Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дайце слова чалавеку, ён даўно ўжо стаіць у заднім праходзе"


Уладзімер Глод, Менск 15 гадоў таму, 15 траўня 1990 году дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня сабраліся на сваё першае паседжаньне. Можна лічыць, што менавіта з гэтага дня пачалася гісторыя самага дэмакратычнага парлямэнту Беларусі. Менавіта той Вярхоўны Савет адкрыў для ўсёй краіны Станіслава Шушкевіча і Зянона Пазьняка, Віктара Ганчара і Генадзя Карпенку, Сяргея Антончыка і Аляксандра Лукашэнку...

У маім асабістым архіве знаходзіцца пасьведчаньне за №1 аб акрэдытацыі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня. І першае яго паседжаньне добра памятаю. Канешне, гэта быў незвычайны дзень, таму што і жыцьцё тады было абсалютна новае -- пачала хістацца камуністычная сыстэма, якая здавалася неразбуральнай. Людзі адкрыта спрачаліся, абмяркоўвалі раней забароненыя тэмы... Фактычна ўся краіна жыла прадчуваньнем зменаў. І тады дэпутатаў упершыню абіралі больш-менш дэмакратычна.

Але камуністычная ўлада пачала рыхтаваць дэпутатаў да працы яшчэ пасьля першага туру: праводзіліся сустрэчы, сэмінары. А напярэдадні першага паседжаньня зацьвердзілі вынікі другога туру выбараў, і ў Авальную залю прыйшлі новыя парлямэнтары -- узрушаныя, з моцным жаданьнем будаваць новае жыцьцё. І ўлады разгубіліся. Добра памятаю, як цяпер ужо нябожчык, тагачасны старшыня Цэнтарвыбаркаму Міхаіл Лагір пачынаў паседжаньне. Апаратчыкі, зразумела, напісалі яму адпаведны сцэнар, дзе ў кожным пытаньні прадугледжвалася аднагалоснае адабрэньне. Аднак дэмакратычныя дэпутаты адразу вырашылі працаваць па-новаму, і спадар Лагір, які дагэтуль ніколі не сустракаўся з апазыцыяй, настолькі разгубіўся, што папрасіў вызваліць яго ад далейшага вядзеньня сэсіі.

Вярхоўны Савет 12 скліканьня можна назваць самым дэмакратычным парлямэнтам Беларусі. Ён адкрыў вочы людзям, паказаў, што можа быць прынцыпова новая ўлада. Літаральна з першых дзён сэсіі людзі пабачылі інтэлектуальную немач шэрагу сябраў бюро ЦК КПБ, іхняе няўменьне гаварыць і мысьліць. Пра Лагіра я ўжо ўзгадваў, пра Дземянцея, які быў першым старшынём Вярхоўнага Савету, сталі складаць анэкдоты. А з другога боку, менавіта Вярхоўны Савет адкрыў процьму таленавітых палітыкаў Беларусі. Здаецца, ніколі больш улада ў Беларусі не была такой адкрытай, як тады. А тое, што канкрэтна зрабілі дэпутаты 12 скліканьня, яны ўзгадваюць самі.

(Алег Трусаў:) "Гэты Вярхоўны Савет даў тое, што не даў ніводзін. Ён даў незалежнасьць, сымболіку, заканадаўства, вярнуў у жыцьцё беларускую мову, дапамог чарнобыльцам і г.д. Ягоныя заслугі і ў 21, і ў 25 стагодзьдзі будуць ня раз адзначацца гісторыкамі".

Варта нагадаць, што 78% абраных тады дэпутаў былі камуністамі, астатнія -- беспартыйнымі, паколькі афіцыйна тады іншых партый не існавала, хаця каля 30 дэпутатаў прадстаўлялі БНФ як грамадзкую арганізацыю. Аднак трэба ўлічваць надзвычай актыўныя паводзіны дэмакратычных дэпутатаў. Яны, калі казаць бюракратычнай мовай, шмат працавалі з калегамі, пераконвалі іх у неабходнасьці зьменаў. І вось як тлумачыць паводзіны "чырвонага" парлямэнту дэпутат Мечыслаў Грыб:

(Грыб:) "Гісторыя аказалася такой бурлівай, такой імклівай, такой складанай, што нават гэты "чырвоны" па сваёй сутнасьці Вярхоўны Савет змог прыняць цэлы шэраг законаў, заканадаўчых актаў, якімі на сёньня можа ганарыцца беларускі народ. Яны былі людзі разумныя і бачылі суразьмернасьць падзеяў, якія адбываліся ў нас, за нашымі межамі. Гэта ж першы Вярхоўны Савет, які прыняў рашэньне аб нашым нэўтралітэце, які прыняў рашэньне аб вывадзе з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ядзернай зброі!"

Напэўна, адным з самых памятных дзён у дзейнасьці гэтага Вярхоўнага Савету стала прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Я размаўляў учора з добрым тузінам дэпутатаў, і кожны, абсалютна кожны (!) назваў менавіта гэты дзень. Скажу шчыра, чакаў, што Сяргей Антончык назаве галоўным дзень, калі ён выступіў на сэсіі са сваім знакамітым антыкарупцыйным дакладам. Але і для яго сувэрэнітэт -- самае найважнейшае:

(Антончык:) "Самы моцны момант, гэта калі прайграў ГКЧП. Сабраўся Вярхоўны Савет на нечарговае паседжаньне і было прынятае рашэньне аб незалежнасьці Беларусі. Было адчуваньне, што мы доўга ішлі да гэтага. І сувэрэнітэт, і незалежнасьць -- асноўная кропка нашага змаганьня, нашага паходу. Разгубіліся партфункцыянэры. Але гэтая разгубленасьць была толькі адзін дзень. Пасьля яны зноў ачунялі, зноў пачалі спрабаваць узяць сытуацыю ў парлямэнце пад свой кантроль".

Калі ж казаць пра галоўны нэгатыўны момант у гісторыі гэтага парлямэнту скліканьня, то, напэўна, самая прыкрая памылка была зроблена тады, калі Вярхоўны Савет не захацеў правесьці рэфэрэндум, у падтрымку якога Беларускі Народны Фронт сабраў неабходную колькасьць подпісаў. Але ёсьць і іншыя меркаваньні. Мой калега журналіст Мікалай Галко, які таксама стала асьвятляў дзейнасьць парлямэнту, лічыць, што ў Беларусі нельга было наагул уводзіць пасаду прэзыдэнта:

(Галко:) "Самы вялікі мінус у Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, чорная спадчына -- гэта ўвядзеньне прэзыдэнцкай пасады. Тады камуністычная намэнклятура цешылася, забаўлялася. Для іх гэта было гульнёй, нейкай данінай модзе. Яны былі перакананыя, што прэзыдэнтам стане іхны чалавек -- Вячаслаў Кебіч. Лукашэнку тады ніхто не ўспрымаў усур’ёз, ён быў аб''ектам жартаў, кпінаў. Ну але ж, вось, дагуляліся".

Да гэтага трэба дадаць, што дэмакратычная апазыцыя была супраць пераўтварэньня Беларусі з парлямэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку. Памятаю, тады Зянон Пазьняк выступіў з бліскучай прамовай, у якой даводзіў, што краінам, якія ня маюць досьведу жыцьця ў дэмакратычных умовах, вельмі лёгка пад уладай прэзыдэнта стаць таталітарнымі. Так і адбылося насамрэч.

Ну і на заканчэньне некаторыя кпіны і жартачкі з Авальнай залі. Учора ўвечары я знайшоў былога дэпутата Мікалая Крыжаноўскага, які завёў адмысловую кніжачку, куды выпісваў усе пікантныя рэплікі з Авальнай залі.

(Крыжаноўскі:) "Загаловачак такі -- "дземянцейкі": "Пусть говорит первый микрофон", "Прошу сесть назад", "То, что у нас уже было успокоилось, начинает снова подниматься", "Чтобы лучше работали наши внутренние органы, давайте голосовать" (пры абмяркаваньні закону аб міліцыі), "Возле второго микрофона дайте слово человеку, он давно уже стоит в заднем проходе", "Успокойтесь возле шастого микрофона, иначе я назову вашу фамилию, депутат Крыжановский", "Только внимание нас может уводить к движению вперед".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG