Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі Сэйм рыхтуе свой адказ


Аляксей Дзікавіцкі, Прага 20 траўня ў польскім Сэйме прайшло надзвычайнае сумеснае паседжаньне парлямэнцкай камісіі замежных справаў і камісіі ў справах кантактаў з палякамі за мяжой, у часе якога абмяркоўваліся польска-беларускія дачыненьні. Дэпутаты Сэйму прапануюць канкрэтныя меры, у тым ліку ўвесьці забарону на ўезд у Польшчу для беларускіх чыноўнікаў, якія датычныя да канфлікту з Саюзам палякаў у Беларусі.

Напярэдадні паседжаньня, кіраўнік камісіі замежных справаў Ежы Яскерня заявіў, што прычыны захадаў беларускіх уладаў супраць Саюзу палякаў у Беларусі можа быць некалькі – ад пошуку зьнешняга ворага, прафіляктычных дзеяньняў, каб не дапусьціць украінскага сцэнару, да жаданьня падтрымаць як мага лепшыя дачыненьні з Расеяй.

Між тым у часе сумеснага паседжаньня камісіяў, дэпутаты спрабавалі знайсьці такія шляхі ўплыву на беларускі бок, каб не пашкодзіць Саюзу палякаў і не паглыбляць канфлікт.

Гаворыць сябра камісіі ў справах кантактаў з палякамі за мяжой Марюш Камінскі.

(Камінскі: ) "Мы дыскутавалі ў справе тэксту заявы камісіяў. Гэты тэкст будзе адрэдагаваны з улікам прапановаў ад розных фракцыяў і зьявіцца празь некалькі дзён. Камісіі зьбяруцца яшчэ раз 2 чэрвеня, каб зацьвердзіць гэты тэкст. Але прынятае і канкрэтнае рашэньне – накіраваць у наступным тыдні парлямэнцкую дэлегацыю ў Беларусь, якая б магла на месцы разабрацца ў сытуацыі і падтрымаць актывістаў Саюзу палякаў".

Паводле спадара Камінскага, дэпутаты падтрымалі пазыцыю ўраду, што да канфлікту вакол Саюзу палякаў.

(Камінскі: ) "Прадстаўнік МЗС, які прысутнічаў на паседжаньні камісіі, паведаміў нам, што ў сьпіс асобаў, чый уезд на тэрыторыю Польшчы непажаданы, унесеныя шэраг палякаў, якія супрацоўнічаюць з Лукашэнкам, маючы на мэце раскалоць Саюз палякаў, а таксама беларускія чыноўнікі, якія маюць да гэтага дачыненьне.

І яшчэ адна канкрэтная рэч – калі здарыцца так, што адбудзецца пераварот і да ўлады ў Саюзе палякаў прыйдуць людзі, што скампрамэтавалі сябе супрацоўніцтвам з рэжымам Лукашэнкі, мы спынім усялякую фінансавую падтрымку гэтай арганізацыі".

Марыюш Камінскі адзначыў, што большасьць дэпутатаў падтрымаюць жорсткія захады ўраду ў дачыненьні да Беларусі што тычыцца перасьледу Саюзу палякаў. Аднак паводле ягоных словаў, цяжка разьлічваць на тое, каб у цяперашніх умовах праблемы Саюзу палякаў у Беларусі можна было цалкам вырашыць.

(Камінскі: ) "Пакуль у Беларусь ня прыйдуць дэмакратычныя перамены, любая дэмакратычная арганізацыя, ня толькі Саюз палякаў, наўрад ці зможа спакойна працаваць. Калі нават на кароткі тэрмін сытуацыю вакол Саюзу палякаў атрымаецца ўрэгуляваць, дык, напэўна, не на доўга. Безь зьменаў у Беларусі ніхто там ня зможа спакойна і нармальна працаваць", – заявіў Радыё Свабода сябра камісіі ў справах кантактаў з палякамі за мяжой Марыюш Каміньскі.

Сэйм абмяркуе выніковы тэкст у справе пагаршэньня польска-беларускіх дачыненьняў на пачатку чэрвеня – да гэтага часу польскі парлямэнт ня мае пленарных паседжаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG