Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня справа прэзыдэнта займацца перайменаваньнем вуліц


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 10-га траўня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць на менскі нумар 2903952 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

(Спадар:) “ Я нарадзіўся тут. І надта абураны, што цяперашняя ўлада зьмяніла назвы вуліц. Хачу давесьці гэтым невукам пра асобу Дразда, імя якога таксама страціла вуліца.

Гэты чалавек страціў жыцьцё, ён забіты фашыстамі разам з жонкай і ўласнай дачкой за ўдзел у ліквідацыі гаўляйтара Кубэ. Хай будзе сорамна цяперашнім невукам, якія хочуць прыватызаваць волю, здабытую нашымі бацькамі. Ганьба Лукашэнку!”

(Ільля Копыл:) “Перайменавньне вуліц – справа дапушчальная, але для гэтага трэба важкая падстава, напрыклад, вуліцы, якія носяць імёны катаў, як Леніна, Калініна ды іншыя. Што тычыцца праспэкту Францішыка Скарыны, то гэта гістарычная асоба для Беларусі, самая значная за ўсё 20-е стагодзьдзе. Антыбеларуская ўлада проста глуміцца над нашай гісторыяй. Пакуль гэтая купка людзей пануе ў нашай краіне, яна можа яшчэ шмат наламаць дроў. Каб яе прыпыніць патрэбен усенародны пратэст. Але аб гэтым можна толькі марыць. Раніцай у нядзелю людзі прачнуліся на новых вуліцах. Як бы нам у якую-небудзь раніцу не прачнуцца ў складзе Расейскай Імпэрыі! Усё да гэтага ідзе”.

(Клепікава:) “Паважаня Свабода! Наступіла жалобная дата – шасьцігодзьдзе са дня зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Бяз сьлёз не магу глядзець на партрэты Захаранкі і Васіля Быкава, якія выразала з “Народнай волі” і захавала. Гэта былі верныя сыны сваёй Бацькаўшчыны, свайго народу, але не ўлады. Як цяпер бачу Захаранку ў мэтро пасьля мітынгу са сваёй дачкой, мужнага, прыстойнага”.

(Міхаіл:) “Я прысутнічаў на парадзе, які быў прысьвечаны 60-годзьдю вялікай перамогі і там я даведаўся, што праспэкт Машэрава хочуць перайменаваць у праспэкт Пераможцаў. Я думаю, што гэта ня верна, бо ён ператворыцца ў нейкі глухмень”.

(Мікола Саскевіч:) “Нахабны беларускі дыктатар па ўказцы расейскага КДБ паступова робіць нашую краіну безаблічнай, бязроднай. Гэта тычыцца ўсіх гэтых перайменаваньняў і ўсяго астатняга. Дыктатар хоча паказаць народу: што хачу, тое і варачу. Імёны нашых вядомых беларускіх, паважаных народам людзей дыктатар вырашаў захаваць куды-небудзь далей. Мяне зьдзіўляе тое, што ніхто з нашай інтэлігенцыі не выказаўся супраць гэтых перайменаваньняў!”

(Сьвятлана:) “Лічу, што перайменаваўшы вуліцы ўлады паступілі правільна. Таму што такое вялікае сьвята 60 год Перамогі. І таму можна зрабіць такі падарунак вэтэранам”.

(Спадар:) “Як вам падабаецца 9 мая ў нашай краіне Беларусь? Ну, поўнае дзярмо! Ня ведаю, як назваць без мацюкоў”.

(Спадар, Мікашэвічы:) “Паважаныя слухачы Радыё Свабода! Віншую вас зь Днём Перамогі! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня:) “Калі радыёслухачы тэлефануюць на беларускую Свабоду, то спадзяюцца, што іх меркаваньні, пратэст пачуе галоўны дыктатар Лукашэнка. Аднак гэтага не адбываецца. Свабода спраўна перадае адмоўную рэакцыю рэжыму. А вы абавязаныя, напрыклад, перадаць у эфір абурэньне слухачоў ганебнымі дзеяньнямі Лукашэнкі адносна замены назвы галоўнага праспэкту Менску і іншае. Гэта голас народу! Таму тэлефанаваць на Свабоду ня мае рэзону. Аналізуючы рэпартажы, раблю вынікі, што Беларуская радыёстанцыя Свабода не выкарыстоўвае сваіх шырокіх магчымасьцяў працы ў вольным сьвеце, каб наблізіць час сыходу зь Беларусі антынароднага дыктатарскага рэжыму.

Чаму пакінуў Свабоду Сяржук Сокалаў-Воюш? Ці ня тая ж прычына?”

(Лявон Цімохін:) “Паважаная рэдакцыя! Дзялюся інфармацыяй наконт карыснасьці перайменаваньня вуліц.

У Маладэчне быў праспэкт Леніна, які мы ў свой час, дэпутаты гарадзкога савету, перайменавалі і назвалі яго Вялікі гасьцінец. І вось нядаўна атрымаў пісьмо з Рыму ад сяброўкі, якая не пазначыла горад, а толькі краіну і вуліцу. Але пісьмо дайшло. Аказваецца, у кампутары міжнароднага саюзу ёсьць усе вуліцы. І Вялікі гасьцінец толькі адзін ва ўсім белым сьвеце.

Праспэктаў Непадлегласьці ці Незалежнасьці, мусіць, шмат. Таму менчукі павінны самі праз дэпутатаў пераймяноўваць свае вуліцы. Але ж дыктатары заўсёды называлі гэтыя вуліцы ў сваю карысьць. Таму трэба, каб больш актыўна працавалі менчукі, а тое нешта яны абрусіліся зусім. І наогул, я б сталіцу перавёў у нейкае іншае месца, дзе людзі больш свабодна ня толькі думаюць, але нешта робяць”.

(Спадар, Гомель:) “Хачу выказацца наконт перайменаваньня вуліц па дэкрэту Лукашэнкі.

Па-першае. Ня справа прэзыдэнта займацца перайменаваньнем вуліц. Назвы праспэкта Скарыны і Машэрава павінны застацца. Скарына – вялікі сын беларускага народу. Ня толькі галоўны праспэкт Менску павінен насіць яго імя, але і помнік яму павінен стаяць на плошчы Незалежнасьці замест помніка Леніну.

Сваё адмоўнае стаўленьне да перайменаваньня вуліц павінен выказаць Менскі гарвыканкам, дэмакратычная інтэлігенцыя краіны і жыхары гораду. Нельга патураць дурноце аднаго чалавека!”

(Спадар:) “Усё меней застаецца гістарычных назваў. Зьмененыя назвы вуліц Старабарысаўскі тракт і Ерусалімская. Прыкра!”

(Паўлюк Русецкі:) “Перайменаваньне вуліц зьяўляецца пацьверджаньнем таго, што дурань нікому ніколі нічога добрага і нават сабе не зрабіў і ня зробіць. Чым даўжэй ён будзе пры ўладзе, тым больш мы пачуем і ўбачым яго дурноты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG