Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"І агідна, што сярод нас, заслужаных вэтэранаў, знайшліся тыя, хто за костку, кінутую з гаспадарскага стала, гатовы ўхваліць усякую дурноту. Яны здрадзілі Машэраву, свайму партызанскаму камандзіру!"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 11-га траўня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць на менскі нумар 2903952 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў

(Уладзімер Дарагуш, Чэрвень:) “Шаноўнае спадарства! Указ аб перайменаваньні менскіх праспэктаў успрыняў як жарт. Але тут жа схамянуўся – на вуліцы травень, а ня першае красавіка. Сапраўды сьмешна, калі б не было гэтак сумна.

Ну, дык што, беларусы, спакойна праглынем чарговае самадурнае глупства? Ці можа, нарэшце, пойдзем пратэставаць?

Прыкра, што некаторыя дзеячы прапануюць нам прывыкнуць да новых назваў. І агідна, што сярод нас, заслужаных вэтэранаў, знайшліся тыя, хто за костку, кінутую з гаспадарскага стала, гатовы ўхваліць усякую дурноту. Яны здрадзілі Машэраву, свайму партызанскаму камандзіру! А Пятра Міронавіча трэба паважаць нават і за тое, што ён хадзіў па Беларусі без аховы, без бронекамізэлькі. Людзі яго паважалі, а не баяліся”.

(Спадар:) “Савецкія войскі прышлі ў Германію і ва Ўсходнюю Эўропу не як вызваліцелі, а як захопнікі-заваёўнікі, бо кіраваліся лёзунгам “Кроў за кроў! Сьмерць за сьмерць! Даб’ём фашысцкую гадзіну ва ўласным логаве!”

Вызваліцель – гэта той, хто даруе свабоду ад дыктатуры. А захопнік насаджае сваю дыктатуру альбо дыктатуру сваіх марыянэтак. Так і адбылося ў 45 годзе ў краінах з так званай народнай дэмакратыяй Усходняй Эўропы. Нам працягваюць хлусіць, гледзячы проста ў вочы. Вызваліцелі не павінны займацца расстрэламі, дэпартацыяй народу ў Сыбір на верную сьмерць і хлусьнёй!”

(Генадзь:) “9 мая ў панядзелак Расея сьвяткавала шасьцідзесяцігодзьдзе перамогі над фашызмам. А з 9 на 10 мая ў Падмаскоўі быў зьвершаны фашысцкі акт – абрабавана і спалена сынагога. І ў гэтыя дні дыктатар Лукашэнка ў Беларусі выдае ўказ аб перайменаваньні вуліц: праспэкт Скарыны ў праспэкт Незалежнасьці, а праспэкт Машэрава ў праспэкт Пераможцаў. Гэта ж бандыцкі акт! 30 адсоткаў жыве за рысай жабрацтва, а ён на гэта траціць вялізныя грошы!

Ён паказаў, што ён вораг гісторыі, вораг беларускага народу. І тыя, хто галасаваў за яго ў мінулым годзе на рэфэрэндуме, павінны сядзець побач зь ім на лаве падсудных!”

(Спадар, Гомель:) “Наконт перайменаваньня вуліц у Менску па дэкрэту Лукашэнкі. Вялікі “пераможца” узяўся не за сваю справу. Пачаў ён са зьнішчэньня роднай мовы, культуры, а цяпер узяўся за зьнішчэньне з памяці народу імён сумленных сыноў Беларусі. Ён хоча зьнішчыць усё беларускае. Але, калі людзі паважаюць сябе, яны праігнаруюць гэты дэкрэт і не пабягуць у пашпартныя сталы. Дурноце нельга патураць!”

(Уладзімер:) “Перайменаваньне вуліц сьведчыць аб тым, што ў нас грамадзтва нясьпелае, ня разьвітае. Фактычна няма грамадзянскай супольнасьці, якая б магла аказаць рашучы супраціў, ініцыятыву. А таму, паколькі наша грамадзтва ня здольнае супраціўляцца, то гэта будзе і надалей”.

(Спадарыня:) “Якія ўражаньні засталіся ад сьвята Перамогі? Самыя жудасныя! Плошча Перамогі. Тры вялікія калектывы з Расеі, Украіны, Беларусі сядзяць пад дажджом і ладзяць канцэрт, а людзі сядзяць і мокнуць. Сорамна глядзець на гэта ўсё. Неба плача! А гэтыя людзі вымушаны сядзець, ня могуць нават адчыніць парасоны. Вельмі шкада гэтых людзей!

А яшчэ ўражана перайменаваньнем праспэкту Машэрава ў Пераможцаў. Перамог Лукашэнка. Але людзі, якія засталіся жывымі пасьля перамогі, вымушаны рыцца ў сьметніках, каб сабраць макулятуру і пустыя бутэлькі, каб заплаціць за камунальныя паслугі і нешта зьесьці. Глядзіце, як старыя людзі (не бамжы!) прыходзяць у магазін як на выставу, паглядзяць, палічаць грошы – і дамоў. Лукашэнка не падлічыў, колькі народных сродкаў спатрэбіцца на гэтае перайменаваньне. Калі мае шмат сродкаў, то лепш бы падвысіў значна пэнсію, каб людзі ня плакалі, што ім не вярнулі іхныя зьберажэньня, якія страцілі ў мінулым.

Праспэкт Скарыны павінен застацца. Няўжо яго імя не заслугоўвае ў беларусаў павагі? Колькі можна зьмяняць нашую гісторыю? Няўжо людзі гэта не зразумеюць?”

(Ігнаць:) “Апошнія паводзіны Лукашэнкі, у тым ліку перайменаваньне праспэктаў, падобны паводзінам воўка, абнесеным чырвонымі стужкамі. Сапраўды, яшчэ ня водны постсавецкі кіраўнік не пападаў у такое шчыльнае кола. Але хачу адзначыць. Агароджаны воўк ужо не драпежнік, а заяц. І нам, беларусам, гэта абавязкова патрэбна выкарыстаць!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG