Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верагодны выкрадальнік італьянкі ў Кабуле патэлефанаваў на Радыё Свабода


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Чалавек, які сьцьвярджае, што ён адзін з выкрадальнікаў італьянкі, якая працуе ў гуманітарнай арганізацыі ў Аўганістане, патэлефанаваў у Кабульскае бюро RFE/RL і падаў патрабаваньні, пасьля выкананьня якіх яна будзе вызваленая.

З патрабаваньняў вынікае, што выкрадальнікі – ісламскія фундамэнталісты, але Талібан абвяргае свой удзел у выкраданьні супрацоўніцы “Care international” Клемянціны Кантоні.

Міністар унутраных справаў Аўганістану заявіў нашаму радыё, што ён упэўнены ў тым, што тэлефанаваў адзін з тых, хто выкраў 32-х гадовую Клемянціну Кантоні. Чалавек, які званіў у кабульскі офіс радыё заявіў, што выкрадальнікі вызваляць грамадзянку Італіі, калі ўлады выканаюць тры патрабаваньні.

(Выкрадальнік: ) “Нашыя патрабаваньні законныя і адпавядаюць Шарыяту. Першае патрабаваньне – перадача для моладзі, якую перадае мясцовая радыёстанцыя “Радыё Арман” кожную сераду ўвечары павінна быць цалкам спыненая”.

Выкрадальнік запатрабаваў больш жорсткай барацьбы з вырошчваньнем маку, а таксама заявіў, што ў Аўганістане трэба цалкам забараніць продаж алькаголю, які на дадзены момант замежнікі могуць купляць у вызначаных месцах.

Аўганец заявіў таксама, што выкрадальнікі хочуць, каб ў Аўганістане адчыняліся ісламскія школы.

(Выкрадальнік: ) “Яны павінны падумаць над гэтымі школамі. Дык вось гэта нашыя тры патрабаваньні – калі іх выканаюць, дык мы вызвалім жанчыну”.

У адміністрацыі аўганскага прэзыдэнта Хаміда Карзая заявілі, што ведаюць пра патрабаваньні выкрадальнікаў, але камэнтаваць іх пакуль адмовіліся.

Між тым прэсавы сакратар міністэрства ўнутраных справаў Аўганістану Лутфула Машал паведаміў агенцтву Reuters што гэты самы чалавек, што званіў у офіс Радыё, у аўторак тэлефанаваў і ў міністэрства. Супрацоўнікам міністэрства дазволілі пагаварыць з Клемянцінай Кантоні, якая сказала, што адчувае сябе добра.

Машал заявіў, што выкрадальнікі не належаць да ўзброенай групоўкі, палітычнага руху ці крымінальнай групоўкі, як раней меркавалі аўганскія ўлады. Ён упэўнены, што Кантоні будзе вызваленая.

(Машал: ) “Калі яе не вызваляць мірна, дык урад і спэцслужбы маюць дастаткова сродкаў, каб зрабіць гэта ўласнымі сіламі. Але мы ўпэўненыя, што да гэтага ня дойдзе і яе вызваляць самі выкрадальнікі. Перамовы зь імі ідуць у добрым накірунку”

У “Care international” выкраданьне сваёй супрацоўніцы Клемянціны Кантоні адмовіліся камэнтаваць.

Цяпер у Кабуле жывуць каля 2 тысячаў замежнікаў, якія апасаюцца, што сытуацыя ў аўганскай сталіцы можа пачаць разьвівацца паводле ірацкага сцэнару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG