КАБУЛ. У горадзе Джэлалабад, на ўсходзе Аўганістану паліцыя сілай разагнала ўдзельнікаў беспарадкаў – забітыя два чалавекі, каля 50 параненыя. Хваляваньні пачаліся ў аўторак, пасьля паведамленьняў пра выпадкі, калі амэрыканскія сьледчыя зьневажалі Каран ў часе допытаў на базе ў Гуантанама. З гэтай нагоды прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай заявіў:
(Карзай) “Гэта не выступ супраць ЗША. Гэта акцыя пратэсту супраць тых, хто абняславіў сьвятую кнігу Каран. Мы бачым, што Аўганістан гэта дэмакратычная дзяржава – людзі могуць выйсьці на вуліцы і выказаць сваю нязгоду”.
Заявіў Карзай, але адначасова адзначыў, што ў краіне пакуль ня створаныя інстытуты, якія павінны належным чынам вырашаць такія сытуацыі.
Адначасова генэральны сакратар НАТА Яаап Дэ Хооп Схэфэр заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі пра пашырэньне місіі НАТА ў Аўганістане.
(Схэфэр) “Мы пашыраем місію на заходзе краіны ў правінцыі Герат і суседніх зь ёй правінцыях. Мы рыхтуемся таксама да трэцяга этапу новай дысьлякацыі міратворцаў у Аўганістане – на поўдні, у Кандагары. А пазьней, хутчэй за ўсё, войскі будуць разьмешчаныя і ў паўднёва-усходняй частцы краіны”