Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі “Нацыянальны альянс” абяцае стварыць “Балта-Чарнаморскую вэртыкаль” грамадзкіх рухаў за дэмакратыю


Юры Сьвірко, Кіеў Акрамя гэтага, у Кіеве будзе працаваць украінска-беларускі цэнтар супрацоўніцтва патрыятычных моладзевых арганізацыяў. Лідэр “Альянсу” Ігар Гузь заявіў, што Аляксандар Лукашэнка хлусіў ўкраінскаму прэзыдэнту Віктару Юшчанку, калі казаў, што ня ведаў пра затрыманьне ўкраінцаў у Менску.

5 сяброў “Нацыянальнага альянсу”, якія адбылі адміністрацыйны арышт у Менску і былі дэпартаваныя зь Беларусі, заявілі на кіеўскай прэсавай канфэрэнцыі, што будуць патрабаваць скасаваньня забароны на ўезд у Беларусь. Лідэр арганізацыі Ігар Гузь паведаміў, што на гэтым тыдні плянуе сустрэцца зь міністрам замежных справаў Украіны Барысам Тарасюком, каб падзякаваць яму за прынцыповую пазыцыю МЗС падчас арышту ды абмеркаваць шляхі скасаваньня 5-гадовай забароны на ўезд у Беларусь для 5 актывістаў “Нацыянальнага альянсу”.

Спадар Гузь таксама заявіў, што Аляксандар Лукашэнка схлусіў Віктару Юшчанку наконт сваёй недасьведчанасьці ў справе затрыманьня ўкраінцаў у Менску. Камэнтуючы заяву спадара Юшчанкі пасьля маскоўскай сустрэчы з Лукашэнкам пра тое, што “старонка перагорнутая й пытаньне зьнятая з парадку дня”, Ігар Гузь сказаў:

(Гузь: ) “Ведаеце, я пагаджаюся зь Юшчанкам: старонка перагорнутая. Але будзе наступная паездка, наступны ўдзел украінцаў. Калі беларуская ўлада паўторыць свае дзеяньні, я думаю, гэтая старонка будзе вечна адкрытая. І закрыецца гэтая кніжка толькі тады – будзем казаць глябальна - калі дыктатуры Аляксандра Рыгоравіча ў Беларусі ня будзе”.

Спадар Гузь дадаў, што найбліжэйшым часам будзе створаны украінска-беларускі цэнтар супрацоўніцтва патрыятычных моладзевых арганізацыяў, які будзе арганізоўваць вучобу беларускай апазыцыйнай моладзі й лабіяваць тое, каб украінскія ВНУ забясьпечвалі месцы для маладых беларусаў, якіх рэпрэсуюць у Беларусі. Таксама ёсьць плян стварыць беларуска-ўкраінскі інфармацыйны сайт.

Апрача паездкі іншых сяброў “Нацыянальнага альянсу” ў Беларусь, у сярэдзіне траўня ў Польшчы будзе падпісанае пагадненьне гэтай арганізацыі зь беларускім “Маладым фронтам” і польскімі працэнтрыстамі. Зараз працягваюцца кантакты дэпартаваных украінцаў з расейскай арганізацыяй “Абарона”, сябры якой сядзелі ў суседняй зь імі менскай камэры. Ігар Гузь заявіў, што да канца году будзе створаная “Балта-Чарнаморская вэртыкаль” грамадзкіх рухаў за дэмакратыю, якая аб’яднае моладзь краін Балтыі, Беларусі, Украіны й Малдовы.

На пытаньне Радыё Свабода, ці будзе “Нацыянальны альянс” у будучыні яшчэ пікетаваць беларускую амбасаду ў Кіеве, спадар Гузь адказаў:

(Гузь: ) “Калі будуць цікавыя падзеі – зноў нашыя калегі паедуць у канцы траўня ды іх затрымаюць, - мы заўсёды радыя, гэтая пляцоўка перад амбасадай заўсёды вольная. Яна нам спадабалася, там сябры нашай арганізацыі не адну раніцу сустракалі ў намётах і спальніках. Гэтае месца нам даспадобы, і да таго часу, пакуль дыктатура будзе там квітнець, гэтае месца будзе арандавацца рознымі моладзевымі арганізацыямі й палітычнымі партыямі на пэўны прамежак часу”.

Ігар Гузь таксама паведаміў, што ва Ўкраіну найбліжэйшым часам прыедзе сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, які таксама адседзеў тэрмін адміністрацыйнага арышту за “Чарнобыльскі шлях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG