Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пахавалі народную артыстку СССР і Беларусі Аляксандру Клімаву


Міхал Стэльмак, Менск Яна памерла 13 траўня ад хваробы сэрца. Больш як сорак гадоў яна працавала ў Нацыянальным расейскім тэатры Беларусі імя Горкага. За гэты час у яе выкананьні гледачы ўбачылі больш за восемдзесят галоўных роляў клясычнага і сучаснага рэпэртуару ў тэатры, а таксама дзясяткі роляў у кіно. Сярод мноства дзяржаўных і тэатральных узнагародаў — мэдаль Францішка Скарыны. Пахавалі яе на Ўсходніх могілках.

Тэатральная грамадзкасьць праводзіла ў апошні шлях Аляксандру Клімаву пад гукі жалобнай музыкі і аплядысмэнты. Калегі кажуць, яна была вялікай драматычнай акторкай. Заслужаны артыст Уладзімер Мішчанчук у сваім разьвітальным слове на Ўсходніх могілках зазначыў:

(Мішчанчук: ) “Сёньня наша дзяржава, народ Беларусі разьвітваецца з зоркай, сапраўднай зоркай тэатральнага мастацтва Беларусі. Таму што яна Чалавек сапраўды зь вялікай літары”.

Грамадзянская паніхіда прайшла ў будынку Расейскага тэатру імя Горкага, дзе ў 1956 годзе пачалося творчае жыцьцё Аляксандры Клімавай. Амаль адначасова зь ёй на гэтай сцэне пачынаў працу і народны артыст СССР і Беларусі Расьціслаў Янкоўскі:

(Янкоўскі: ) “Пайшла зорка эпохі. Так, гэта таленавіты, неўтаймоўны чалавек зь цяжкім характарам. Але таленавітыя людзі не бываюць зь лёгкімі характарамі. Цяжка было працаваць нам разам зь ёй. Але і радасна”.

Яшчэ адзін народны артыст СССР і Беларусі Віктар Роўда сваё стаўленьне да акторкі вызначыў так:

(Роўда: ) “Была Станюта. А пасьля яе ідзе Клімава. Вось такая чарга. Магутны чалавек быў для Беларусі. Дзе б яна ні выступала, у якім горадзе і на якой сцэне, яе прымалі вельмі добра. Яна была зразумелай для ўсіх”.

Аднак ці ня самым цяжкім быў сёньняшні дзень для народнай артысткі Беларусі Вольгі Клебановіч, вучаніцы Аляксандры Клімавай:

(Клебановіч: ) “Гэтая артыстка працавала ў Расейскім тэатры. Але яна вельмі любіла Беларусь. Яе зямлю, яе людзей. Яна ж з Расеі. А я беларуска. Яна называла мяне сваёй дачкой. Яна вельмі паважала гледача і імкнулася, каб ён быў задаволены яе ігрой. Вялікая артыстка. Вялікі чалавек. Беларусь будзе памятаць яе”.

На пахаваньні былі і афіцыйныя прадстаўнікі — у прыватнасьці, міністар культуры Гуляка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG