й шум пры затрыманьні, даведаліся пра сапраўдную колькасьць затрыманых, больш за семдзесят. Мы ў шоку... Калі рэпартажы скончыліся, выйшлі паліць ды ўбачылі, як у наш бок рухаецца «ментавоз». Усталі ў ланцуг, перагарадзілі дарогу. Пасьля нядоўгай размовы «мянты» разьвярнуліся ды зьехалі. Адразу ж напілілі й усталявалі 13 слупкоў поперак дарогі на ўезьдзе ва ўрочышча з поля. Па радыё чулі, што барысаўскія апазыцыянэры зранку паставілі крыж, які павалілі вандалы сёньня ўначы. Гэта змагары. Хвала ім...»
Ганна Соусь перадала больш за дзьвесьце рэпартажаў з Курапатаў і была ўганараваная прэміяй Алеся Адамовіча, якою Беларускі ПЭН-Цэнтар адзначае найлепшую журналісцкую працу году. Там таксама працавалі Альгерд Невяроўскі ды іншыя нашыя калегі. Але героі гэтай кнігі — не журналісты, а сама падзея і яе ўдзельнікі — валанцёры, людзі, якія прыносілі харчы, прывозілі дровы, ладзілі талокі, рабілі археалягічныя экспэртызы, вялі перамовы з будаўнікамі, адпраўлялі набажэнствы, — каля паўтысячы імёнаў згадана ў гэтых рэпартажах. Яшчэ больш, верагодна, не згадана. Мяжа ў Курапатах праходзіць не паміж мёртвымі й жывымі, а паміж памяцьцю і хлусьнёй, паміж учора і заўтра, і заўсёды — паміж катамі і ахвярамі. Абаронцы адваявалі ў дарогі нашу годнасьць.
Аляксандар Лукашук, Беларуская служба Радыё Свабода Прага, 2002
Гэта быў уступ да кнігі "Дарога праз Курапаты". Цяпер кніга даступная на нашым сайце ў электронным выглядзе ў фармаце PDF:
ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ (PDF, 1.5Mb, 464 старонкі). Бiблiятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе. — Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода, 2002. — 464 с. Рэдактар Сяргей Дубавец Мастак Генадзь Мацур Карэктар Аляксандра Макавiк © Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2002 ISBN 0-929849-03-5
Іншыя кнігі сэрыі "Бібліятэка Свабоды" можна ўбачыць на адмысловай старонцы: Бібліятэка Свабоды