Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кабуле забітая журналістка – вядучая папулярнай музычнай праграмы


Алена Ціхановіч, Прага У сераду ў Кабуле была забітая вядучая папулярнай музычнай праграмы. Паліцыя заяўляе, што пакуль няясна, ці зьвязанае забойства мадэратаркі зь яе працай. Арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” адзначае, што гэта першае забойства журналіста з часу заканчэньня вайны ў Аўганістане ў 2001 годзе.

24-гадовая Шайма Рэзаі была застрэленая ўчора ў сябе дома ў Кабуле. Да сакавіка сёлета яна вяла на прыватнай тэлевізійнай станцыі Тола ТВ папулярную музычную праграму.

Яе праграма падвяргалася крытыцы як антыісламісцкая і амаральная. У лютым у інтэрвію Ройтэрс Шайма заявіла, што яна мае шмат прыхільнікаў, але дадала, што многім аўганцам не падабаецца яе праца і тое, што яна апранаецца па-заходняму.

(Рэзаі: ) “Куды б я не пайшла, некаторыя людзі кажуць пра мяне дрэнна. Але больш хваляць мяне. Асабліва ў маёй сям’і, і таксама шмат маладых людзей у гэтай краіне падтрымліваюць мяне.”

Прадстаўнік паліцыі заявіў заходнім мэдыям, што пакуль невядома, хто застрэліў журналістку. Два яе браты, што знаходзіліся дома падчас забойства, арыштаваныя. Арганізацыя “Рэпарцёры бяз межаў” выказала заклапочанасьць забойствам і заклікала да незалежнага расьсьледаваньня злачынства.

Прадстаўнікі францускіх мэдыяў напамінаюць, што Рэзаі была звольненая з Тола ТВ пасьля таго, як кансэрватары раскрыкатыкавалі яе паводзіны на экране. Аднак дырэктар тэлебачаньня Саад Махсені гаворыць, што Шайма пакінула тэлебачаньне з-за таго, што яе не задавальняў рэжым працы.

(Махсені: ) “Наколькі яе ведаю, яна ніколі не атрымлівала пагрозаў. На нашым тэлебачаньні ёсьць іншыя людзі, якім пагражалі ў сувязі зь іх працай, з тым, як яны падаюць навіны. Ёсьць тыя, каму не падабаюцца нашыя інфармацыйныя і дакумэнтальныя праграмы. Але мы няўпэўненыя, што Шайма Рэзаі атрымлівала пагрозы. Мы павінны пачакаць заканчэньня расьсьледаваньня паліцыі, тады мы зможам камэнтаваць.”

Дырэктар дадаў, што цяпер некалькі маладых мадэратарак працягваюць весьці тую ж музычную праграму, што і забітая Шайма.
XS
SM
MD
LG