Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш падпісаў рашэньне аб фінансаваньні дэмакратыі ў Беларусі і іншых краінах


БелаПАН Рашэньне аб дадатковым фінансаваньні разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі стала законам. 11 траўня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў дапаўненьне да бюджэту на 2006 год, згодна зь якім на падтрымку праграмаў па разьвіцьці дэмакратыі ў Беларусі дадаткова выдзяляецца 5 мільёнаў даляраў.

Законапраект аб дадатковых расходах фэдэральнага бюджэту ЗША на бягучы фінансавы год, які заканчваецца 30 верасьня 2005 году, быў зацьверджаны Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў красавіку. 10 траўня ў падтрымку гэтага дакумэнту прагаласаваў Сэнат ЗША.

Згодна з законапраектам, усяго на дапамогу незалежным дзяржавам былога СССР Злучаныя Штаты выдзяляюць 560 мільёнаў даляраў. Зь іх пяць мільёнаў прызначаныя для Беларусі.

Паводле прынятага закону 2,5 мільёны даляраў будуць у распараджэньні Бюро па дэмакратыі, правох чалавека і працы пры Дзярждэпартаманце ЗША і пойдуць на разьвіцьцё палітычных партый Беларусі. Другая палова выдаткаванай сумы пойдзе на падтрымку незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзкіх арганізацый у Беларусі.

У той жа час 60 мільёнаў даляраў ЗША выдзелена на падтрымку Украіны, 5 мільёнаў – на гуманітарную дапамогу і аднаўленчыя работы з групамі насельніцтва Інгушэціі, Чачні і іншых рэгіёнаў Паўночнага Каўказа, 40 мільёнаў – на "тэрміновыя эканамічныя патрэбы" Кіргізстану і яшчэ пяці краінаў, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі амэрыканскай ваеннай кааліцыі ў Іраку і Аўганістане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG