Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна будзе й надалей крытыкаваць Беларусь за парушэньні правоў чалавека й недахоп дэмакратыі


Юры Сьвірко, Кіеў Украінскі міністар замежных справаў Барыс Тарасюк, падсумоўваючы на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі вынікі першых 100 дзён свайго знаходжаньня на пасадзе кіраўніка МЗС, заявіў, што новая палітыка Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі застанецца нязьменнай. Ён таксама пацьвердзіў пляны правесьці новую Ялцінскую канфэрэнцыю, якую прапанаваў склікаць грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі для прасоўваньня дэмакратыі на постсавецкай прасторы. Спадар Тарасюк таксама сказаў, што нічога ня ведае пра мажлівы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў у будучыні.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, калі адбудзецца прапанаваная грузінскім лідэрам Ялцінская канфэрэнцыя й ці будуць там прымаць нейкія рашэньні наконт Беларусі, Барыс Тарасюк заявіў, што час правядзеньня й праблематыку гэтай канфэрэнцыі ён плянуе дэтальна абмеркаваць з міністрам замежных справаў Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў пачатку наступнага тыдня ў Варшаве, дзе пройдзе саміт Рады Эўропы. Пра гэта ён дамовіўся са спадарыняй Зурабішвілі сёньня ў тэлефоннай размове. Паводле спадара Тарасюка, пакуль яшчэ рана гаварыць, якія рашэньні будзе прымаць Ялцінская канфэрэнцыя, аднак яе галоўныя тэмы гэткія: “Стабільнасьць. Дэмакратыя. Разьвіцьцё”.

(Тарасюк: ) “Што датычыць Беларусі, дык, як мы й падкрэсьлівалі, мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы Беларусі, мы не выконваем ролю мэсіі, але як і іншыя дэмакратычныя краіны, найперш краіны Эўрапейскага Зьвязу й Паўночнай Амэрыкі, мы зьвяртаем увагу на невыкананьне забавязаньняў паводле асноўных дакумэнтаў ААН, Рады Эўропы ды АБСЭ. У гэтым нічога дзіўнага няма. Дзіўнай ёсьць толькі рэакцыя на гэтую пазыцыю Ўкраіны, паколькі ніхто не прызвычаіўся да таго, што Ўкраіна ў часы Кучмы кагосьці б крытыкавала за парушэньні правоў чалавека й за неадпаведнасьць дэмакратыі, паколькі самі рабілі гэта ва Ўкраіне”.

Я таксама спытаўся ў міністра замежных справаў Украіны, ці вызначыў афіцыйны Кіеў сваю далейшую палітыку наконт Беларусі й што будзе далей – пасьля галасаваньня Ўкраіны за рэзалюцыю камісіі правоў чалавека ААН з асуджэньнем беларускіх уладаў і скандалу з арыштам 5 украінцаў у Менску. І вось які адказ даў Барыс Тарасюк:

(Тарасюк: ) “Што далей? Далей будуць разьвівацца адносіны паміж Украінай і Беларусьсю, паколькі ўжо гістарычна паміж украінскім і беларускім народамі ўсталяваліся сяброўскія, прыязныя стасункі. У мяне асабіста вельмі шмат сяброў у Беларусі – і сярод апазыцыі, і сярод прадстаўнікоў цяперашняй улады. Так склалася, што шмат гадоў таму мы разам працавалі на дыпляматычнай ніве, і я ведаю гэтых людзей. Мы маем досыць інтэнсіўныя эканамічныя сувязі зь Беларусьсю. Беларусь мае патрэбу ды інтарэсы ва ўкраінскай электраэнэргіі. І гэта тая галіна, якая выклікае інтарэс у беларусаў”.

Міністар Тарасюк дадаў, што Ўкраіна можа шмат пра што дамовіцца зь Беларусьсю, і пра гэта сьведчыць нядаўні візыт беларускага міністра транспарту ў Кіеў, калі абмяркоўвалі супольныя транспартныя праекты.

(Тарасюк: ) “Эканамічнае супрацоўніцтва будзе працягвацца, і ў гэтым не павінна быць ніякага сумневу. А што тычыцца нашага стаўленьня да пытаньняў дэмакратыі, асноўных правоў і свабодаў чалавека, дык яно таксама будзе такім, якім яно абвешчана. Іншай палітыкі ня можа быць, паколькі новая ўлада паўстала на хвалі барацьбы за дэмакратыю. Сьцьвярджаючы дэмакратыю ў сябе, унутры краіны, мы ня можам маўчаць адносна парушэньняў дэмакратыі дзе б тое ні было”.

На маё пытаньне, ці варта цяпер чакаць найбліжэйшым часам візыту ў Кіеў Аляксандра Лукашэнкі, які за ўвесь час свайго прэзыдэнцтва ніколі ня быў з афіцыйным візытам у суседніх зь Беларусьсю Латвіі, Літве ды Польшчы, і ці могуць прыехаць ва Ўкраіну, напрыклад, на адпачынак у Крым, беларускі міністар унутраных справаў або старшыня Цэнтарвыбаркаму, якім забаронены ўезд ня толькі ў Эўразьвяз, але й ў Баўгарыю, Румынію, Турэччыну, міністар замежных справаў Украіны адказаў гэтак:

(Тарасюк: ) “Мне невядома пра намеры беларускага боку зьдзяйсьняць такія візыты”.

Карэспандэнт агенцтва “Украінскія навіны” папрасіў Барыса Тарасюка пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў у Маскве Віктару Юшчанку, што нічога ня ведаў аб затрыманых у Менску ўкраінцах.

(Тарасюк: ) “Мне не выпадае неяк даваць ацэнку прэзыдэнту, які ня ведае пра найбольш рэзанансную падзею, якая адбылася ў ягонай дзяржаве. Я проста не лічу сур’ёзным камэнтаваць тое, што прэзыдэнт Лукашэнка ня ведаў пра 5 украінскіх грамадзян”.

Нагадаю, што гэтыя пяцёра сяброў украінскага “Нацыянальнага альянсу” напярэдадні заявілі, што хочуць сустрэцца з Барысам Тарасюком і абмеркаваць зь ім шляхі скасаваньня для іх 5-гадовай забароны на ўезд у Беларусь. А іншыя сябры гэтай арганізацыі зноў зьбіраюцца ў Менск. Пра гэта журналісты спыталі самога спадара Тарасюка, і вось што ён адказаў:

(Тарасюк: ) “Ваша пытаньне прымусіла мяне да таго, каб, відавочна, ініцыяваць сустрэчу з прадстаўнікамі “Нацыянальнага альянсу”. Я б хацеў зь імі сустрэцца й паразмаўляць, каб высьветліць, якая мэта іхняга пратэсту. Той пратэст, у якім яны бралі ўдзел, зразумелы ўсім. Тут трэба ведаць матывацыю. Я гэтым займуся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG