Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары''2006: кандыдатаў на "адзінага" стане болей?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбылася сустрэча патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта ад апазыцыі, на якой была разгледжана сsтуацыя вакол працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

На апошнім паседжаньні сталай нарады, ці “дзясяткі”, было вырашана адчыніць дзьверы на нацыянальны Кангрэс дэмакратычных сілаў для шэрагу асобаў з прэзыдэнцкімі амбіцыямі, якія аднак не бралі ўдзел у абласных канфэрэнцыях па вылучэньні кандыдатаў на адзінага.

У сёньняшняй сустрэчы бралі ўдзел старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў Сяргей Калякін, грамадзкі лідэр Аляксандар Мілінкевіч, адзін з кіраўнікоў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, старшыня рады інтэлігенцыі Уладзімер Колас, лідэр дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч.

Ня ўдзельнічалі ў кансультацыях Станіслаў Шушкевіч, Валер Фралоў і Васіль Лявонаў, якія аднак, паводле спадара Лябедзькі, пагаджаюцца патрымаць цяперашні фармат кансалідацыі дэмкратычных сілаў. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Дамовіліся пра самае галоўнае – да канца гэтага месяца мы заявілі пра гатоўнасьць папрацаваць такім чынам, каб усе знаходзіліся ў фармаце, у межах аднаго працэсу. Гэта такая амбіцыйная задача, але ніхто не сказаў, што не трэба паспрабаваць узгадніць нашы пазыцыі. Мы прынялі да ведама, што працэс ёсьць, працэс ідзе, яго нельга і немагчыма спыніць, але яго можна ўдасканальваць".

Пакуль Вайтовічу, Коласу і Ярашуку перададзеныя лісты з заклікам далучыцца да агульнага працэсу. У тэрмін да 1-га чэрвеня гэтага года яны павінны даць адказ ці прымуць удзел у маючым адбыцца Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Якім будзе палітычнае рашэньне сказаць цяпер складана, але пакуль, паводле Анатоля Лябедзькі, настрой аптымістычны.

Анатоль Лябедзька адзначае, што такі ж зварот з заклікам аб далучэньні будзе накіраваны таксама былому рэктару БДУ Аляксандру Казуліну. Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) "Я не думаю, што Казулін прыме сёньня такое рашэньне. Падаецца па некаторых яго рухах, што ён усё ж хацеў бы заняць нішу, умоўна скажам, "беларускага Януковіча." Гэта стратэгія яго і ягонай каманды. Калі гэта так, то гэта не супадае з тым, што робяць дэмакратычныя сілы Беларусі".

Грамадзкі лідэр Аляксандар Мілінкевіч так ацэньвае шансы на кансалідацыю:

(Мілінкевіч: ) "Паколькі я аптыміст, я лічу, што некалькі такіх VIP-пэрсонаў усё ж такі мы маем шанс далучыць да працэсу".

Надзвычай важна, што сустрэчы патэнцыйных, падобныя сёньняшняй, ужо самі па сабе адбываюцца, мяркуе лідэр прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Але ён пакуль разважае ці варта выносіць сваю кандыдатуру на кангрэс?

(Ярашук: ) "Для мяне гэта пытаньне нz вырашана. Трэба ўсё вельмі сур''ёзна ўзважыць, маючы на ўвазе тое, што працэс зайшоў далёка і ці ёсьць зараз сэнс з усіх пунктаў гледжаньня ўдзельнічаць у гэтым. Але гэта зусім не азначае, што такім чынам усе разышліся і кожны пайшоў сваёй дарогай. Нават, аб гэтым таксама гаварылі, у якім бы фармаце і кангрэс потым не адбываўся, гэта зусім не азначае, што на ўсім пастаўлена кропка. Насамрэч, да сцэнару падышлі зараз досыць гібка, маючы на ўвазе прадстаўленьне магчымасьці удзелу ў любым фармаце".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG