Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі прызнала несапраўдным апошні—6-ы зьезд Саюзу палякаў<b/>


Cяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі РБ анулявала вынікі 6-га зьезду грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў на Беларусі”, які адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка сёлета. У ім удзельнічалі 286 дэлегатаў з усяе Беларусі. Старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс гаворыць, што на яе ціснуць, каб яна пакінула пасаду.

На зьезьдзе былі абраны новыя кіроўныя органы і новы старшыня, ім стала Анжаліка Борыс. Кіраўніцтва СПБ пакуль ня мае самога рашэньня міністэрства юстыцыі, а толькі вуснае пацьверджаньне. Але гэтае рашэньне Саюз палякаў мае намер абскардзіць у Вярхоўным судзе Беларусі.

Намесьнік старшыні Саюзу палякаў Юзаф Пажэцкі мне паведаміў, што ў другой палове дня ён патэлефанаваў у міністэрства юстыцыі, і начальнік упраўленьня міністэрства Алег Сьліжэўскі сказаў, што вынікі 6—ага зьезду ануляваныя. Спадар Пажэцкі гаворыць, што такое рашэньне выклікала ў Саюзе палякаў адмоўнае стаўленьне.

(Пажэцкі: ) "Для ўсіх, хто браў удзел у зьедзе, рашэньні, якія прыняты на зьезьдзе па выбарах старшыні, па выбарах галоўнай управы зьяўляюцца законнымі і мы абсалютна нязгодныя на правядзеньне нейкага іншага зьезду, вызначанага праз кагосьці”.

Спадар Пажэцкі мяркуе, што дзеяньні ўладаў можна патлумачыць тым, што дэлегаты зьезду не захацелі абраць на другі тэрмін ранейшага старшыню Саюзу Тадэвуша Кручкоўскага.

(Пажэцкі: ) “Я думаю, каб быў абраны тады Кручкоўскі, не было б ніякіх праблемаў і ніхто ня ставіў бы пад сумнеў рашэньні, прынятыя на 6-м зьезьдзе. Ва ўсіх абласьцях Беларусі вялася работа з боку ўладаў, каб дэлегаты галасавалі менавіта за Кручкоўскага”.

Нагадаю, што на зьезьдзе адбыўся скандал, зьвязаны з Кручкоўскім, і большасьць дэлегатаў пажадала аддаць свае галасы за іншую кандыдатуру. Я быў на зьезьдзе, і мне запомнілася, як там імкнуліся вытрымаць усе патрабаваньні, што датычаць працэдуры правядзеньня такіх мерапрыемстваў.

(Пажэцкі: ) “Мы лічым, што 6-ы зьезд быў падрыхтаваны згодна зь беларускім заканадаўствам і згодна з нашым статутам, якім мы кіруемся”,

Дарэчы, грошы на правядзеньне зьезду выдаткаваў польскі бок, і Юзаф Пажэцкі зазначае, што гэта немалая сума. Зьезд адбываўся два дні, на ім былі 286 дэлегатаў, усім аплацілі дарогу, начлег і харчаваньне.

Днямі Саюз палякаў у Беларусі зьвярнуліся ў Сэйм і міністэрства замежных справаў Польшчы са скаргаю на дзеяньні беларускіх уладаў. Пра гэта паведаміла ўчора кіраўніца Саюзу Анжаліка Борыс.

Паводле яе, у звароце гаворыцца пра перашкоды, якія беларуская ўлада стварае дзейнасьці Саюзу пасьля апошняга зьезду. Спадарыня Борыс паведаміла, што яе неадноўчы выклікалі ў міліцыю, абвінавачваючы ў крадзяжы маёмасьці арганізацыі, кантрольныя інстанцыі на просьбу праваахоўных ворганаў пачалі праверку дзейнасьці арганізацыі, ад Саюзу палякаў патрабуюць інфармацыйных даведак і справаздачаў, якія ніколі раней не патрабаваліся. Анжаліка Борыс таксама заявіла, што рэгулярна атрымлівае ананімныя тэлефоныя званкі з патрабаваньнямі пакінуць пасаду старшыні арганізацыі.

З асуджэньнем рашэньня міністэрства юстыцыі Беларусі скасаваць вынікі апошняга з’езду Саюзу палякаў 13 траўня выступіў Сэнат польскага Сэйму. У заяве Сэнату гаворыцца: “Мы разглядаем пазіцыю міністэрства юстыцыі Беларусі як парушэньне фундамэнтальных правоў нацыянальных меншасьцяў, яно супярэчыць базісным прынцыпам АБСЭ і Рады Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG