Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брыфінг у Вашынгтоне: Беларуская рэвалюцыя наўрад ці будзе аксамітнай


Алеся Сёмуха, Вашынгтон У прэсавым цэнтры Радыё Свабода ў Вашынгтоне прайшоў прэс-брыфінг Сяргея Салаша і Вольгі Стужынскай. Сяргей Салаш – старшыня Барысаўскага аддзяленьня грамадзкай арганізацыі "Скрыжаваньне", якая займаецца палітычнай адукацыяй моладзі. Вольга Стужынская – Эўрапейскі каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем!”, якая дамагаецца справядлівасьці ў справах зьнікненьняў палітычных дзеячаў у Беларусі.

“Я спадзяюся, што 2006 год стане вызначальным у працэсе зьмены ўлады ў Беларусі. Мы падтрымаем і будзем актыўна працаваць на любога кандыдата, якога вылучыць аб''яднаная апазыцыя”, – сказаў падчас брыфінгу сп. Салаш.

Далей ён зазначыў, што ў Беларусі аксамітная рэвалюцыя па прыкладзе Украіны і Грузіі наўрад ці магчымая з-за адсутнасьці арганізаванай апазыцыі ў парлямэнце, адсутнасьці вольнай прэсы і існаваньня рэпрэсіўнай машыны ў форме лаяльных прэзыдэнту ваенізаваных спэцпадразьдзяленьняў фінансаваных з ценявага бюджэту Лукашэнкі.

Што да магчымасьці падтрымкі апазыцыі міліцыяй, вайскоўцамі і дзяржаўнымі служачымі, дык такое магчыма толькі, калі на вуліцы выйдуць сотні тысяч людзей, лічыць Сяргей Салаш. Зь ім пагадзілася і Вольга Стужынская сказаўшы, што беларускі варыянт рэвалюцыі хутчэй за ўсё будзе больш крывавы.

Сярод найбольш мабільных сацыяльных груп беларускага грамадзтва яны назвалі моладзь і жанчын. Менавіта яны, на думку выступоўцаў, ідуць у авангардзе змаганьня і руху да перамен, ад вулічных акцый, да адукацыйнай працы з насельніцтвам.

Паводле Вольгі Стужынскай, беларускія жанчыны больш актыўна, чым мужчыны шукаюць лепшага жыцьця і маюць больш моцныя палітычныя і кіраўнічыя амбіцыі. Вольга Стужынская таксама сказала, што падтрымка Лукашэнкі жанчынамі і старэйшым пакаленьнем падае з кожным годам, але міт пра гэтую падтрымку актыўна культывуецца рэпрэсіўным апаратам.

Падчас свайго выступу, Вольга Стужынская і Сяргей Салаш закранулі тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў. “У Пуціна амаль не засталося палітычных сяброў сярод краін былога Саюзу. Лукашэнка ж заўсёды шукае магчымасьці забясьпечыць сваю ўласную будучыню за кошт гульняў у саюзную дзяржаву”, – так патлумачыла аднаўленьне беларуска-расейскага сяброўства Вольга Стужынская.

Паводле спадара Салаша, “Пуцін ня будзе мець палітычнай будучыні, калі ён страціць Беларусь, таму ён да канца будзе падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. У самыя крытычныя моманты Пуцін заўсёды падтрымліваў Лукашэнку. А пэрыядычныя дробныя сваркі – гэта гульня, каб дэмаралізаваць апазыцыю”.

Падчас брыфінгу было таксама закранутае пытаньне грашовай дапамогі краін захаду беларускім дэмакратычным сілам.

Вольга Стужынская заўважыла, што апошнія некалькі гадоў у Беларусі адбываўся адваротны працэс: заходняя фінансавая дапамога скарачалася, тым часам рэпрэсіі рэжыму супраць грамадзкіх арганізацый узмацняліся. “Зьмяншэньне грашовай і тэхнічнай дапамогі прывяло да таго, што многія грамадзкія арганізацыі ня здолелі выжыць”, – сказала Вольга Стужынская.

Што да чарговага міту пра багацьце беларускай апазыцыі, дык звычайныя людзі ўсё больш успрымаюць гэта як прапаганду, лічаць абодва выступоўцы. Спадар Салаш дадаў, што найлепшай дапамогай было б фінансаваньне незалежнага незарэгістраванага друку і ўлётак для кампаніі ад дзьвярэй да дзьвярэй, а таксама фінансаваньне памежных тэлевізійных праграм на Беларусь з Украіны і Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG