Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лейбарысцкая партыя брытанскага прэм’ера Тоні Блэра атрымала гістарычную перамогу ў парлямэнцкіх выбарах.


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Блэр першы лідэр лейбарыстаў, які выйграў выбары тры разы запар. Гэтым разам, аднак, лейбарысцкая большасьць у парлямэнце ня будзе такой значнай, бо партыі Блэра перашкодзіў удзел Вялікай Брытаніі ў ірацкай кампаніі.

У выбарчай акрузе, дзе балятаваўся ў парлямэнт Тоні Блэр, віталі вынікі выбараў – прэм’ер захаваў сваё месца ў парлямэнце. Да таго часу ўжо было абсалютна зразумела, што Лейбарысцкая партыя выйграла выбары, хаця й не з такой перавагай, як раней.

(Блэр: ) “Гэта падаецца зразумелым, што брытанцы хацелі, каб лейбарысцкі ўрад застаўся. Мы павінны адказаць на гэта ясна, мудра і з адказнасьцю. Мы павінны пераканацца, што канцэнтруем нашу ўвагу на тым, што важна для людзей. На праблемах, пра якія яны гаварылі на сустрэчах са мной у часе перадвыбарчай кампаніі”.

Брытанскі прэм’ер прызнаў, што ягоная падтрымка апэрацыі ў Іраку была непапулярнай і мела ўплыў на вынікі галасаваньня.

(Блэр: ) “Я ведаю, што Ірак падзяліў нашу краіну, але я ўпэўнены, што цяпер мы ізноў можам аб’яднацца і глядзець у будучыню і там, у Іраку, і тут, у Вялікай Брытаніі”.

Лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі – партыі кансэрватараў Джон Говард прызнаў паразу у выбарах, але адзначыў, што ягоная партыя зрабіла значны прагрэс.

(Говард: ) “Для кансэрватыўнай партыі тое, што здарылася ў дзень выбараў гэта вялікі крок да аднаўленьня нашай партыі. Я ганаруся перадвыбарчай кампаніяй, якую мы правялі”.

Спэцыялісты кажуць, што цяпер Тоні Блэру будзе цяжэй весьці сваю палітыку – перавага ў парлямэнце меншая, а да таго ж некаторыя чальцы ягонай уласнай партыі дагэтуль ня могуць дараваць прэм’еру актыўнай падтрымкі ЗША ў Іраку.

Некаторыя глядзяць яшчэ далей і кажуць, што трэба зьмяніць лідэра партыі, каб да наступных выбараў гэта ўжо быў ня Тоні Блэр. Галоўны прэтэндэнт на ягонае месца – цяперашні міністар фінансаў Гордан Браўн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG