Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш спадзяецца, што Літва паспрыяе, каб наступныя выбары ў Беларусі былі дэмакратычнымі<b/>


Тацяна Поклад, Вільня Амэрыканскі прэзыдэнт у інтэрвію адной з буйнейшых літоўскіх газэт выказаў спадзяваньне, што Літва далучыцца да дзейнасьці дзеля таго, каб заплянаваныя на наступны год выбары ў Беларусі былі дэмакратычнымі і што балтыйскія краіны дапамогуць Беларусі.

Адказваючы на пытаньні літоўскага карэспандэнта напярэдадні ад''езду ў Эўропу, Джордж Буш сказаў, што спадзяецца, што Беларусь стане дэмакратычнай краінай, што Літва у хуткім часе будзе мець бязьвізавы рэжым з ЗША, а Расея зразумее, што заканчэньне Другой сусьветнай вайны не прынесла свабоды краінам Балтыі і Усходняй Эўропы.

Адна з буйнейшых літоўскіх газэт “Kauno dienа” (“Дзень Коўна”) падае вялікае інтэрвію прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, які напярэдадні свайго візыту ў эўрапейскія краіны адказаў на пытаньні спэцыяльнага карэспандэнта гэтай газэты у Вашынгтоне Стасіса Гудавічуса.

Джордж Буш назваў Літву “экспартэрам свабоды” і адзначыў, што “свабода - гэта дэмакратыя”, “свабода азначае тое, што улада не зьяўляецца дыктатурай” і што “свабода азначае адказнасьць людзей жыць дэмакратычна, забясьпечыць справядлівасьць і правы меншасьці, апазыцыі”.

На пытаньне карэспандэнта, ці будзе прэзыдэнт ЗША “пачувацца камфортна, калі у Маскве на Чырвонай плошчы будзе стаяць у адным шэрагу кіраўнікоў краінаў разам з апошнім дыктатарам у Эўропе Аляксандрам Лукашэнкам, таксама побач зь іншымі цяперашнямі і былымі дыктатарамі – Войцехам Ярузэльскім, магчыма, Кім Чэн Ірам?, Дж. Буш адказаў:

“Мяркую, гэтыя людзі выдатна ведаюць, як я ацэньваю любую дыктатуру альбо тыранію. Мы глядзім на гэтую падзею ў Маскве як на адзначэньне канца тыраніі, цалкам усьведамляючы, што краінам Бальтыі і Ўсходняй Эўропы заканчэньне вайны не прынесла поўнага шчасьця й радасьці.”

Працягваючы адказваць на гэтае пытаньне літоўскага карэспандэнта, Буш закрануў тэму Беларусі:

“Сьвет, дзейнічаючы супольна, можа перамагчы тыранію. Я веру, што балтыйскія краіны папрацуюць зь Беларусьсю, дапамогуць ёй. Калі дзяржсакратар Кандаліза Райс прыяжджала да вас (у Літву), яна гаварыла вельмі ясна, што дэмакратыя павінна зьявіцца там, дзе яе ўсё яшчэ няма. Пэўны час таму, калі я быў у Славаччыне, я сустракаўся са змагарамі за свабоду з розных дзяржаваў. Там была і група зь Беларусі. Я сказаў ім, што мы верым, што вы будзеце свабоднымі. І існуюць шляхі дасягнуць гэтага. Літве я удзячны за актыўную ролю у распаўсюду прынцыпаў дэмакратыі і свабоды ў краінах Усходняй Эўропы. Думаю, што Літва будзе імкнуцца далучыцца да таго, каб заплянаваныя на наступны год выбары у Беларусі былі дэмакратычнымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG