Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле адчынілася выстава твораў “быкаўскага” пленэру


Валянціна Аксак, Менск У Дольнай залі менскага касьцёлу сьвятых Сымона і Алены адчыняецца выстава мастакоў творчае суполкі “Пагоня”. Яе экспазыцыю склалі творы, над якімі мастакі працавалі ў часе леташняга пленэру на Вушаччыне, радзіме Васіля Быкава, які быў прысьвечаны 80-годзьдзю народнага пісьменьніка.

Аляксей і Ігар Марачкіны, Эдуард Агуновіч, Алесь Шатэрнік, Уладзімер Сулкоўскі, Алена Шарыпа, Ілона Барадуліна, Яўген Шатохін, Генадзь Драздоў…На выставе экспануюцца творы 25 удзельнікаў пленэру, які ладзіўся летась 5—13 жніўня ў вёсцы Бычкі і яе ваколіцах на Вушаччыне. Быкаўскія мясьціны натхнілі нават тых, чыя муза звыклася да фотаапарата ці пяра. Вось што сказаў нашаму радыё вядомы фотамастак і паэт Георгі Ліхтаровіч:

(Ліхтаровіч: ) “Пленэр — гэта наша ўдзячнасьць Васілю Быкаву за яго цудоўнае слова, за любоў да роднай зямлі, да нашай спадчыны, да нашай спадчыны. І гэта нашая сучаснасьць, якую мы павінны захаваць”.

На празрыстых краявідах спадара Ліхтаровіча сёньня ў экспазыцыі гледачы ўбачаць зруйнаваны касьцёл у вёсцы Селішчы, закінутую студню на месцы колішняга хутару, заімшэлыя прыдарожныя камяні і іншыя знакі мінулага часу з быкаўскіх ваколіцаў.

Там жа, на радзіме пісьменьніка, ля адноўленай хаты бацькоў Васіля Быкава і была зладжаная першая выстава твораў удзельнікаў пленэру. Мясцовыя жыхары, яе наведнікі, пазналі на палотнах сябе і родныя краявіды, з увагай слухалі выступы многіх вядомых дзеячаў культуры, якія адмыслова прыехалі ў Бычкі. Сябра Быкава паэт Рыгор Барадулін прачытаў верш “Васілёва зорка”, які ён сёньня таксама паўтарыў на адкрыцьці менскае выставы:

(Барадулін: ) “Зьбегшы з палыновага пагорка, Сьцежка ў сьвет Прарока павяла. Над Бычкамі Васілёва зорка Не шкадуе, як і ён, сьвятла. Векавечным словам Васіля Ясьніцца крывіцкая зямля”.

Наступная выстава з “быкаўскага” пленэру адбылася неўзабаве таксама на Віцебшчыне ў горадзе Наваполацку. А вось у самім Віцебску ўлады запатрабавалі зьняць з экспазыцыі партрэт Васіля Быкава, напісаны мастаком Алесем Пушкіным. І тады астатнія аўтары вырашылі на знак салідарнасьці свае творы таксама зьняць з выставы. Скандал меў розгалас і спрычыніўся да таго, што ў Менску арганізатары доўга не маглі знайсьці памяшканьня, каб сталічныя гледачы пабачылі радзіму Быкава вачыма мастакоў. Сёньня ў Дольнай залі касьцёлу сьвятых Сымона і Алены “крамольны” твор Алеся Пушкіна зноў зьмешчаны ў экспазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG