Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нароўлі высяляюць неплацельшчыкаў камунальных паслугаў


Казімер Яноўскі, Нароўля У заражанай радыяцыяй Нароўлі мясцовыя ўлады распачалі змаганьне зь неплацельшчыкамі за камунальныя паслугі. У раённы суд пададзены дзясяткі пазоваў на прымусовае спагнаньне доўгу. Многім жыхарам адключылі ваду. Некаторыя людзі з добраўпарадкаванага жытла пераселены ў “маласямейкі”.

Паводле зьвестак жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Нароўля”, больш як 800 жыхароў райцэнтру маюць цяпер запазычанасьць за карыстаньне жытлом ды камунальнымі паслугамі. Ня выплачана агулам 126 мільёнаў рублёў. Гаворыць кіраўнік юрыдычнай службы камунальнага прадпрыемства Галіна Сергіенка:

(Сергіенка: ) “36 пазоваў мы афіцыйна падалі ў суд на спагнаньне даўгоў за квартплату. Сем пазоваў падрыхтавана ў мяне на высяленьне. Чатыры нашыя пазовы на высяленьне ўжо задаволілі сёлета”.

Гутару з пэнсіянэркай Вольгай Спаскай. Рашэньнем суду за няўплату яе з дачкой-інвалідам з кватэры ў катэджы на вуліцы Мэліяратараў перасяляюць у камунальную аднапакаёўку на вуліцу Корзуна. Спадарыня Спаская ўжо пакавала клункі:

(Спаская: ) “Хата ў мяне непаганая, цёпленька тут. Але цяжка адной. Сто зь лішкам тысяч плаціць за кватэру — пэнсіі не хапае. Газ пакуль не адключылі, а вады ў мяне даўно няма. Тры гады, як ваду адключылі. Цяжка! Пэнсію атрымаю і буду пераяжджаць”.

Асноўныя неплацельшчыкі ў Нароўлі — жыхары так званых “чарнобыльскіх дамоў”, перасяленцы з заражаных радыяцыяй вёсак, а таксама адзінокія пэнсіянэры і беспрацоўныя. Адзін зь іх, Мікалай Аўраменка, жыхар дому №10, што на вуліцы Макаранкі. Ягоны доўг за аднапакаёвую кватэру перавысіў паўмільёна рублёў:

(Аўраменка: ) “Няма грошай! Цяпер я не працую. У мяне са здароўем праблема. Адпаведнай працы знайсьці не магу. У мінулым годзе на пошце працаваў качагарам. Чыстымі атрымліваў 95 тысяч рублёў. Гэтых грошай ня тое што на адзеньне, на ежу не хапала”.

Зь ім жывуць ягоная грамадзянская жонка, таксама беспрацоўная, і падчарка-школьніца. Амаль два гады таму ў кватэры Мікалая Аўраменкі адключылі ваду:

(Аўраменка: ) “Я хаджу па Нароўлі, каб вядро вады прынесьці. Прыходзіцца ісьці на вуліцу Гагарына да калёнкі, шукаць, у каго ёсьць калодзеж. Калёнка раней была на стадыёне. Нармальна было. І бялізну бралі памыць. Так і жывём”.

Сярод неплацельшчыкаў багата і тых хто працуе, але мае мізэрныя заробкі.

(Шугай: ) “Квартплата зімою 120 тысяч, а заробак — 150. Як выплачваць і як жыць зь дзецьмі?” — пытаецца санітарка раённага шпіталю, маці траіх дзяцей Сьвятлана Шугай.

Жыхары Нароўлі абураюцца высокімі камунальнымі плацяжамі, адсутнасьцю гарачай вады.

(Жанчына: ) “Усё людзі, усе жыхары мікрараёну незадаволены. Кацельня ў нас працуе на дровах, а бяруць як за газ. Вада гарачая ў нас бывае толькі на сьвяты і ў выходны дзень. І то яна ненармалёвая, летняя. Ацяпленьне вельмі дарагое. Грошы на капрамонт невядома куды ідуць. Вываз бытавога сьмецьця 12 тысяч каштуе. Што гэта за вываз такі?” — пытаецца жыхарка мікрараёну №4 Нароўлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG