Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьмерці Мулявіна ў "Песьнярах" адны скандалы


Ігар Карней, Менск 14 траўня 2002 году трапіў у аўтааварыю адзін з найбольш вядомых беларускіх музыкаў, лідэр ансамблю “Песьняры” Ўладзімер Мулявін. Артыст вяртаўся з лецішча і недалёка ад Менску на трасе Заслаўе-Калодзішчы “мэрсэдэс” Мулявіна ня ўклаўся ў паварот, машына на вялікай хуткасьці выехала на сустрэчную паласу і адляцела ў кувет, дзе сутыкнулася з дрэвам і перакулілася. Восем наступных месяцаў Мулявін адпакутаваў у шпіталях. Экспэрты кажуць, што з тае пары пачаўся і самы сур’ёзны крызыс у саміх “Песьнярах”.

Ужо пасьля сьмерці ў студзені 2003 году Ўладзімера Мулявіна знаўцы і прыхільнікі творчасьці ансамблю амаль зьмірыліся зь непазьбежнасьцю зыходу “Песьняроў” у гісторыю. Гэтак жа, як ніхто ня мог сабе ўявіць без Джона Ленана “Бітлз”, не ўкладаліся ў розуме “Песьняры” без Мулявіна. Але чыноўнікі вырашылі інакш: ансамбаль можа існаваць і без яго. Адзін з удзельнікаў першага складу “Песьняроў” Уладзіслаў Місевіч кажа, што ўгаварылі нават Аляксандра Лукашэнку, які да таго асабіста апекаваў славуты дзяржаўны калектыў. Але, паводле Місевіча, найбольшай памылкай было прызначэньне дырэктарам адразу Валерыя Скаражонка, а нядаўна – Вячаслава Шарапава.

(Місевіч: ) “Лукашэнку ўгаворвалі, як я ведаю, на гэты конт. Ён хацеў, каб гэтую арганізацыю пасьля сьмерці Мулявіна зачынілі – гэта ж бюджэтная арганізацыя; ён быў супраціўнікам працягу яе існаваньня. Яго пераканалі. Ну, і натуральна, вынік – і творчы, і любы астатні. Спадзяваньні, на мой погляд, не апраўдваюцца да гэтага дня”.

У дзяржаўным ансамблі “Песьняры” пэсымізм былых калегаў не падзяляюць. Не засмучае новага дырэктара ансамблю і тое, што колькасьць “Песьняроў” рознага кшталту імкліва расьце, і цяпер найменей пяць ансамбляў паралельнымі маршрутамі гастралююць па Беларусі, Расеі ды Ўкраіне. А нядаўна ў Маскве зарэгістраваны прадусарскі цэнтар “Песьняры”, куды запрошаны адзін зь першых музыкаў “Песьняроў” Аляксандар Дзямешка. Але спадара Шарапава колькасьць не засмучае, а з маскоўскімі “Песьнярамі” менчукі ўвогуле сябруюць, так бы мовіць, “сем’ямі”.

(Шарапаў: ) “Калектываў можа быць шмат. У нас Цэнтар мастацтва імя Мулявіна адчыніўся. Можа і ён крочыць за межы Беларусі, усё гэта можна разглядаць. Пакуль ўсё ў стадыі праектаў, але самае галоўнае, што ёсьць зрухі ў гэтых адносінах”.

Крытыкі адзначаюць, што калі чымсьці “Песьняры” пасьля страты свайго ідэйнага лідэра, Уладзімера Мулявіна, і адзначыліся, дык гэта колькасьцю скандалаў. Самы сьвежы прыклад – паведамленьні пра нібыта арышт напярэдадні 9 траўня экс-дырэктара калектыву Валерыя Скаражонка за “фінансавыя растраты”. Сам Скаражонак апошнімі днямі на тэлефанаваньні адказваў дзяжурна.

(Скаражонак: ) “Я ўжо зразумеў…Людзі сёньня зьдзіўляюцца: вы ж выступалі на сьвяце 9 траўня? Як так можа быць? Адказваю – усё ў парадку, якія праблемы? Я, у першую чаргу, артыст, і ім застаюся…”.

“Песьняроўскім” брэндам удала карыстаюцца дзясяткі людзей, якія хоць нейкі час працавалі ў славутым калектыве. Ігар Сьвечкін, які быў дырэктарам ансамбля яшчэ пры Мулявіне, пасьля шумнага разводу з камандай Скаражонка-Шарапава працягвае сачыць за тым, што адбываецца пад дахам афіцыйных “Песьняроў”. Сам жа Сьвечкін з камандай музыкаў езьдзіць з канцэртамі.

(Сьвечкін: ) “Чаму зараз прызначаны на пасаду “мастацкі кіраўнік-дырэктар” Шарапаў? Прыкра казаць такія словы (я ўсё ж столькі гадоў аддаў “Песьнярам”, практычна траціну жыцьця), але ўзяць і прызначыць Шарапава? Чалавека, які ўвогуле ніякага паняцьця ў гэтым ня мае! Неаднаразова мы са Славам на гэтую тэму размаўлялі, бяз сэнсу. Мне расказвалі, што, у прынцыпе, хацелі на гэтую пасаду кінуць чыноўніка з міністэрства культуры, але проста ніхто ня хоча ісьці. Усё развалена!..”.

Фармальна пакуль што бяз справы застаецца адзін з найбольш пазнавальных сьпевакоў групы, Лявон Барткевіч. Пасьля зыходу зь дзяржаўных “Песьняроў”, Барткевіч выправіўся ў Маскву, аднак у расейскім “клёне” месца для яго не знайшлося. Маскоўскі крытык Анатоль Вайцэнфэльд кажа, што цяпер Лявон Барткевіч увогуле патрапіў у дзіўную сытуацыю: ён ня мае права карыстацца “песьняроўскім” брэндам ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Спадар Вайцэнфэльд дае і сваю ацэнку ўтварэньню чарговых “Песьняроў” у Маскве.

(Вайцэнфэльд: ) “Гаворка пра тое, што яны пазбаўляюць Барткевіча права карыстацца гэтай назвай. Права на назву на тэрыторыі Расеі паводле патэнту ў грамадзяніна Расеі Кір’янава, і калі Кір’янаў не дае Барткевічу дазволу, Барткевіч застаецца “па-за законам”... А ўвогуле атрымліваецца сьмешна: ні да Мулявіна, ні да тых людзей, якія гэта ўсё арганізавалі ў 1969 годзе, увесь гэты праект ніякага дачыненьня ня мае, за выключэньнем Дзямешкі можа, так бы мовіць рытуальнай фігуры, аднаго з заснавальнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG