КАРАСУ. УЗБЭКІСТАН. Прынамсі 1000 чалавек, якія ўцяклі з Узбэкістану пасьля ўчорашняга расстрэлу дэманстрацыі ў Андыжане, перайшлі мяжу з Кіргізстанам. Гульміра Барубаева, прэсавая сакратарка кіргізскіх памежнікаў паведаміла нашаму радыё, што частка ўцекачоў накіраваліся ў Нукэнскі раён.
Паведамляецца, што яшчэ 600 ўцекачоў пайшлі ў бок Сузакскага раёну Кіргізстану.
Між тым урадавыя войскі спрабуюць канчаткова запанаваць над сытуацыяй у Андыжане. Узбэцкія сілы бясьпекі загадалі сёньня ўсім журналістам пакінуць горад, таму дакладная лічба ахвяраў учорашняй страляніны невядомая. Невядома таксама, што адбываецца цяпер у горадзе.
Між тым сёньня ў Ташкенце прэзыдэнт Узбэкістану абвінаваціў у тым, што адбылося ісламісцкую арганізацыю “Хізб-ут-Тахрыр”. Паводле ягоных словаў, ў Андыжане забітыя агулам 30 чалавек, у тым ліку шмат супрацоўнікаў унутранага войска, а каля ста параненыя.
На пытаньне, хто загадаў вайскоўцам страляць у людзей, Карымаў адказаў “ніхто”.
Лекары і сьведкі кажуць, што ахвяраў насамрэч больш, сярод іх жанчыны і дзеці.