Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Ціцянкоў мяркуе, што рэфэрэндум 1995 году пра мову і сымболіку быў “правільны”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Дзесяць гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які надаў расейскай мове роўны статус зь беларускай мовай і прывёў да адмовы ад нацыянальных дзяржаўных сымбаляў. Пра прычыны і наступствы таго рэфэрэндуму распавядаюць вядомыя палітыкі 1990-х гадоў Мечыслаў Грыб, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў і Іван Ціцянкоў.

Рэфэрэндум, які прайшоў у Беларусі 14 траўня 1995 году, быў першым ўсенародным апытаньнем у гісторыі краіны. Нагадаю, зацьверджаньне пытаньняў рэфэрэндуму спрабавалі заблякаваць дэпутаты ад апазыцыі, якія нават пайшлі на галадоўку ў парлямэнце. Але на загад Аляксандра Лукашэнкі галадоўку гвалтам спынілі ўзброеныя вайскоўцы, потым парлямэнт зацьвердзіў прапанаваныя прэзыдэнтам пытаньні, і рэфэрэндум адбыўся. Акрамя пытаньняў пра дзяржаўны статус расейскай мовы і новыя дзяржаўныя сымбалі, выбарцы ў той травеньскі дзень вырашалі яшчэ два істотныя пытаньні: ці варта інтэгравацца з Расеяй і ці надаваць прэзыдэнту краіны права датэрмінова распускаць Вярхоўны Савет.

Старшыня тагачаснага парлямэнту - Вярхоўнага Савету 12 скліканьня - Мечыслаў Грыб не выключае, што менавіта пытаньне пра роспуск парлямэнту было ў тым пакунку галоўным, бо, атрымаўшы згоду на гэта, Аляксандар Лукашэнка ўзмацніў свае пазыцыі ў змаганьні зь Вярхоўным Саветам, які адзіны стрымліваў ягоныя аўтарытарныя амбіцыі. Мечыслаў Грыб згадвае:

(Грыб: ) “Гэта трымалася, як пагроза. Але ён наўпрост яе ня выканаў, а дзейнічаў інакш. Перацягваў дэпутатаў на свой бок, асабліва тых, хто працаваў у дзяржаўных структурах, частку запалохваў. Рабіў усё, каб Вярхоўны Савет 12 скліканьня стаў непрацаздольным і неправаздольным. Я гэта зьведаў на сабе, у тым ліку, як нам зарплату не плацілі. А потым тая ж адпрацаваная сыстэма была накладзеная на Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Ён зайшоў зь іншага боку і разагнаў гэты парлямэнт”.

На рэфэрэндуме 1995 году большасьць беларусаў вітала цесную інтэграцыю з Расеяй. Пэўнай перамогай расейскіх пазыцыяў у Беларусі лічыць Мечыслаў Грыб і тое, што людзі выказаліся за дзяржаўнасьць расейскай мовы, і гэта прывяло да заняпаду роднай мовы. Аднак дэпутат тагачаснага парлямэнту, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што ў выніку адбылася пэўная згода, якая дапамагла замацаваць беларускую незалежнасьць.

(Трусаў: ) “Гэта была гульня — танныя газ і нафту абменьвалі на мову і сымболіку. Яе палітычная мэта — паказаць цемрашалам з Расеі, што мы ўсе “истинно русские” і ніякага нацыяналізму тут ня будзе, а вы за гэта дайце нам танную нафту і газ. Што і здарылася. А гэтыя танныя нафта і газ умацавалі нашую незалежнасьць. І сам факт, што праспэкт Скарыны мяняюць усё ж такі на праспэкт Незалежнасьці, гаворыць пра тое, што Расеі тут нічога ня сьвеціць”.

Пры гэтым Алег Трусаў прызнае, што нэгатыўным вынікам рэфэрэндуму стала фактычная перавага расейскай мовы над беларускай. Паводле спадара Трусава, за сапраўдную роўнасьць беларускай мовы з расейскай яшчэ трэба шмат змагацца.

Гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Валянцін Голубеў, ацэньваючы рэфэрэндум 1995 году, найперш адзначае ягоныя адмоўныя наступствы. Валянцін Голубеў лічыць, што адмова ад нацыянальнай дзяржаўнай сымболікі ня ў лепшы бок зьмяніла сьвядомасьць грамадзтва.

(Голубеў: ) “Я памятаю, як гэта адбывалася. Леанід Сініцын, прыйшоўшы зь юбілею ўладыкі Філарэта, сказаў, што толькі што ў добрым настроі яны селі за кампутар і зрабілі новы сьцяг і герб, які будуць выносіць на рэфэрэндум. Што яны трошкі перавярнулі арнамэнт і Рэспубліку Беларусь прыляпілі на зямны шар. Вось так група нейкіх людзей зьмяніла сымболіку. А сымболіка — рэч вельмі важная. Я не магу не прызнаць, што і пры Лукашэнку адбывалася ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці. Шмат маладых людзей сёньня лічаць нацыянальным сьцягам сучасны сьцяг, бо ён адрозьніваецца ад польскага, літоўскага, расейскага ці ўкраінскага, але сапраўдныя нацыянальныя карані праз гэтую сымболіку губляюцца”.

Іван Ціцянкоў у часе рэфэрэндуму ўзначальваў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта і асабіста здымаў бел-чырвона-белы сьцяг з будынку парлямэнту. Ёсьць відэахроніка, на якой Іван Ціцянкоў ставіць росьпісы на кавалках гэтага сьцяга. Калі я датэлефанаваўся да Івана Ціцянкова ў Маскву, дзе ён цяпер жыве, былы кіраўнік справаў спачатку адмовіўся згадваць пра падзеі 1995 году, спаслаўшыся на тое, што даўно адышоў ад палітыкі ў Беларусі. Аднак потым кароткая размова атрымалася. Іван Ціцянкоў рашуча аспрэчыў тое, што ён рваў гістарычны сьцяг.

(Ціцянкоў: ) “Пра што вы кажаце ? Я яго здымаў па камандзе. Там прысутнічала чалавек сем, потым была крымінальная справа, і я гэта даказаў. А шматкі, якія рэзаў… якія рэзалі хлопцы, а я подпісы ставіў, яны ва ўсіх былі як сувэніры. Як сыходзіў, я пакінуў свой кавалак у кабінэце. Гэта на памяць рабілася, а потым усё прадставілі, нібыта я быў вораг усяго гэтага”.

Іван Ціцянкоў заявіў Радыё Свабода, што не шкадуе пра зробленае ў 1995 годзе, што рэфэрэндум быў “правільны”, але ён ня ўсё падтрымлівае ў сучаснай Беларусі.

(Ціцянкоў: ) “У мяне галоўнае пажаданьне, каб беларускі народ жыў лепш”.

(Карэспандэнт: ) “А вы лічыце, ён не жыве добра?”

(Ціцянкоў: ) “Думаю, не.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG